30 верасня на экскурсію ў Палац Незалежнасці былі запрошаны работнікі лясной гаспадаркі краіны, задзейнічаныя на ліквідацыі наступстваў ліпеньскай стыхіі. Сярод іх — машыніст лесанарыхтоўчай машыны Пастаўскага лясгаса Віктар Мядзюха.
— Палац Незалежнасці бачыў толькі па тэлевізары ды звонку, бываючы ў Мінску, — расказваў Віктар. — Падчас экскурсіі нас правялі па ўсіх залах. Хадзіў, любаваўся, ганарыўся. Тут адбываюцца важныя падзеі: інаўгурацыя Прэзідэнта, прыём лідараў замежных дзяржаў, навагоднія балі і іншыя. Добра, што дзверы шыкоўнага будынка, які з’яўляецца адным з яркіх сімвалаў беларускай дзяржаўнасці, адчыненыя не толькі для афіцыйных дэлегацый і высокіх гасцей, але і для простых грамадзян, якія кожны на сваім месцы дбаюць пра сённяшні і заўтрашні дзень роднай Беларусі. Я і марыць не мог, што калі-небудзь траплю ў рэзідэнцыю Прэзідэнта. Перад пачаткам экскурсіі нам былі перададзены словы ўдзячнасці кіраўніка дзяржавы за праведзеную работу па ліквідацыі наступстваў стыхіі. Прыемна, што Аляксандр Лукашэнка не толькі трымае на кантролі ход работ, але і цэніць нашу працу. Знаёмства з галоўнай пляцоўкай краіны, дзе прымаюцца самыя важныя дзяржаўныя рашэнні, стане для мяне адной з найбольш запамінальных падзей.
У Пастаўскі лясгас Віктар Мядзюха ўладкаваўся восем гадоў назад. Пачынаў трактарыстам на МТЗ-1221, затым працаваў на рубільнай машыне, амкадоры. Пазней, прайшоўшы навучанне для работы на лесанарыхтоўчай машыне, перасеў на форвардар. Праца нялёгкая, але Віктару падабаецца. З сярэдзіны ліпеня работнікі Пастаўскага лясгаса дапамагаюць сваім калегам са Жлобінскага лясгаса Гомельскай вобласці ліквідаваць наступствы стыхіі, якая 13—14 ліпеня моцна пашкодзіла лясныя насаджэнні. Каб прадухіліць псаванне таварнай драўніны і як мага хутчэй адправіць яе на перапрацоўку, тут шчыруюць аператары харвестараў і форвардараў, трактарысты і вадзіцелі лесавозаў, вальшчыкі лесу, ляснічыя і іх памочнікі, майстры на лесасеках. У іх складзе і Віктар Мядзюха. Са сваім маладым напарнікам Дзмітрыем Партасевічам на форвардары працуюць па зменах: дзень—ноч.
— Мая прафесія звязана з лесам, таму там і праводжу большасць часу, — гаварыў Віктар. — У выхадныя спяшаюся да бацькоў у Гуту. Часам сям’ёй выязджаем у Мінск, іншыя гарады Беларусі. Але там звычайна наведваем тыя месцы, дзе найцікавей дзецям.
У Віктара тры сыны. Дзяніс вучыцца на чацвёртым курсе каледжа інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у Мінску, цяпер праходзіць вытворчую практыку. Ілья — дзевяцікласнік, Цімафей — чацвёртакласнік. Жонка працуе бухгалтарам у райбыткамбінаце. З імі найперш і дзяліўся сваімі ўражаннямі ад экскурсіі.
— Палац Незалежнасці — сапраўдны твор мастацтва, жывое ўвасабленне дасягненняў нашых праектантаў і будаўнікоў, мэбельшчыкаў і дызайнераў! — захапляўся Віктар Мядзюха. — Будынак здзівіў архітэктурнай своеасаблівасцю і гісторыяй стварэння. Кожная зала, кожны куточак напоўненыя ўтульнасцю, адметнай атмасферай, а элементы інтэр’еру расказваюць пра дасягненні краіны. Хацелася б, каб у будучым тут пабывалі і мае сыны.
Анна Анішкевіч
Фота даслаў Віктар Мядзюха