Очередная деревня на маршруте редакционного проек­та «Вёсачка» — Старый Двор

Общество

Крыху гісторыі

Па звестках энцыклапедыі «Гарады і вёскі Беларусі», паселішча вядомае ў канцы XVIII стагоддзя ў складзе Ашмянскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага як в. Двор у маёнтку Лучай ва ўладанні Агінскіх. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793 г.) — у Расійскай імперыі.

У 1885 г. — маёнтак у Лучайскай воласці Вілейскага павета Віленскай губерні, у якім працаваў вінакурны завод.

Па перапісе 1897 г. — фальварак на зямлі Кантакузен, у якім знаходзіліся 3 двары і 41 жыхар.

У 1904 г. вінакурны завод належаў генерал-ад’ютанту М. В. Клейгельсу і вырабляў 21 тыс. вёдзер спірту штогод. 28.11.1905 каля 500 жыхароў навакольных вёсак прынялі ўдзел у дэманстрацыі, на якой патрабавалі спынення работы завода і змены арандатараў.

Падчас Першай сусветнай вайны ў фальварку размяшчаўся штаб 27-га армейскага корпуса рускіх войскаў.

У 1923 г. у фальварку было 8 двароў, 103 жыхары.

Наконт паходжання назвы Стары Двор пастаўскі краязнавец Ігар Пракаповіч піша, што раней вёска называлася Двор, а пасля таго як частка яе жыхароў заснавала новае паселішча — Навасёлкі, — Двор стаў Старым.

Пад золатам восені

Чатыры вуліцы: Азёрная,  Набярэжная, Маладзёжная і Цэнтральная. Тры возеры: вялікае, малое і рукатворнае. Апошняе — штучны вадаём, які чамусьці называюць БАМам. Прыгожыя, дагледжаныя дамы і прыдамавыя тэрыторыі, акуратныя агароды, з якіх ужо сабраны ўраджай. А над усім гэтым — золата восені.

Очередная деревня на маршруте редакционного проек­та «Вёсачка» — Старый Двор

Такім я ўбачыла на мінулым тыдні Стары Двор. Але галоўнае яго багацце — людзі.

Тут пражывае 248 чалавек. З іх 154 — працаздольныя, 68 — пенсіянеры, 26 — мала­дзейшыя за 18 гадоў. Безумоўна, коль­касць насельніцтва не параў­наць з 2001 годам, калі тут было найбольш жыхароў — 366 і 143 гаспадаркі. Але вёска жыве!

Старадворцы ёсць усюды

Так казала старэйшына вёскі Галіна Лешчык. Сярод выхадцаў вёскі — кадравыя ваенныя, работнікі праваахоўных органаў, медыцыны, адукацыі, гандлю, сельскай гаспадаркі, чыгункі і іншых галін. Усе зарэкамендавалі сябе толькі са станоўчага боку. Найлепшыя словы пачула я ад старэйшыны і пра тых, хто на пенсіі. У свой час яны добрасумленна працавалі на розных участках, зараз занятыя дамашнімі справамі, па-гаспадарску адносяцца да добраўпарадкавання.

Падабаецца Стары Двор і гараджанам.

Очередная деревня на маршруте редакционного проек­та «Вёсачка» — Старый Двор

— У нашай вёсцы 14 дач, — расказвала старэйшына. — Нават з Мурманска кожны год на цэлае лета прыязджае сям’я. Шмат гадоў назад у Старым Двары купіў дом народны артыст БССР і СССР Віктар Тарасаў. Зараз у тым доме таксама творчая сям’я. Усевалад і Таццяна працавалі на Цэнтральным Казахстанскім тэлебачанні: ён — дыктарам, яна — рэжысёрам. А імя нашай сённяшняй старадворскай зорачкі-спявачкі Златы Ярашэвіч вядомае ва ўсёй Беларусі і нават за яе межамі. Сёлета яна заняла трэцяе месца ў конкурсе маладых выканаўцаў на «Славянскім базары ў Віцебску».

Галіна Сцяпанаўна шмат расказвала пра людзей. Таксама прасіла абавязкова напісаць пра тое, што мінулым летам старадворцы атрымалі сапраўдны падарунак — да вёскі і па Цэнтральнай і Азёрнай  вуліцах, пакладзены асфальт. Абнаўленне радуе ўсіх.

На службе людзям

У іх розны ўзрост, адукацыя, стаж работы. А аб’ядноўвае тое, што ўсе трое працуюць у сацыяльнай сферы. Ірына Гінько — сацыяльны работнік. Ужо 11 гадоў яна апякае адзінокіх пажылых і інвалідаў. А такім людзям патрабуецца не толькі фізічная дапамога, але і душэўная цеплыня. Сацыяльны работнік не скупіцца на яе.

Очередная деревня на маршруте редакционного проек­та «Вёсачка» — Старый Двор

Наталля Ясінская шмат гадоў працавала ў паштовай сувязі: спачатку ў Старым Двары, потым — у Навасёлках. Калі аддзяленне закрылі, гэтай восенню ўладкавалася прадаўцом магазіна, які ААТ «Навасёлкі-Лучай» адкрыла ў Старым Двары.

Очередная деревня на маршруте редакционного проек­та «Вёсачка» — Старый Двор

Вяскоўцы задаволеныя яго работай. У магазіне шырокі выбар харчовых тавараў, добрая іх якасць. Загадчыца Алеся Коўзан і прадавец Наталля Ясінская ветліва абслугоўваюць пакупнікоў.

Очередная деревня на маршруте редакционного проек­та «Вёсачка» — Старый Двор

Выпускніка Полацкага медыцынскага каледжа Станіслава Вялічку накіравалі на працу ў Старадворскі фельчарска-акушэрскі пункт два гады таму. Адпрацаваўшы тут устаноўлены тэрмін, малады спецыяліст заключыў кантракт з цэнтральнай раённай бальніцай яшчэ на тры гады. Кажа, што не памыліўся з выбарам прафесіі, праца падабаецца.

Усё зрабілі самі

У вёсцы шмат прыгожых, дагледжаных дамоў. Хацелася зайсці ў кожны, але гэта немагчыма. Аднак яшчэ ля аднаго спыняюся. Дзверы не замкнёныя, але на званок ніхто не адзываецца. У двары — два аўтамабілі.

Очередная деревня на маршруте редакционного проек­та «Вёсачка» — Старый Двор

Шукаем гаспадароў — а гэта Святлана і Анатолій Даўгелі. Аказваецца, яна парадкавалася ў хляве, ён непадалёк касіў трымерам траву. Абое працуюць у Пастаўскай ЦРБ: Анатолій — вадзіцелем, Святлана — санітаркай у хірургічным аддзяленні. У той дзень у абаіх быў выхадны, і яны займаліся дамашнімі справамі. А іх хапае, бо трымаюць свіней, трусоў, курэй, пчол.

У доме жывуць 9 гадоў, і за гэты час сваімі рукамі непазнавальна змянілі яго як звонку, так і ўнутры. Адным словам, гаспадары!

А каваль рашыўся

На жаль, не ўсе, да каго мы са старэйшынам заходзілі, згаджаліся фатаграфавацца. Вось і дачка Альфрэды і Уладзіміра Жалейкаў была супраць таго, каб бацькі пазіравалі.

Очередная деревня на маршруте редакционного проек­та «Вёсачка» — Старый Двор

Але хіба Уладзімір Вітальевіч не мае ў сям’і важкага слова? Мае! Таму і пагутарыў з намі, і яго фотаздымак атрымаўся нядрэнны. Чалавек з настальгіяй успамінаў тыя гады, калі мясцовы саўгас быў у найбольшым росквіце, шкадаваў, што многае засталося ў мінулым. 17 гадоў ён адпрацаваў кавалём. Безумоўна, было цяжка, затое пайшоў на льготную пенсію. Даўно на пенсіі і яго жонка, якая працавала ў падсобным саўгасным цэху.

Сённяшнія іх клопаты — дом ды агарод.

Не сорамна за выпускнікоў

Выпускнікі інстытутаў Алена і Генадзій Ластоўскія прыехалі на працу ў Старадворскую васьмігадовую школу ў 1991-м. Абое — ураджэнцы Пастаўскага раёна. Да таго ж Алена вучылася па накіраванні саўгаса «Старадворскі». Саўгас і кватэру выдзеліў сям’і маладых педагогаў. А праз некаторы час ім прапанавалі дом. Дакладней, толькі фундамент і тры цагляныя сцяны.

Дом дабудавалі. З кожным годам гаспадары ўсё больш абуладкоўвалі яго, і зараз тут вельмі прыгожа.

Очередная деревня на маршруте редакционного проек­та «Вёсачка» — Старый Двор

— Нам падабаюцца Стары Двор, аднавяскоўцы, праца, — гаварыла Алена Іванаўна. — Шкада толькі, што дзяцей стала мала і ў 2018-м школу закрылі. Педкалектыў быў дружны (з 2005-га і да закрыцця школы яна была дырэктарам — аўт.). Мы давалі дзецям трывалыя веды, выхоўвалі іх годнымі грамадзянамі. Нам не сорамна ні за аднаго выпускніка. Кожны знайшоў сваё месца ў жыцці.

Зараз Алена Іванаўна — дырэктар Навасёлкаўскай СШ імя А. А. Валодзькі, а Генадзій Рышардавіч выкладае там. Іх дачка Мая жыве ў Італіі, замужам, мае дзвюх дачушак. Летась ажаніўся сын Андрэй, які працуе ў Мінску. Маладыя з задавальненнем наведваюцца да бацькоў.

Пад аховай Графа

Не падумайце, што гэта тытул. Не, мянушка сабакі, які вартуе дом Дзіяны Дзехцяронак і яе сына Аляксандра. Граф вялікі, прыгожы і зусім не пагрозлівы, бо знаходзіцца ў прасторным вальеры. Але ўражвае!

Очередная деревня на маршруте редакционного проек­та «Вёсачка» — Старый Двор

Зрэшты, не вартаўнік прыцягнуў маю ўвагу, а прыгожы дом, акуратны агародчык. Пашанцавала пазнаёміцца з гаспадарамі. Дзіяна Баляславаўна 21 год адпрацавала поварам у школьнай сталовай. Калі школу закрылі, уладкавалася санітаркай на мясцовы ФАП. Аляксандр — аператар харвестара ў Пастаўскім лясгасе. На прадпрыемства прыйшоў 9 гадоў назад, вярнуўшыся са службы ў дэсантных войсках. У лясгасе працуе і яго сястра Наталля.

Очередная деревня на маршруте редакционного проек­та «Вёсачка» — Старый Двор

— Я ўжо і ўнучку маю, — дзялілася Дзіяна. — Гэта дачушка Наташы. А Саша пакуль не жанаты.

Спартыўная загартоўка

Давайце завітаем да Пятра Мажэйкі, — прапанавала старэйшына.

З задавальненнем! Тым больш што з ім, былым настаўнікам, я даўно знаёмая.

— Чаму ж не папярэдзілі?! — здзівіўся і ўзрадаваўся Пётр Паўлавіч і пажартаваў: — Я не пры парадзе.

У Старым Двары ён з 1972 года. У раённым аддзеле адукацыі ўгаварылі папрацаваць тут, у школе, усяго тры месяцы. А застаўся на 30 гадоў. Пазней выкладаў фізкультуру ў Навасёлках, Варапаеве.

Очередная деревня на маршруте редакционного проек­та «Вёсачка» — Старый Двор

— У Старым Двары было шмат не толькі вучняў, але і саўгаснай моладзі. Таму, акрамя школы, я працаваў і ў саўгасе — інструктарам па спорце, — узгадваў Пётр Паўлавіч. — Спорт тады быў на вышыні. Нашы школьная і саўгасная футбольная і валейбольная каманды перамагалі ў раённых спаборніцтвах.

Спартыўная загартоўка дапамагае яму ў жыцці і сёння.

— Вельмі люблю плаваць, — гаварыў Пётр Мажэйка. — Сёлетні сезон завяршыў у кастрычніку. А вось рыбаком не стаў, нягледзячы на тое, што жыву ля самага возера. У мяне іншае захапленне — пчалярства.

Очередная деревня на маршруте редакционного проек­та «Вёсачка» — Старый Двор

Суседкі

Жанчыны, якіх вы бачыце на здымку, жы­вуць у шасцікватэрным доме, які саўгас пабудаваў у 80-я гады. Будынак зусім не ўражвае. І не дзіва: ён прызначаўся пад цяпліцу, але з нейкай прычыны адміністрацыя саўгаса прыняла рашэнне абсталяваць пад жыллё.

6 кватэр засялілі работнікі гаспадаркі. Сёння ўсе яны пенсіянеры. Франя Палачаніна працавала на будоўлі, Вера Мілішкевіч — у жывёлагадоўлі,  Людміла Скрыпко — фельчарам. Ім ёсць што ўспомніць, пра што пагаварыць. Суседак аб’ядноўвае і агульны клопат пра добраўпарадкаванне. Ля дома заўсёды парадак, шмат кветак, дагледжаныя агароды.

Очередная деревня на маршруте редакционного проек­та «Вёсачка» — Старый Двор

Жанчыны шкадавалі, што я позна прыехала да іх — усё адцвіло. І запрашалі наведацца наступным летам. Да слова, на лета (калі дажывём) дамовіліся мы на сустрэчу і з яшчэ адной вялікай аматаркай кветак — Крысцінай Лешчык, у якой дом і двор падобныя на аранжарэю.

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.