Многія пастаўчане, асабліва старэйшае пакаленне, з нецярпеннем чакаюць суботу і нядзелю, калі на тэлеканале «РТР-Беларусь» выходзяць папулярныя шоу-праграмы «Привет, Андрей!» і «Песни от всей души». А ці ўсе ведаюць, што і на Беларускім тэлебачанні сёлета з’явілася аналагічнае сямейна-музычнае шоу?
Яно атрымала назву «Добры вечар!». Першы выпуск перадачы адбыўся 20 ліпеня, і з таго часу яна з’яўляецца на экранах тэлевізараў кожную суботу адразу пасля «Панарамы». Праграма арыентуецца на сямейныя каштоўнасці. Таму зусім невыпадкова яе вядучым стаў бацька чатырох дзяцей, фіналіст першага выпуску «Фактар.by» Дзяніс Пацэвіч.
У шоу ўдзельнічаюць як вядомыя беларускія і расійскія артысты, так і непрафесійныя, але таленавітыя выканаўцы з розных куточкаў нашай краіны. Трапілі на яго і пастаўчанкі — старшыня Казлоўшчынскага сельскага Савета Ірына Кукоўская і дырэктар Парыжскага сельскага Дома культуры Галіна Іваноўская. Яны хораша выконваюць дуэтам лірычныя песні, задорна — прыпеўкі. Неаднойчы выступалі на канцэртах не толькі ў СДК, але і ў Паставах на міжнародным фестывалі «Звіняць цымбалы і гармонік», «Славянскім базары ў Віцебску».
— А вось запрашэнне на тэлебачанне было для нас зусім нечаканым, — расказвалі жанчыны. — Мы вельмі хваляваліся: адна справа — спяваць на сцэне ўстановы культуры ці на якім-небудзь мерапрыемстве раённага і нават абласнога ўзроўню і зусім іншая — перад тэлекамерамі. Але рэдактары праграмы акружылі нас клопатам і ўвагай, стварылі такую сяброўскую атмасферу, што мы зусім разняволіліся.
«Когда приходит праздник в дом/ И собираются друзья,/ Мы вместе сядем за столом/ — У нас без этого нельзя» — такія словы ёсць у песні «Праздничная», якую выканалі ў шоу Ірына Кукоўская і Галіна Іваноўская.
— Сапраўды, мы нібыта на сямейным свяце пабывалі, — дзяліліся яны. — За накрытым сталом адчувалі сябе нароўні з іншымі. Госці знаёміліся паміж сабой, шчыра расказвалі пра жыццё і захапленні, мы разам спявалі розныя песні. Не абышлося і без нашых любімых прыпевак.
Але ж нездарма ў народзе кажуць, што лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць. Дык давайце абавязкова паглядзім «Добры вечар!». Нашы таленавітыя зямлячкі з’явяцца ў выпуску, які выйдзе на канале «Беларусь 1» у суботу, 5 кастрычніка. Пачнецца праграма ў 21 гадзіну 45 хвілін.
Фаіна Касаткіна
Фота даслала Галіна Іваноўская