За апошні год у 1-м ваенным шпіталі органаў пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь намнога павысілася бяспека ваеннаслужачых і цывільных асоб, якія працуюць і лечацца тут, а таксама бяспека саміх аб’ектаў. Медустанова цалкам абсталявана сістэмай перыметравай сігналізацыі, з 1 студзеня 2024-га знаходзіцца пад пазаведамаснай аховай Пастаўскага аддзялення Дэпартамента аховы МУС. А ўсё дзякуючы памочніку начальніка шпіталя — начальніку аддзела рэжыму і арганізацыйнага забеспячэння Дзмітрыю Пацэвічу.
У в/ч 1236 Дзмітрый Анатольевіч служыць роўна год. Перавёўся сюды са Смаргонскай пагранічнай групы, дзе праходзіў службу з 2005 года. Пры гэтым, як прызнаўся сам, быць ваенным ён не марыў. Скончыўшы школу ў роднай Смаргоні, услед за іншымі выпускнікамі падаў дакументы ў Мінскі дзяржаўны вышэйшы авіяцыйны каледж на спецыяльнасць «Тэхнічная эксплуатацыя аўтаматычных сістэм электраабсталявання паветраных суднаў». Спачатку атрымаў сярэднюю спецыяльную адукацыю, а затым паступіў туды ж на другую ступень адукацыі і праз 2 гады стаў уладальнікам дыплома інжынера-электрыка і воінскага звання «лейтэнант».
Ваенную кар’еру пачынаў з пасады начальніка групы комплексу сродкаў аўтаматызацыі аддзялення пагранічнага кантролю «Лоша». Пасля яго рэарганізацыі, калі пункт з міжнароднага стаў міждзяржаўным, давялося некаторы час паслужыць на гэтай жа пасадзе ў «Катлоўцы». Потым быў начальнікам групы ў цэнтры сувязі, афіцэрам і старшым афіцэрам аддзела баявой і мабілізацыйнай гатоўнасці, пакуль не атрымаў прапанову прадоўжыць службу ў шпіталі.
— Тут у маім падпарадкаванні аддзяленні сувязі, інфармацыйных тэхналогій і сакрэтная часць, — расказваў Дзмітрый Пацэвіч. — Акрамя таго, займаюся пытаннямі баявой і мабілізацыйнай гатоўнасці ваеннаслужачых, планавання, службы войскаў і аховы тэрыторыі шпіталя. Калі толькі перавёўся ў Паставы, некаторыя напрамкі дзейнасці былі для мяне новымі, да таго ж значна павялічылася зона адказнасці, таму на першым часе прыйшлося няпроста. Але цяпер ужо ўцягнуўся, увайшоў у курс справы.
Па словах памочніка начальніка шпіталя — начальніка аддзела ідэалагічнай работы і кадравага забеспячэння Ільі Аксенцьева, нараканняў па службе з боку вышэйшага кіраўніцтва ў падпалкоўніка Пацэвіча няма. Шпіталь цалкам выконвае ўскладзеныя на яго задачы, патрабаванні Дзяржпагранкамітэта і камандзіра в/ч 2044. Дзмітрый Анатольевіч — чалавек з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, прымае ўдзел у спартыўных спаборніцтвах, якія праводзяцца ў раёне і пагранведамствам, актыўна ўдзельнічае ў жыцці афіцэрскага сходу воінскага фарміравання.
Ужо год, як Дзмітрый Пацэвіч пражывае асобна ад сваёй сям’і, нягледзячы на тое, што ў Паставах яму далі арэндную кватэру ў новым доме па вуліцы Юбілейнай. Жонка з дачкой, якая заканчвае 11 клас гімназіі і збіраецца паступаць у Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт, прынялі рашэнне застацца ў Смаргоні. І цяпер галава сямейства кожныя выхадныя ездзіць да іх. А вось сын, скончыўшы школу, вырашыў пайсці па бацькавых слядах. Ён — курсант 1-га курса ваеннага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі, навучаецца ў інтарэсах органаў пагранічнай службы. Так што кадраваму афіцэру ёсць каму перадаць ахову рубяжоў нашай Айчыны.
Алена Шапавалава