Медработников Поставщины обучили работе на платформе MeDiCase

Здравоохранение

21 кастрычніка ў райвыканкаме адбылася вучоба медработнікаў Пастаўскай цэнтральнай раённай бальніцы ў рамках рэалізацыі міжнароднага міждысцыплінарнага праекта па ўкараненні дыстанцыйных лічбавых тэхналогій у працэсы аказання медыцынскай і сацыяльнай дапамогі жыхарам нашага раёна.

Праект называецца «З павагай да кожнага». Рэалізуецца ён у Юнькаўскім, Камайскім і Лынтупскім сельсаветах. Таму на вучобу ў райвыканкам былі запрошаны фельчары ФАПаў, размешчаных на названых адміністрацыйных тэрыторыях. Прысутнічалі таксама галоўны ўрач УАЗ «Пастаўская цэнтральная раённая бальніца» Аляксандр Сварцэвіч і загадчык паліклінікі ЦРБ Таццяна Дацэнка.

Медработников Поставщины обучили работе на платформе MeDiCase

Абазначыўшы мэту мерапрыемства — а яна заключалася ў навучанні медыкаў рабоце ў спецыяльна створанай сістэме MeDiCase, — старшыня рабочай групы праекта, намеснік старшыні райвыканкама Станіслаў Чымбург прадставіў прысутным «настаўнікаў», якія прыехалі іх вучыць. Гэта старшыня Маскоўскага гарадскога навуковага таварыства тэрапеўтаў доктар медыцынскіх навук, прафесар кафедры лічбавізацыі і арганізацыі аховы здароўя Цвярскога дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта (Расія) Павел Вараб’ёў, кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт кафедры лічбавізацыі і арганізацыі аховы здароўя ЦДМУ, кіраўнік рабочай групы па медыцыне Нацыянальнай камісіі па этыцы ў сферы штучнага інтэлекту ў Альянсе распрацоўшчыкаў штучнага інтэлекту (Расія) Андрэй Вараб’ёў і галоўны пазаштатны спецыяліст па герыятрыі галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Віцебскага аблвыканкама доктар медыцынскіх навук, прафесар, загадчык кафедры медыцынскай рэабілітацыі Віцебскага дзяржаўнага медуніверсітэта Таццяна Аленская.

Затым Станіслаў Уладзі­міравіч перадаў слова сустаршыні рабочай групы праекта Паўлу Вараб’ёву, які перш-наперш нагадаў усім, што 8 верасня споўнілася 150 гадоў з дня нараджэння вядомага савецкага ўрача Мікалая Сямашкі, заснавальніка сістэмы аховы здароўя ў СССР, якая да гэтага часу выкарыстоўваецца ў многіх краінах свету. Галоўнымі яе асаблівасцямі з’яўляюцца цэнтралізаваная сістэма кіравання і агульнадаступнасць бясплатнай медыцынскай дапамогі. Павысіць апошнюю сёння могуць дапамагчы інфармацыйныя тэхналогіі.

Медработников Поставщины обучили работе на платформе MeDiCase

Павел Андрэевіч падрабязна расказаў пра тое, што ўяўляе сабой платформа MeDiCase. Каб чытачам «ПК» было зразумела, патлумачу: гэта праграмнае забеспячэнне для дыстанцыйнага (праз інтэрнэт) узаемадзеяння ўрача і пацыента з дапамогай камп’ютара або смартфона з мэтай рэалізаваць агульнадаступнасць медыцынскай дапамогі ва ўмовах нарастання дэфіцыту кадраў. Ён асабліва адчувальны ў сельскай мясцовасці. І лічбавая медыцына паступова пачынае замяшчаць прабел у чалавечых зносінах.

Платформа ўключае ў сябе некалькі блокаў: асабістыя кабінеты хворага, урача, адміністратара, які кіруе сістэмай, так званыя сімптом-чэкеры — аўтаматызаваныя апытальнікі па розных групах захворванняў, бот для маніторынгу асноўных параметраў жыццядзейнасці хворага і блок абароны інфармацыі і персанальных даных. Сістэма грунтуецца на методыках штучнага інтэлекту. Яе асноўная задача — выявіць хранічныя неінфекцыйныя захворванні: сардэчна-сасудзістую паталогію, цукровы дыябет, хранічную абструктыўную хваробу лёгкіх і анкалогію.

Пра магчымасці штучнага інтэлекту і яго выкарыстанне ў медыцыне распавёў Андрэй Вараб’ёў. Ён наглядна прадэманстраваў, як працуе платформа MeDiCase, завастрыўшы ўвагу медработнікаў на інфармацыйнай бяспецы і абароне персанальных даных — сваіх і пацыентаў.

Платформа MeDiCase распрацавана для ацэнкі сімптомаў і магчымых дыягназаў з  ужываннем штучнага інтэлекту з магчымасцю дыстанцыйнага кансультавання са спецыялістам.

Было адзначана, што сістэма ўжо ўкаранёная ў работу медыцынскіх устаноў у многіх рэгіёнах Расійскай Федэрацыі. Хутка яна запрацуе і на Пастаўшчыне. Задача, якая ставіцца арганізатарамі праекта перад медыкамі на першым этапе, — правесці апытанне насельніцтва (да гэтай работы можна прыцяг­ваць прадстаўнікоў іншых сфер дзейнасці), каб зразумець, хто на што хварэе і ці ёсць тэрытарыяльныя адрозненні ў захворваннях. Атрыманая інфармацыя будзе прааналізавана і на яе падставе скла­дзены медыка-сацыяльны пашпарт насельніцтва рэгіёна. Ён стане асновай для выбудоўвання далейшай работы па аказанні медыцынскай дапамогі жыхарам раёна.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.