Чарговы сезон 2024/2025 года сярод беларускіх мужчынскіх каманд традыцыйна пачаўся з кубкавага турніру. Упершыню ў прэстыжных спаборніцтвах па запрашэнні БФВ пачаў выступаць пастаўскі «Атлант». На папярэднім этапе ён трапіў у моцную групу «А» і правёў тры матчы ў Салігорску, а іншыя 8 клубаў гулялі ў Гомелі і Мінску.
Суровы экзамен
«Шахцёр» (Салігорск)–«Атлант» (Паставы) – 3:0
1 дзень. 3:0 (25:16; 25:13; 25:9)
У Салігорск пастаўчане прыехалі сваім асноўны складам з 13 ігракоў. Адсутнічаў толькі вопытны распасоўшчык Уладзімір Юзвовіч. У стартавай сустрэчы ім выпаў самы грозны сапернік. У нашай падгрупе сабраліся і яшчэ два моцныя прафесійныя клубы — «Заходні Буг» (Брэст) і «Легіён» (Гродзенская вобласць). Гульня паміж імі завяршылася з лікам 3:1 на карысць гродзенцаў. Матч з салігарчанамі нашы разглядалі найперш як важную трэніроўку.
Ужо з самага пачатку «Атлант» адчуў націск фаварыта. На пастаўчан адразу пасыпаліся рэзкія нацэленыя падачы, сапернік фактычна выбіў іх з прыёму. Але нашы не апусцілі рукі — змагаліся як маглі. У іх перыядычна атрымліваліся наладжаныя атакі, але большую частку матча яны былі ў ролі даганяючых. З кожным сэтам перавага «Шахцёра» станавілася больш упэўненай. Ён на класе дабіўся поспеху. Праверылі сябе ў паядынку з грандам айчыннага валейбола Сімагасціцкі, Мацкевіч, Лабуць, Пятрэвіч, Рабека, Хадзянок, Дарый і на пазіцыі лібера — Зарэцкі.
Аднаго жадання мала
«Атлант» (Паставы)–«Заходні Буг» (Брэст) – 0:3
2 дзень. 0:3 (16:25; 21:25; 19:25)
На другі дзень гродзенскі «Легіён» выйграў у «Шахцёра» адну з партый. На большае ў гродзенцаў сіл не хапіла, яны саступілі гаспадарам турніру з лікам 1:3. У пастаўчан гульня з брэстаўчанамі атрымалася мацнейшай за папярэднюю. На пляцоўку трэнеры выпусцілі аднаго з даігроўшчыкаў — Аляксея Канаша, які ў папярэднім сезоне гуляў надзейна. Аднак брэстаўчане не далі поўнасцю раскрыць яму і іншым ігракам свой патэнцыял. Нашы вельмі стараліся, хоць у стартавай партыі сапернік сур’ёзна адарваўся па ачках.
У наступным сэце «Атлант» вёў барацьбу на роўных. Аднак прафесійныя валейбалісты змаглі ў канцоўках прыбавіць. Брэстаўчане ў патрэбны момант узмацнілі тэмп перадач і загулялі без памылак. Складаней нашым стала гуляць і над сеткай. У выніку сапернік дабіўся перамогі.
Праверылі рэзерв
«Легіён» (Абухава)–«Атлант» (Паставы) – 3:0
3 дзень. 3:0 (25:14; 25:16: 25:16)
У гэтай сустрэчы трэнеры абедзвюх каманд далі сваім лідарам адпачыць. На пляцоўцы змагаліся ў асноўным запасныя валейбалісты. Для маладых пастаўчан гульня стала важнай у плане набыцця вопыту. Яны ўбачылі ўзровень маладых прафесійных ігракоў і зразумелі, да чаго ім трэба імкнуцца. Узровень падрыхтоўкі гродзенскіх рэзервістаў аказаўся больш высокім, што і прынесла ім поспех.
Падводзячы вынікі першага тура Кубка, начальнік і трэнер ВК «Атлант» Павел Вавінскі адзначыў, што гульнёй пастаўчан у Салігорску задаволены. На высокім ўзроўні там выступілі дыяганальны Аляксей Рабека, распасоўшчык Руслан Сімагасціцкі і на задняй лініі — Аляксандр Зарэцкі. Неўзабаве нашы будуць стартаваць у нацыянальным першынстве. У першым туры дома 19 і 20 кастрычніка яны двойчы памераюцца сіламі з яшчэ адной салігорскай камандай — «ДЮСШ-Шахцёр».
Уладзімір Шык