З гордасцю за прадпрыемства адзначыў яго 85-годдзе калектыў ААТ «Пастаўскі малочны завод»
Дасягнулі многага
Выступаючы на ўрачыстасці, дырэктар завода Георгій Касцень сказаў:
— Гэта не проста дата, а важная веха ў гісторыі прадпрыемства, якое стала сімвалам надзейнасці і высокіх стандартаў якасці ў вытворчасці малочных прадуктаў. За 85 гадоў пераадолена нямала цяжкасцей. Прадпрыемства часта мяняла прапіску. У канцы 50-х на дзяржаўным узроўні было прынята рашэнне аб будаўніцтве на пляцоўцы па вуліцы Крупскай у Паставах завода сухога абястлушчанага малака. 3 мая 1963 года новы завод пад кіраўніцтвам дырэктара Мікалая Голубева пачаў выпуск прадукцыі. 5 тон масла, 1 650 кілаграмаў сухога малака, 240 тон тварагу за суткі — такой была яго магутнасць. У 70—80-я гады прадпрыемства неаднаразова выходзіла пераможцам рэспубліканскага і ўсесаюзнага спаборніцтва, заносілася на раённую і абласную Дошкі гонару.
Далей Георгій Пятровіч узгадаў найбольш цяжкія для завода перыяды. У 1988 годзе прадпрыемства далучылі да Глыбоцкага малочнакансервавага камбіната, у выніку чаго яно страціла і вытворчасць, і фінансавую самастойнасць. Амаль у 2 разы скарацілася колькасць работнікаў — іх засталося 63. Аднак дзякуючы неймаверным намаганням старшыні райвыканкама Васілія Чэпіка і дырэктара прадпрыемства Эдуарда Казуры завод удалося вярнуць. І пачалося не менш цяжкае яго адраджэнне. Адкрываліся вытворчасці, выпускаліся новыя віды прадукцыі: фасаваныя малако, кефір, смятана, масла, тварог, сыр, ёгурт.
Аднак у 2000-х гісторыя з далучэннем да Глыбоцкага малочнакансервавага камбіната магла паўтарыцца. Але дзякуючы настойлівасці старшыні райвыканкама Ванды Януковіч, былога дырэктара завода, дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Эдуарда Казуры, тагачаснага дырэктара прадпрыемства Івана Юхно гэтага не было дапушчана.
У 1998 годзе завод наведаў Прэзідэнт Беларусі і даў высокую ацэнку рабоце калектыву, што надало яшчэ больш сіл і энергіі для далейшага развіцця. Пачалі выпускаць марожанае, тэхнічны казеін, рэканструявалі цэх па вытворчасці сыроў. У 2022-м Аляксандр Лукашэнка зноў пабываў на заводзе, азнаёміўся з вытворчасцю, прадэгуставаў прадукцыю. Яго словы «Смачна! Вельмі смачна» абляцелі ўсе тэлеэфіры краіны.
І сапраўды, пастаўская малочная прадукцыя вельмі якасная і смачная. З кастрычніка 2003-га яна выпускаецца пад гандлёвай маркай «Паставы-гарадок». У пачатку 2000-х завадчане пачалі шукаць рынкі збыту ў Мінску, Віцебску і іншых гарадах краіны. І гэта ўдалося! Пастаўчане першымі з малочных прадпрыемстваў Віцебшчыны ўпэўнена ўвайшлі ў сталіцу.
Важным этапам для завода стала стварэнне ў 2020 годзе на яго базе аграпрамысловага аб’яднання, у склад якога ўвайшло 5 гаспадарак. Аб’яднанне ўзначаліў Канстанцін Гайлеўскі. З таго часу ў ім на чвэрць павялічылася плошча сельгасугоддзяў, амаль у два разы — вытворчасць кармоў, на трэць — пагалоўе буйной рагатай жывёлы і надой ад каровы, у паўтара раза — вытворчасць малака.
Георгій Касцень назваў і многія іншыя дасягненні малочнага завода. Падкрэсліў, што прадпрыемства дае больш за 65% валавога аб’ёму прадукцыі раёна, за 9 месяцаў бягучага года інвестыцыі ў вытворчасць склалі больш за 200 млн руб. Кіраўнік калектыву шчыра падзякаваў за працу ветэранам і сённяшнім работнікам завода, запэўніў, што прадпрыемства дасягне новых вышынь.
Юбіляраў віталі
Гасцей было шмат: прадстаўнікі раённай улады, аблвыканкама, абласнога канцэрна «Мяса-малочныя прадукты», Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь, камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама. Не змог прысутнічаць на ўрачыстасці старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ігар Сергяенка, але даслаў віншаванне, якое зачытала яго памочнік Юлія Лазікевіч. У ім, у прыватнасці, гаворыцца: «За гады плённай дзейнасці прадпрыемства дасягнула ўзроўню добра наладжанага комплексу, арыентаванага як на сучасную вытворчасць, так і на расшырэнне рынкаў збыту. Захаванне найлепшых рэцэптур, адпаведнасць высокім стандартам якасці, пастаянная тэхнічная мадэрнізацыя і бездакорная дзелавая рэпутацыя — галоўныя складнікі вашага поспеху. Дзякуючы самаадданай працы ветэранаў была створана трывалая аснова для далейшага развіцця і закладзены непарушныя традыцыі. Свой чарговы юбілей завод сустракае ў статусе магутнага і надзейнага прадпрыемства, мае каласальны вытворчы вопыт і згуртаваны калектыў. Працягвайце цвёрда трымаць курс на дасягненне максімальных вынікаў у вырашэнні пастаўленых задач».
Ад імя абласной улады самыя цёплыя словы адрасаваў калектыву-юбіляру намеснік старшыні аблвыканкама Вячаслаў Дурноў. Старшыня райвыканкама Сяргей Чэпік адзначыў, што тры апошнія дзесяцігоддзі калектыву шанцуе на кіраўнікоў, даў высокую ацэнку цяперашняму дырэктару Георгію Касцяню, падкрэсліў, што ў многім дзякуючы малочнаму заводу аграпрамысловы комплекс раёна дабіваецца поспехаў у вытворчасці прадукцыі. Эдуард Казура ўзгадаў, колькі цяжкасцей яму давялося пераадолець за 12 гадоў дырэктарства. Усе выступоўцы (а іх было шмат) адзначалі поспехі завадчан, дзякавалі ім за працу, жадалі новых дасягненняў. Многім былі ўручаны граматы.
Незабыўныя эмоцыі ўрачыстасць падарыла ветэранам, якіх 95. Прысутных на свяце па чарзе запрашалі на сцэну, і дырэктар кожнаму ўручаў падарункі і кветкі. А папулярная беларуская спявачка Улада і яе каманда парадавалі канцэртам. Пастараліся і мясцовыя артысты. Асабліва ўразіў тэатралізаваны пралог урачыстасці «Время, вперёд!».
Несумненна, такая годная юбілейная ўрачыстасць дадала настрою і жадання прымнажаць поспехі завода ўсім яе ўдзельнікам. Нездарма ж прадпрыемства з’яўляецца вядучым у раёне — яно паказвае прыклад ва ўсім.
Толькі факты
2013 год. Пачаў працаваць новы сырны цэх з чэшскімі лініямі прадукцыйнасцю 20 тон сыру за суткі.
2015. Уведзена ў эксплуатацыю лінія па нарэзцы і фасоўцы парцыённых сыроў і сыроў у слайсе.
2017. Рэканструявана камера захоўвання гатовай прадукцыі.
2017. Набыта энерганасычаная сельгастэхніка.
2020. Мадэрнізавана заквасачнае аддзяленне, расшыраны ўчастак нарэзкі сыру, рэканструяваны цэх па вытворчасці масла.
2021. Уведзена ў эксплуатацыю новая вертыкальная калонка для фармоўкі сыру тыпу «еўраблок», мадэрнізаваны цэх натуральнамалочнай прадукцыі.
2023. Рэканструявана паравая кацельня з павелічэннем магутнасці ў 1,5 раза. Пачалася рэканструкцыя ачышчальных збудаванняў.
2024. Уводзіцца ў эксплуатацыю малочнатаварная ферма, перааснашчаецца аўтапарк.
Больше фото в группах в ОК и ВК
Фаіна Касаткіна
Фота Наталлі Налей