Фоторепортаж: Районный конкурс «Супер Бабушка-2024» в аг. Новоселки

Общество

Парадавалі пазітывам і абаяннем удзельніцы раённага конкурсу «Супербабуля», які адбыўся ў мінулую пятніцу ў Навасёлкаўскім цэнтры культуры

Дзевяць жанчын сярэбранага ўзросту з розных куткоў Пастаўшчыны адважыліся выйсці на сцэну, расказаць журы і шматлікім гледачам пра сваё жыццё, паспаборнічаць у талентах, кулінарных здольнасцях, крэатыўнасці. Гэта Ганна Пачкоўская (Гута), Галіна Лукша (Лынтупы), Вольга Курто (Хацілы), Таццяна Кустра (Паставы), Рамуальда Сінкевіч (Луцк-Казлоўскі), Валянціна Ланская (Палессе), Лідзія Счасная (Андроны), Яўгенія Свецікава (Ярэва), Марыя Грыбоўская (Паставы).

Фоторепортаж: Районный конкурс "Супер Бабушка-2024" в аг. Новоселки

З чаго, як не з візітоўкі, пачынаць конкурс? Падрыхтаваць яе было дамашнім заданнем для канкурсантак. Справіліся з ім паспяхова. Кожная ў кароткіх відэа расказала не толькі пра сябе, але і пра сям’ю, любімых унукаў. Асабліва ўразіла візітоўка Валянціны Ланской. На фоне пяшчотнай музыкі жанчына вершамі ўласнага сачынення замілавана гаварыла пра шэсць асабліва дарагіх для яе зорачак на небасхіле — чатырох унукаў і дзвюх унучак, сваю работу, захапленні кветкаводствам, чытаннем, вязаннем. Галіна Лукша прызналася, што з’яўляецца вялікай аматаркай «ціхага палявання» і збору ягад. Сілы ёй дае вера ў Бога. Кожны вечар ходзіць у лынтупскі касцёл, спявае ў касцельным хоры, удзельнічае ў розных мерапрыемствах, якія ладзяцца ў святыні. Рамуальда Сінкевіч у дзявоцтве жыла ў Светлагорску. Выйшаўшы замуж, пераехала ў вёску і ніколькі не шкадуе пра гэта. Побач — цудоўныя людзі, навокал — прыгожыя мясціны. Вельмі лю­біць прыроду сама і вучыць гэтаму сыноў і ўнукаў. Марыя Грыбоўская сцвярджала, што старасць не застане яе дома, бо яна актыўная і пазітыўная, заўсёды занятая справамі. Вольга Курто з ліку тых жанчын, якая «коня на скаку остановит, в горящую избу войдёт». Усю сваю энергію яна аддае вялікай дамашняй гаспадарцы, а любоў — унукам. Арыгінальнай была візітоўка Таццяны Кустры: на экране дэманстраваліся кадры, але каменціравала іх не яна, а ўнучка. Дзяўчынка чулліва распавяла пра тое, якая клапатлівая, вясёлая, прыкольная яе бабуля. Ды і з візітовак іншых журы і гледачы даведаліся шмат цікавага і адметнага.

Фоторепортаж: Районный конкурс "Супер Бабушка-2024" в аг. Новоселки

Фоторепортаж: Районный конкурс "Супер Бабушка-2024" в аг. Новоселки

Былі і яшчэ дамашнія заданні. Адно з іх — «Сэлфі з унукамі». Хіба можна ўявіць сучасную бабулю, якая не мае такіх фотаздымкаў? Жанчыны з задавальненнем каменціравалі кадры, узгадвалі розныя сітуацыі, шкадавалі, што па ўмовах конкурсу павінны былі абмежавацца пяццю кадрамі.

А якое вясёлае ажыўленне выклікаў конкурс «У нагу з унукамі»! Тут ужо хваляваліся не толькі яго ўдзельніцы, а ўся зала. Скажыце: вы ведаеце, што азначаюць словы, якія сёння можна пачуць у зносінах падлеткаў? Напрыклад, крынж, крыпава, лук, вайб, чыліць, краш? А канкурсанткам трэба было з некалькіх варыянтаў выбраць правільны адказ. У працяг тэмы варта сказаць, што шмат гумару дадалі конкурсу некалькі сцэнак, у якіх бабуля з унукам (з іх ролямі бліскуча справіліся Іна Русецкая з сынам Вячаславам) гутарылі пра сацыяльныя сеткі. Святочны настрой стваралі вядучы Валерый Жук’ян, народны ансамбль «Маладзіца», вакальная група «Натхненне», Руслан Дубовік, Кацярына Пугачэўская, Таццяна Карпава, Сяргей Зелянкевіч. Падчас іх выступленняў бабулі мелі час падрыхтавацца да выканання наступных заданняў.

Фоторепортаж: Районный конкурс "Супер Бабушка-2024" в аг. Новоселки

Фоторепортаж: Районный конкурс "Супер Бабушка-2024" в аг. Новоселки

Чарговае — «Хобі». Тут найбольш уразіла і сарвала шквал апладысментаў Таццяна Кустра. Жанчына прызналася, што вельмі хацела навучыцца граць на фартэпіяна, але ажыццяўляе сваю мару толькі зараз — у 60 гадоў. Яе вучыць ігры пляменніца, а дачка з зяцем падарылі фартэпіяна. Калі Таццяна Пятроўна зайграла на ім «Старый клён», гледачы адразу ж сталі падпяваць. Збянтэжаная такой рэакцыяй ды яшчэ прысутнасцю тэлеаператара «Паставы ТБ», крыху збілася з нот і са смехам заявіла: «Пляменніца была б незадаволеная маім сённяшнім выступленнем. Але ж яно першае на сцэне. Буду вучыцца музыцы і ў далейшым». Музыка і спевы — хобі Ганны Пачкоўскай, Лідзіі Счаснай, Вольгі Курто, Марыі Грыбоўскай. Ганна і Вольга выканалі вясёлыя прыпеўкі, Лі­дзія і Марыя — лірычныя песні. А хіба не кранае паэзія, тым больш калі яна жыццёвая? Верш свайго земляка Славы Ліпеня прадэкламавала Лідзія Счасная. Яўгенія Свецікава захапляецца рукадзеллем, Рамуальда Сінкевіч — кветкаводствам і кулінарыяй.

Фоторепортаж: Районный конкурс "Супер Бабушка-2024" в аг. Новоселки

Зрэшты, свае кулінарныя здольнасці павінны былі паказаць усе ўдзельнікі конкурсу. Да выканання дамашняга задання «Мастацтва смаку» яны падышлі таксама творча і заставілі стол журы тартамі, шарлоткамі, хрустамі, блінчыкамі, піражкамі. Пераканацца ў тым, наколькі смачным было ўсё гэта, змог кожны прысутны ў зале. Асабліва радасна смакавалі раздадзеныя ім пачастункі дзеці.

Нарэшце апошняе, шостае, заданне — «На стылі!». А ён у кожнай канкурсанткі свой. У адных уборы былі больш сціплыя, у іншых — хоць на подыум! Але ўсе выходзілі на сцэну, нібы манекеншчыцы: з распраўленымі плечыкамі, роўнай спінай, прыгожым крокам, усмешкай на твары.

Фоторепортаж: Районный конкурс "Супер Бабушка-2024" в аг. Новоселки

Дык хто ж з іх самая-самая? Журы, якое ўзначальвала начальнік аддзела культуры райвыканкама Ірына Лойка, прысудзіла тытул «Супербабуля» Валянціне Ланской. Ёй уручылі кубак пераможцы і падарунак. Не засталіся без тытулаў і падарункаў і астатнія канкурсанткі. Самай музыкальнай прызнана Ганна Пачкоўская, умелай — Яўгенія Свецікава, сучаснай — Галіна Лукша, працавітай — Вольга Курто (ёй жа аддалі свае сімпатыі і гледачы), творчай — Рамуальда Сінкевіч, элегантнай — Марыя Грыбоўская, крэатыўнай — Таццяна Кустра.

Фоторепортаж: Районный конкурс "Супер Бабушка-2024" в аг. Новоселки

Спонсарамі конкурсу выступілі аддзел культуры і аддзел спорту і турызму райвыканкама, Цэнтр культуры і народнай творчасці Пастаўскага раёна, ТЦСАН, раённая арганізацыя РГА «Белая Русь».

Удзельніцы конкурсу вярнуліся дадому з рознымі тытуламі. Але ўсіх іх аб’ядноўвае адзін найвышэйшы — бабуля! Яны для сваіх унукаў нібыта анёлы-ахоўнікі: заўсёды дапамогуць, зразумеюць, падкажуць, навучаць, накормяць, а галоўнае — ахінуць любоўю. Шчасце, калі яна ўзаемная.

Фоторепортаж: Районный конкурс "Супер Бабушка-2024" в аг. Новоселки

Фоторепортаж: Районный конкурс "Супер Бабушка-2024" в аг. Новоселки

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.