Бываючы па рэдакцыйных заданнях у розных куточках Пастаўшчыны, іншы раз бачу зрашэчаныя дарожныя знакі. Асабліва шмат іх пашкоджана каля Салаўіхі, Калінаўкі, Каліт, Сергаў, Крашнева, Касцянёў, Фалевіч, Ідаліны. Адназначна сказаць, хто і з якой мэтай па іх страляе, складана. Магчыма, такім чынам аматары палявання прыстрэльваюць зброю? А можа, здымаюць стрэс пасля няўдалага выстралу па здабычы? Ці гэта зроблена кімсьці з хуліганскіх намераў? У любым выпадку для дарожнікаў гэта немалая праблема. Пагутарыла з галоўным інжынерам ДРБУ-132 Віктарам Даўгелем.
— Дарожны знак — адзін са сродкаў рэгулявання дарожнага руху, — расказваў Віктар Люцыянавіч. — Яны бываюць вызначанай формы, памеру, афарбоўкі з умоўнымі абазначэннямі і надпісамі, якія інфармуюць пра рэжым, умовы, напрамкі і маршруты руху, месцы адпачынку, аб’екты прыдарожнага сэрвісу. Устанаўліваюцца знакі відарысам насустрач руху, пераважна ўздоўж дарогі на спецыяльных калонках, слупах, кранштэйнах. Робіцца гэта для таго, каб вадзіцелі маглі правільна ацаніць сітуацыю на дарозе і своечасова зрабіць патрэбныя манеўры.
Пастраляныя дарожныя знакі — для нас сапраўдная бяда. Сёлета іх пашкоджана ўжо больш за 60. Яны належаць замене, бо хутка ржавеюць і дрэнна адлюстроўваюць неабходную інфармацыю. Між іншым, устаноўка дарожнага знака каштуе нямала грошай (кошт залежыць ад памеру). Для прыкладу, знак-трохкутнік абыходзіцца ў 68 рублёў. Дадаць да гэтага расходы на транспарціроўку, устаноўку на стойку або трубу. Таму ў чарговы раз звяртаюся да «стралкоў»: шануйце працу іншых, дбайце пра бяспеку!
Пацікавілася я і меркаваннем наконт дадзенай праблемы ў дырэктара Пастаўскай раённай арганізацыйнай структуры РДГА «Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў» Дзімітрыя Крука.
— Я сам паляўнічы і ведаю, як выглядаюць адтуліны ад свінцовых куль, карцечы, — гаварыў Дзімітрый Мікалаевіч. — Калі бачу здзіраўленыя знакі, становіцца не па сабе. Кожны раз пры выдачы дазволу на паляванне прашу грамадзян не здзяйсняць супрацьпраўных дзеянняў, канцэнтравацца на паляванні, а не на забавах з такімі наступствамі.
Паляванне дазволена практычна круглы год: на птушак, пушніну, капытных. Вядома, што зрабіць трапны выстрал па птушцы ў паветры намнога складаней, чым па знаку — вялікай зручнай «мішэні». Для адточвання выстралаў паляўнічым адведзена спецыяльнае месца ў кар’еры паміж Ліпнікамі і Кашыцамі, а таксама ў прудніцкім лесе. Калі ласка, трэніруйцеся там!
Ці існуе пакаранне за пашкоджанне дарожных знакаў? З гэтым пытаннем я звярнулася да старшага інспектара па дазвольнай рабоце аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Пастаўскага РАУС Віталія Гарбуля. Вось што ён адказаў:
— Пашкоджанне дарожных знакаў можа кваліфікавацца як адміністрацыйнае правапарушэнне ці злачынства. За наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці, што адпавядае стратам у нязначным памеры, згодна з Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, прадугледжаны штраф у памеры да 50 базавых велічынь або папраўчыя работы на тэрмін да двух гадоў, арышт да трох месяцаў, абмежаванне волі да двух гадоў.
Спадзяюся, што гэта інфармацыя прымусіць гора-стралкоў задумацца над сваімі паводзінамі.
Анна Анішкевіч
Фота даслаў Віктар Даўгель