Чэмпіянат Беларусі па валейболе. Пачатак нацыянальнага першынства ў 1-й лізе выклікаў вялікі інтарэс у балельшчыкаў

Спорт и туризм

Чэмпіянат Беларусі па валейболе

Павучальны старт сезона

Пачатак нацыянальнага першынства ў 1-й лізе выклікаў вялікі інтарэс у балельшчыкаў. Наша каманда згуляла з рэзервістамі флагмана айчыннага валейбола, але поспеху, на жаль, не дабілася.

Драматычныя канцоўкі

«Атлант» (Паставы)—«ДЮСШ-Шахцёр» (Салігорск) — 1:3

1 дзень. 1:3 (25:27; 25:16; 24:26; 23:25)

Стартавы матч «Атлант» пачаў у прыгожай новай форме з лагатыпамі пяці сваіх тытульных спонсараў. Асноўным партнёрам нашай каманды стаў Пастаўскі малочны завод, і яго дырэктар прыйшоў на абодва матчы падтрымаць валейбалістаў. Першы паядынак доўжыўся амаль дзве га­дзіны і быў відовішчным, бо абедзве каманды моцныя.

Пастаўчане выставілі свой практычна аптымальны асноўны склад: Р. Мацкевіч, А. Пятрэвіч, Р.Сімагасціцкі, А. Рабека, А. Лабуць, Ю.Хадзянок з капітанам А. Зарэцкім на пазіцыі лібера. І ў саперніка на пляцоўцы былі свае лідары, якія ў сезоне 2022/2023 года сталі чэмпіёнамі 1-й лігі. Уся гульня прахо­дзіла ў роўнай барацьбе. Па чарзе каманды выходзілі наперад. Стартавы сэт нашы маглі выйграць, бо мелі крытычную перавагу пры ліку 24:22. На жаль, у рашаючы момант у іх не атрымаліся падачы (усяго за партыю пастаўчане дапусцілі 10 такіх памылак).

Чэмпіянат Беларусі па валейболе. Пачатак нацыянальнага першынства ў 1-й лізе выклікаў вялікі інтарэс у балельшчыкаў

Салігарчане скарысталіся сітуацыяй: узорна правялі канцоўку і выйшлі наперад. Напрыканцы другога сэта нашы выпусцілі на пляцоўку рэзервовага даігроўшчыка Аляксея Канаша, які стаў вынікова атакаваць. Некалькі «мёртвых» мячоў падняў у неверагодных скачках наш капітан, а таварышы на куражы аднавілі перавагу. Усе чакалі, што сапернік саступіць, але ён знайшоў у сабе сілы, каб у наступных партыях не толькі дагнаць «Атлант», але і абыграць яго.

З атакай праблемы

«Атлант» (Паставы)—«ДЮСШ-Шахцёр» (Салігорск) — 2:3

2 дзень. 2:3 (23:25; 25:22; 23:25; 25:23; 6:15)

У паўторнай сустрэчы ролю лідара ў пастаўчан выконваў кандыдат у майстры спорту Аляксандр Пятрэвіч. У першым матчы дзякуючы яму нашы не толькі адыграліся пры ліку 12:19, але і выйшлі на адно ачко наперад. У канцоўцы партыі «Атлант» зноў займеў два сэт-болы, але не выкарыстаў іх, за што і паплаціўся. Далей пры падтрымцы гледачоў пастаўчане дагналі саперніка, але развіць поспех, на жаль, не змаглі.

Барацьба ішла звыш дзвюх гадзін да скарочанай пятай партыі. Рашаючы адрэзак матча нашы згулялі на фоне відавочнай стомленасці. І дублёры з Салігорска дабіліся поспеху паўторна. Наша каманда паклала ў сваю скарбонку ўсяго адно ачко.

У першым туры «Барысаў-БДУФК-2» двойчы з лікам 3:0 абыграў нашага наступнага саперніка — сталічны РДВАР-2007. З юнымі мінчанамі пастаўчане згуляюць дома 2 і 3 лістапада.

Уладзімір Шык



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.