Для большасці айчынных аматарскіх каманд 2-й лігі, у тым ліку для пастаўчан, папярэдні раўнд першынства завяршыўся некалькі тыдняў назад. Спецыялісты падводзяць вынікі сезона, які працягваўся 5 месяцаў. Па іх ацэнках, у паўночным дывізіёне «Віцебскі» ФСК «Паставы» пацвердзіў, што з’яўляецца адным з наймацнейшых у Прыдзвінні.
— Нам не хапіла зусім крыху, каб пры вострай канкурэнцыі зноў заваяваць бронзавыя медалі, — гаворыць галоўны трэнер пастаўскай футбольнай каманды Васіль Грантоўскі. — Аднак без узнагарод не засталіся і сёлета, прабіліся ў фінал розыгрышу Кубка вобласці па футболе. У рашаючым матчы саступілі моцнаму і лепш укамплектаванаму футбольнаму клубу «Міёры», з якім змагаліся ў чэмпіянаце на роўных. Усяго на 2 ачкі мы адсталі ад бронзавага прызёра — ФК «Полацк-2019». Зноў у лік найлепшых бамбардзіраў лігі з васьмю мячамі выйшаў наш цэнтрфорвард Герман Чалей. Ствараць галявыя моманты каманда ўмее, але іх рэалізацыя падводзіць ігракоў. Менавіта з-за гэтага на турнірнай дыстанцыі ў нас былі спады. Слабей, чым маглі, згулялі ў першым крузе, крыўдна ўпусцілі перамогі ў матчах з сенненцамі і палачанамі. На шчасце, фінішны адрэзак камандзе ўдаўся. Тры перамогі запар вывелі нас на 4-е выніковае месца, а галоўнае — пастаўчане захавалі значны патэнцыял для далейшых удалых выступленняў.
Тым часам для 16 наймацнейшых каманд з абласцей і сталіцы краіны фінальны рэспубліканскі раўнд пачаўся, як і летась, з групавога этапа. На гэты раз абодва найлепшыя прадстаўнікі Віцебшчыны стартавалі паспяхова. У групе «А» сярэбраны прызёр — ФК «Міёры-1» — на выездзе ў Мастах двойчы саступіў свайму саперніку, але пасля перапынку змог вырваць валявую перамогу з лікам 3:2. Яшчэ больш пераканаўча стартаваў дзеючы чэмпіён — віцебскі «Газавік», які на выездзе разграміў (4:1) ФК «Горкі». У наступным туры міёрцы прымалі ў сябе аднаго з фаварытаў першынства — «Стэнлес» (Пінск). Яны адкрылі лік на 3-й хвіліне намаганнямі свайго капітана Ігара Чарняўскага (дарэчы, ён у кубкавым фінале засмуціў і пастаўчан). Пінчане ў сярэдзіне тайма адказалі дзвюма трапнымі контратакамі, утрымалі пераможны лік (1:2) і першымі датэрмінова прабіліся ў наступны этап плэй-оф.
Няпроста прыйшлося на чужым полі віцябчанам, якіх з лікам 3:0 у 2-м туры дома разграміў рагачоўскі «Днепр». У абедзвюх віцебскіх каманд засталіся шанцы для выхаду ў наступную стадыю 1/4 фіналу. Праўда, «Газавіку» ў наступныя выхадныя неабходна на сваім полі перамагчы сталічных «Крумкачоў», а міёрцам — паспяхова згуляць з ФК «Мінск-2». Затым барацьбу за медалі і за 2 пуцёўкі ў прафесійную1-ю лігу прадоўжаць 8 найлепшых калектываў з чатырох груп.
Адначасова пачаўся розыгрыш чарговага Кубка рэгіёнаў Беларусі па футболе. За ганаровы трафей вялі барацьбу міёрцы, якія ў 1/4 фіналу на выездзе ў Шклове згулялі ўнічыю (1:1) з камандай «Друць» (Бялынічы). Хто з іх трапіць у 1/2 фіналу, вырашыцца ў паўторнай сустрэчы ў Міёрах.
Адбыліся і стыкавыя пераходныя паядынкі за павышэнне ў класе. У наймацнейшай групе «А» у першым матчы «Гарадоцкія львы» дома разграмілі (4:0) ФК «Чашнікі». За права гуляць у наступным годзе ў сярэдняй групе «В» змагаліся «Дзвіна» (Верхнядзвінск) і ФК «Міёры-2». У іх першай сустрэчы перамогу з лікам 2:0 святкавала «Дзвіна».
Пасля паўторных матчаў, якія адбыліся ў мінулую нядзелю, гарадокцы засталіся ў эліце, а ФК «Міёры-2» — у групе «В».
Уладзімір Шык