10-11 октября наш район посетила делегация директоров школ Ульяновского муниципального образования

Образование

У рамках пагаднення аб супрацоўніцтве, заключанага Пастаўскім раённым выканаўчым камітэтам з адміністрацыяй Ульянаўскага раёна Ульянаўскай вобласці Расіі 10—11 кастрычніка наш раён наведала дэлегацыя дырэктараў школ гэтага муніцыпальнага ўтварэння. Мэтай візіту было пазнаёміцца з арганізацыяй сістэмы адукацыі на Пастаўшчыне, абмяняцца вопытам работы з беларускімі калегамі і, магчыма, устанавіць сувязі паміж школамі.

За два дні госці з Расіі пабывалі ў 6 установах адукацыі ў горадзе і раёне. У кожнай іх пазнаёмілі з пэўным напрамкам дзейнасці, які актыўна развіваецца ў дадзенай навучальнай установе, паказалі матэрыяльна-тэхнічную базу.

Так, у дзетсадзе №6 прэзентавалі нацыянальны куток па патрыятычным выхаванні дзяцей дашкольнага ўзросту і куток пазнавальна-практычнай дзейнасці. Тэму патрыятычнага выхавання, але ўжо навучэнцаў, прадоўжылі ў СШ №4 імя В. Ф. Франтова. Тут расіянам расказалі таксама пра навукова-даследчую дзейнасць школьнікаў. Сістэма профільнага навучання і дапрофільнай падрыхтоўкі навучэнцаў і рэалізацыя пілотнага праекта «Пастаўшчына. Кожны крок — гісторыя» былі тэмамі выступленняў педагогаў першай гарадской школы. Пра работу ўстановы адукацыі з высокаматываванымі і адоранымі навучэнцамі гаварылі ў Варапаеўскай СШ. Навасёлкаўская СШ імя А. А. Валодзькі прадставіла вопыт работы класаў аграрнай накіраванасці. А педагогі Дунілавіцкай СШ расказалі пра арганізацыю пазавучэбнай дзейнасці школьнікаў і стварэнне бяспечных умоў жыццядзейнасці выхаванцаў у дзетсадаўскай групе.

Усе ўстановы адукацыі ўразілі расіян умовамі, створанымі для навучання і ўсебаковага развіцця дзяцей, або наладжанай у іх дзейнасцю. Асабліва адзначылі госці вялікую работу па патрыятычным выхаванні дашкольнікаў і навучэнцаў.

— Выхаванне сапраўдных патрыётаў з’яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў палітыкі Расійскай Федэрацыі, — гаварыла ў інтэрв’ю карэспандэнту «ПК» дырэктар Вялікаключышчанскай СШ Наталля Гарбунова. — Наша школа носіць імя ўраджэнца сяла Вялікія Ключышчы Героя Савецкага Саюза Віктара Мікалаевіча Каштанкіна, таму патрыятычная тэма для нас вельмі важная. Ёсць у нас і героі, выпускнікі школы, якія загінулі падчас правядзення спецыяльнай ваеннай аперацыі. Мы шануем іх памяць, падтрымліваем сувязь з бацькамі і выхоўваем на іх прыкладзе цяперашняе пакаленне вучняў. Мне вельмі падабаецца выраз «Сёння дзеці, а заўтра — дзяржава». Пазнаёміўшыся з патрыятычнай работай вашых устаноў адукацыі, пераканалася, што Беларусь можа быць упэўненая ў сваіх будучых грамадзянах: яны ў любы момант устануць на яе абарону і будуць ганарыцца сваёй Радзімай.

Блізкая ўльянаўскім педагогам і навукова-даследчая дзейнасць, якая таксама вядзецца ў іх школах. Яны гатовыя супрацоўнічаць у гэтым напрамку з нашымі ўстановамі адукацыі. Адзначылі госці і вялікую ўвагу да школ і дзіцячых садоў з боку кіраўніцтва раёна. А яшчэ ім вельмі спадабаўся наш горад, душэўнасць і адкрытасць людзей. Як і ўсе, хто прыязджае ў Беларусь, расіяне былі ўражаныя чысцінёй беларускіх гарадоў і мястэчак.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.