Заведующая ветаптекой Галина Симанько недавно отметила юбилейный день рождения

Общество

Загадчыца ветаптэкі Галіна Сіманька нядаўна адзначыла юбілейны дзень нараджэння

Для ўшанавання імянінніцу запрасілі ў кабінет галоўнага вет­урача раёна Андрэя Масцяніцы. З віншаваннямі прыехалі першы намеснік старшыні райвыканкама Генадзій Лютынскі, яго намеснік Эдуард Януковіч, далучыліся работнікі райветстанцыі.

Некаторы час мне давялося працаваць галоўным ветурачом раёна, — гаварыў Генадзій Лютынскі. — Адразу прыкмеціў, што Галіна Міхайлаўна неабыякавая да спраў жывёлагадоўлі, клапоціцца пра забяспечанасць гаспадарак ветпрэпаратамі, з вялікай адказнасцю ставіцца да даручанага задання. З ёй лёгка вырашаць любыя пытанні. Жадаю вам, паважаная Галіна Міхайлаўна, моцнага здароўя, шчасця і ўсяго найлепшага! Бу­дзем рады бачыць вас на рабочым месцы яшчэ доўга.

Наша юбілярка — прыклад для маладых, — дадае Андрэй Масцяніца. — У рабоце ёй дапамагае не толькі багаты вопыт, але і ўменне знайсці падыход да любога чалавека. Калі трэба, праявіць прынцыповасць. А яе працавітасці можна толькі пазайздросціць.

Заведующая ветаптекой Галина Симанько недавно отметила юбилейный день рождения

Быць такой жанчыну навучыла жыццё. Нарадзілася ў Талачынскім раёне. У сям’і было трое дзяцей. Раслі не беларучкамі, бо ў вёсцы работы заўсёды шмат. Пасля заканчэння 8 класаў Галя паступіла ў Лужаснянскі сельскагаспадарчы тэхнікум. Падчас вучобы закахалася ў хлопца з Пастаўшчыны, які вучыўся на агранамічным факультэце. Атрымаўшы дыплом, дзяўчына 1 сакавіка 1974 года прыйшла працаваць у калгас на сваёй радзіме. Яе каханаму заставаўся яшчэ год вучобы. Затым яго прызвалі ў армію.

Калі згулялі вяселле, маладая сям’я пераехала ў наш раён — у вёску Ліпнікі, дзе жылі бацькі мужа. Маладога ветфельчара назначылі галоўным ветурачом былога калгаса «Слава» з цэнтрам у Шырках. З людзьмі сыходзілася лёгка дзякуючы сваёй камунікабельнасці. Жывёлаводы ставіліся да яе з павагай, падтрымлівала кіраўніцтва гаспадаркі. Малады спецыяліст часта наведвала кожную ферму, уважліва сачыла за станам здароўя жывёлы, своечасова праводзіла вітамінізацыю і вакцынацыю. Таму ў гаспадарцы былі высокія надоі і прывагі.

Часта параўноўваю ўмовы працы нашага пакалення і сучаснага: гэта неба і зямля, — гаварыла ветэран. — Цяпер спецыялісты забяспечаныя транспартам, хапае ветпрэпаратаў. А я дабіралася ўсюды пешшу: з Ліпнікаў ішла ў Рамелькі, Кашыцы, Споры, Салаўі, Шыркі… Ужо пазней далі каня. На ім фермы аб’язджала ў асноўным зімой. Памятаю, знаёмы зрабіў мне прыгожы вазок, пакладу ў яго сена — і ў дарогу!

Галіна Сіманька з ўдзячнасцю ўспамінала загадчыкаў ферм, даярак, цялятніц, з якімі давялося працаваць. Яны душой хварэлі за сваю справу, затрымліваліся пры неабходнасці на фермах, хоць ва ўсіх былі сем’і, гаспадарка. Сваёй мудрай настаўніцай лічыць былога галоўнага заатэхніка калгаса «Слава» Марыю Дзюшко. Разам яны адпрацавалі амаль 20 гадоў.

Пражыўшы разам са свёкрам і свекрывёй шэсць гадоў, Галіна з мужам, сынам і дачкой пераехала ў Паставы, але працаваць засталася ў калгасе. Вельмі рана — у 29 гадоў — аўдавела. Справіцца з заўчаснай стратай гаспадара дапамаглі работа і людзі, якія акружалі. Пазней сустрэла чалавека і пражыла з ім у грамадзянскім шлюбе больш за 20 гадоў. І зноў бяда — не стала і яго…

Ветаптэкай Галіна Міхайлаўна загадвае ўжо 22 гады. Клапоціцца, каб у наяўнасці былі неабходныя вакцыны, сыроваткі, вітаміны, кіслоты, супрацьмікробныя, супрацьпаразітарныя, стымулюючыя сродкі. Усе прэпараты заказвае на УП «Полоцкий зооветснаб».

Мне падабалася працаваць ветфельчарам, — гаварыла суразмоўца. — Работу ў ветаптэцы таксама вельмі люблю. З часам многае мяняецца, таму вывучаю навінкі, прапаную іх ветурачам гаспадарак. Мне гэта цікава.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.