Калі выязджаю ў гаспадаркі раёна, заўсёды любуюся каралевай палёў — кукурузай. З вясны яе ўсходы не ўсюды былі дружнымі. Але прайшлі дажджы — і раслінкі пайшлі ў рост. У жніўні кукуруза з налітымі жоўтымі пачаткамі вымахала вышэй за рост чалавека. Нарыхтоўку сіласу, які з’яўляецца асноўным кампанентам рацыёну буйной рагатай жывёлы, сельгаспрадпрыемствы распачалі ў пачатку верасня.
У сераду механізатары ААТ «Хацілы-агра» Валерый Ярашэвіч і Андрэй Курто на «Ягуарах» убіралі кукурузу на полі недалёка ад Койраў. Знайсці іх удалося па сіласаправодах «Ягуараў», якія толькі і былі бачныя з высокай кукурузы. Абодва механізатары маюць багаты вопыт работы на сельскагаспадарчай тэхніцы. «Ягуару» Андрэя 22 гады. Амаль столькі часу ён на ім і працуе. Як толькі пачынаецца корманарыхтоўка, выводзіць кормаўборачны камбайн на сенажаці і косіць травы, наступае час кукурузы — пераключаецца на яе. Валерый больш прывык працаваць на збожжаўборачным камбайне, на жніве штогод адным з першых намалочвае тысячу тон збожжа. Летась гаспадарка набыла новы «Ягуар» і даверыла Ярашэвічу. Паколькі чалавек добра разбіраецца ў любой тэхніцы, то хутка асвоіў і гэту.
— Уборку кукурузы пачалі намнога раней, чым звычайна, і з горшых палёў, — расказвалі механізатары. — Культура ўжо дасягнула малочна-васковай спеласці. Работы наперадзе шмат. Галоўнае — не зніжаць тэмпаў, бо ад таго, як пастараемся цяпер, будзе залежаць забяспечанасць грамадскага статка кармамі на працягу года. Надвор’е спрыяе, таму і працуецца з задавальненнем.
Каралева палёў у ААТ «Хацілы-агра» займае амаль 800 гектараў.
Большасць кукурузных палёў сканцэнтравана ля малочнатаварнага комплексу і ферм, дзе і закладваюць сіласныя траншэі. Гэта значна эканоміць і час, і паліва.
Развіталася з механізатарамі, але яшчэ некаторы час назірала за іх зладжанай работай: корманарыхтоўчыя камбайны ў тандэме з трактарамі з прычэпамі ішлі па кукурузным полі, гаспадары «Ягуараў» дакладна падавалі зялёную масу ў прычэпы, раўнамерна яе размяркоўваючы па іх. І як толькі прычэп напаўняўся, механізатар накіроўваўся да сіласнай траншэі ў Койры, а яго месца займаў іншы. Па тым, як хутка адбываўся працэс, можна меркаваць, што сёлета каралева палёў у Хацілах, як заўсёды, урадзіла.
Анна Анішкевіч