У пачатку верасня ў Пастаўскім Доме рамёстваў «Стары млын» адкрылася выстава «Рамесная карусель». На ёй прадстаўлены вынік сумеснай працы ўдзельнікаў аднайменнага адкрытага праекта, арганізаванага народным клубам аматараў абрэзкавага шыцця «Рошва» з Полацка.
Удзел у праекце прынялі 25 майстроў з 20 гарадоў Беларусі. Кожнаму было прапанавана стварыць пачатковае пано памерам 20х20 сантыметраў з любым цікавым майстру сюжэтам. Работу аўтар павінен быў адправіць іншаму майстру, які дапаўняў яе сваім абрамленнем, а затым перасылаў наступнаму майстру. Той — яшчэ аднаму. І так да таго часу, пакуль пано не «вырастала» да 80 сантыметраў. Апошні, хто прыклаў руку да яго — а ўсяго ў стварэнні ўдзельнічалі 5 чалавек, — адпраўляў калектыўную работу ў «Рошву», майстрыхі якой злучалі дэталі, рабілі сцежку і акантоўку.
Такім чынам атрымалася 25 яркіх калейдаскопных карцін з арыгінальным цэнтрам. Два з іх выконвалі майстры Пастаўскага Дома рамёстваў Таццяна Петух і Крысціна Брэская. Таццяна Мікалаеўна ўзяла за аснову сваёй кампазіцыі фотаздымак былога млына, у якім цяпер размяшчаецца ўстанова культуры. А Крысціна Мікалаеўна паўтарыла ў тэхніцы абрэзкавага шыцця эмблему міжнароднага фестывалю народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік». Майстры з Віцебска і Глыбокага зрабілі эмблемы «Славянскага базару» і «Вішнёвага фестывалю», рукадзельніца з Ушач — выяву комплексу «Прарыў». Хтосьці дакладна перадаў герб роднага горада, хтосьці — храм ці памятную мясціну або нешта іншае.
— Выстава цікавая тым, што на ёй можна павучыцца розным тэхнікам абрэзкавага шыцця, паглядзець, як робіцца ручная і машынная сцежка, — гаварыла дырэктар Дома рамёстваў Таццяна Петух. — Таму чакаем наведвальнікаў! Уваходны білет каштуе ўсяго 60 капеек. Заўважу, што «Рамесная карусель» пабывала ў многіх гарадах Беларусі, а таксама за мяжой. У Паставах яна будзе знаходзіцца да сярэдзіны кастрычніка. Рэжым работы «Старога млына» такі: з аўторка па пятніцу мы адкрытыя з 8.00 да 19.00, у суботу — да 18.00, у нядзелю — да 17.00. Панядзелак — выхадны.
Алена Шапавалава