У мінулы чацвер у Паставах прайшла рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя з міжнародным удзелам «Гістарычныя этапы станаўлення і сучасныя напрамкі развіцця фармацыі».
Канферэнцыя прысвячалася 105-годдзю ўтварэння сістэмы аховы здароўя Беларусі. Яе ўдзельнікамі сталі 110 чалавек, 30 з якіх удзельнічалі анлайн. Гэта кіраўнікі цэнтральных раённых аптэк з усёй краіны, прадстаўнікі Міністэрства аховы здароўя, рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Белфармацыя» і ўсіх рэгіянальных УП «Фармацыя», Беларускага дзяржаўнага і Віцебскага дзяржаўнага медыцынскіх універсітэтаў, медыцынскіх каледжаў з Віцебска, Мінска і Магілёва, Пермскай дзяржаўнай фармацэўтычнай акадэміі, а таксама Пастаўскай ЦРБ і 1-га ваеннага шпіталя.
Экскурсія ў мінулае аптэк
Арганізатарам канферэнцыі выступіла Віцебскае УП «Фармацыя». Яно невыпадкова выбрала Паставы месцам правядзення такога маштабнага мерапрыемства. У нашым горадзе знаходзіцца ўнікальная аптэка №87. Яна размяшчаецца ў будынку XVIII стагоддзя, які раней быў домам урача і за 250 гадоў не страціў першапачатковага выгляду, па-ранейшаму эксплуатуецца па сваім прамым прызначэнні. Акрамя таго, 6 гадоў назад на базе цэнтральнай аптэкі была створана такая ж унікальная музейная экспазіцыя, якая апавядае пра гісторыю аптэкарскай справы на Віцебшчыне з сярэдзіны XVIII стагоддзя да цяперашняга часу.
Музей і стаў зыходным пунктам канферэнцыі. Госці з інтарэсам хадзілі па яго выставачных залах, разглядвалі прадстаўленыя экспанаты. Усяго іх больш за 500: аптэчныя мэбля, посуд, прыборы, апараты, інструменты, архіўныя фотаздымкі, кнігі, дакументы і інш. Збіраць старажытныя рэчы пастаўскім аптэкарам дапамагалі калегі з іншых раёнаў вобласці, а таксама мясцовыя жыхары, якія прыносілі шклянкі з-пад лякарстваў. Экспазіцыя складаецца з некалькіх раздзелаў, прысвечаных розным гістарычным перыядам. Тут можна пазнаёміцца з гісторыяй будаўніцтва аптэкі ў Паставах і даведацца пра яе былога ўладальніка Іосіфа Кенстовіча, убачыць, як раней выглядаў кабінет урача і як лячылі хворых знахары.
Не меншы інтарэс ва ўдзельнікаў канферэнцыі выклікаў і аптэкарскі агарод, размешчаны ў двары ўстановы аховы здароўя, дзе яе работнікі вырошчваюць каля 45 відаў лекавых раслін. Таксама многія ахвотна прынялі прапанову адправіцца на экскурсію па гістарычнай частцы горада, якую правёў дырэктар Пастаўскага раённага турыстычнага інфармацыйнага цэнтра Дзмітрый Андрэеў.
Ад гісторыі да сучаснасці
Пасля знаёмства з гісторыяй Пастаў госці перамясціліся ў раённы Дом культуры. У яго фае сваю прадукцыю прадставілі вытворцы лекавых прэпаратаў і вырабаў медыцынскага прызначэння рэспублікі: Барысаўскі завод медыцынскіх прэпаратаў, кампаніі «Лекфарм», «АмантисМед» і «Экзон», навуковае фармацэўтычнае прадпрыемства «Академфарм». Іх прадстаўнікі ахвотна расказвалі ўдзельнікам канферэнцыі пра фармацэўтычныя навінкі, уручалі промапрадукцыю. Паклапацілася пра падарункі калегам і Віцебскае УП «Фармацыя».
Ну а затым пачалася сама канферэнцыя. Ад імя раённага выканаўчага камітэта прысутных у зале вітаў намеснік старшыні райвыканкама Станіслаў Чымбург. Ён падзякаваў кіраўніцтву «Белфармацыі» за гонар прымаць гасцей з усёй рэспублікі ў Паставах, адзначыў, што фармацэўты цэнтральнай аптэкі раёна працуюць над вырашэннем важнай сацыяльнай задачы — забяспечваюць насельніцтва і арганізацыі аховы здароўя Пастаўшчыны высокаэфектыўнымі, якаснымі і бяспечнымі лекавымі сродкамі. Тут ёсць як пэўныя поспехі, так і некаторыя праблемы. Гэта, у прыватнасці, удасканаленне матэрыяльна-тэхнічнай базы аптэк, асабліва ў сельскай мясцовасці, работа з маладымі спецыялістамі і іх замацаванне на сваіх рабочых месцах. Таксама Станіслаў Уладзіміравіч коратка расказаў гасцям пра наш раён.
Адкрыла канферэнцыю кансультант упраўлення фармацэўтычнай інспекцыі Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Таццяна Сіцько. Яна ўручыла загадчыку цэнтральнай аптэкі №87 Пастаўскага раёна Жанне Лагвіненцы, якую ў той дзень віншавалі з 40-годдзем кіравання ўстановай, Падзячнае пісьмо калектыву, падпісанае намеснікам міністра аховы здароўя краіны Аляксандрам Старавойтавым. Пажадала дакладчыкам паспяховых выступленняў, а ўсім прысутным — цікавай і карыснай для іх інфармацыі. Са словам прывітання да ўдзельнікаў звярнуўся таксама генеральны дырэктар РУП «Белфармацыя» Сяргей Літаш. Пасля чаго перайшлі непасрэдна да дакладаў.
Яны закраналі не толькі гісторыю станаўлення фармацыі ў Беларусі, але і многія аспекты развіцця галіны на сучасным этапе. У прыватнасці, ішла гаворка пра шляхі ўдасканалення сістэмы якасці аптэчнага складу, падрыхтоўку спецыялістаў для практычнай дзейнасці, асаблівасці выкладання асобных дысцыплін у вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных установах, еднасць навукі і прыроды і іншае. Перад прысутнымі выступілі прадстаўнікі «Белфармацыі» і яе рэгіянальных прадстаўніцтваў, выкладчыкі медыцынскіх універсітэтаў і каледжаў з Мінска, Віцебска і Магілёва, загадчыкі цэнтральных раённых аптэк, менеджары прадпрыемстваў па вытворчасці медпрэпаратаў. Усяго было заслухана 16 дакладаў, у тым ліку адзін — дацэнта Пермскай фармацэўтычнай акадэміі — анлайн. Выкладчык расійскай ВНУ расказала пра дзейнасць музея акадэміі па вывучэнні і захаванні гісторыі фармацыі Пермскай губерні.
Як адзначыў Сяргей Літаш, такія сустрэчы вельмі патрэбныя.
— Калі мы сустракаемся, маем магчымасць падзяліцца вопытам, абмяняцца меркаваннямі, — гаварыў ён. — Тэма канферэнцыі вельмі блізкая духу часу, паколькі 2024-ы — год юбілеяў. Літаральна пазаўчора мы адсвяткавалі 85-годдзе ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР, крыху раней — 80-годдзе вызвалення рэспублікі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, таксама сёлета спаўняецца 105 гадоў сістэме аховы здароўя краіны. Гэтыя даты — нагода напомніць сабе і іншым пра неабходнасць захавання гістарычнай памяці і назапашаных стагоддзямі ведаў для таго, каб перадаць іх моладзі і наступным пакаленням.
Кацярына Барысевіч, генеральны дырэктар Віцебскага УП «Фармацыя»:
Лічу, што канферэнцыя — значны крок у развіцці фармацэўтычнай дзейнасці, паколькі садзейнічае абмену меркаваннямі паміж маладымі і вопытнымі фармацэўтычнымі спецыялістамі розных рэгіёнаў краіны, дапамагае падтрымліваць сувязь паміж тэорыяй і практыкай. Правядзенне канферэнцыі з’яўляецца важнай падзеяй і ў жыцці Віцебскага
УП «Фармацыя»: яна, несумненна, дапаможа палепшыць працэс навучання фармспецыялістаў, вытворчасць і рэалізацыю лекавых прэпаратаў, стане стымулам да далейшай плённай працы.
Алена Шапавалава