Як ужо паведамлялася ў «Пастаўскім краі», г. п. Варапаева ўключана ў дзяржаўную праграму па добраўпарадкаванні аграгарадкоў і пасёлкаў гарадскога тыпу, разлічаную на 2024—2025 гады.
На пераўтварэнні пасёлка з абласнога і раённага бюджэту выдзелена 2 млн 395 тыс. І яны паспяхова асвойваюцца.
Добраўпарадкаванне гарадскога пасёлка Варапаева працягваецца. На мінулым тыдні цудоўны падарунак атрымалі самыя юныя жыхары мікрараёна былога завода жалезабетонных вырабаў — тут з’явілася дзіцячая гульнёвая пляцоўка. У яе ўваходзяць вялікі шматфункцыянальны комплекс, двайныя арэлі, балансір і дзве пясочніцы.
Кошт абсталявання, вырабленага на расійскай фірме ROMANA, каля 14 тысяч рублёў. Яго зманціравалі і ўстанавілі работнікі Варапаеўскага ўчастка УП ЖКГ Сяргей Мацкевіч, Алег Сініца, Вадзім Малік і Андрэй Петух. Акрамя таго, каля дамоў №№13, 15 і 17 камунальнікі і дарожнікі паклалі асфальт, устанавілі бардзюры.
— Гульнёвая пляцоўка адразу ж стала месцам прыцягнення ў асноўным дзяцей дашкольнага ўзросту, якіх у гэтым мікрараёне нямала, — расказвала майстар шматгаліновых паслуг УП ЖКГ Марына Саўчанка. — Заглядваюць на яе і старэйшыя. Тут ёсць усё для цікавых і бяспечных забаў.
Фаіна Касаткіна