У чэрвені ў Пастаўскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе адкрылася новае аддзяленне — футбола. Адным з яго трэнераў стаў член футбольнага спартыўнага клуба «Паставы» Уладзімір Камісарчук, добра вядомы мясцовым аматарам самай папулярнай гульні на планеце.
Любоў да гэтага віду спорту ва Уладзіміра з ранняга дзяцінства. Яшчэ маленькім хлопчыкам ён пачаў ганяць мяч з равеснікамі ў двары і на школьным стадыёне. Падчас вучобы ў СШ №3 нават запісаўся ў секцыю валейбола, бо ў канцы кожнай трэніроўкі валейбалісты паўгадзіны гулялі ў футбол. Бачачы такое захапленне сына, маці завяла 9-гадовага Валодзю ў спартшколу і не стала пярэчыць, калі ён дзеля любімай гульні вырашыў кінуць музычную школу, дзе займаўся па класе фартэпіяна.
Пасля стварэння на базе Пастаўскага мэблевага цэнтра Акадэміі футбола Уладзімір Камісарчук разам з сябрамі-спартсменамі перайшоў туды. Пад кіраўніцтвам вопытных трэнераў Яўгенія Чарнухіна і Сяргея Ясінскага юныя футбалісты з Пастаў удзельнічалі ў шматлікіх турнірах, займаючы прызавыя месцы, нават сталі сярэбранымі прызёрамі рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў «Скураны мяч» на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба ў сваёй узроставай групе. Двойчы былі на зборах у Італіі, дзе на роўных гулялі з вядомай мясцовай камандай. Некаторых выхаванцаў акадэміі, сярод якіх быў і Уладзімір, прыцягвалі гуляць за дарослую пастаўскую футбольную каманду.
Увогуле вучоба ў акадэміі адчыніла перад юнаком дзверы ў прафесійны спорт. За год да заканчэння школы Уладзіміра запрасілі ў бабруйскую «Белшыну». Паспяхова прайшоў там прагляд, але, падумаўшы, адмовіўся ад прапановы стаць
членам зборнай і падпісаць кантракт: вырашыў спачатку атрымаць атэстат. У 2014 годзе паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры на аддзяленне футбола. Выбраў завочную форму навучання, каб мець магчымасць па-ранейшаму актыўна гуляць у футбол. Праўда, пагуляць давялося нядоўга. Паўгода патрэніраваўся ў складзе «Нафтана», з’ездзіў з ім на пару турніраў — і адправіўся па павестцы на тэрміновую службу ў армію.
Звольніўшыся ў запас, закончыў універсітэт і ўладкаваўся ў Дэпартамент аховы ў Мінску. Адпрацаваў там 4 гады, адначасова гуляючы ў розных аматарскіх чэмпіянатах краіны па футболе і міні-футболе. Затым на 2 гады з’ехаў у Літву, але прадоўжыў гуляць у аматарскай лізе ў Беларусі і за ФСК «Паставы». У лютым гэтага года вярнуўся на Радзіму, і неўзабаве дырэктар Пастаўскай ДЮСШ Эрык Касцючэнка запрасіў яго на работу ў спартшколу.
— Мне прапанавалі трэніраваць дзяцей 2014—2017 гадоў нараджэння, — расказваў Уладзімір Камісарчук. — Упершыню паспрабаваў гэта рабіць у Літве і магу сказаць, што вопыт быў цікавым. Таму адразу згадзіўся на прапанову. Цяпер набіраю тры групы хлопчыкаў, у кожнай павінна быць не менш за 17 чалавек. Ахвотных займацца футболам вельмі шмат: кожны дзень прымаю дзясяткі званкоў ад бацькоў. У аддзяленні буду працаваць на пару з трэнерам ФСК «Паставы» Васіліем Грантоўскім, які набірае старэйшых дзяцей.
Планую праводзіць па тры трэніроўкі на тыдзень для кожнай групы. Пакуль ідзе рэканструкцыя гарадскога стадыёна, займацца будзем на полі ПМЦ, а таксама на стадыёне СШ №1. У працэсе работы давядзецца ўспомніць усё, чаму вучылі ва ўніверсітэце, а таксама тое, як нас трэніравалі ў акадэміі. Спадзяюся, усё атрымаецца.
А мы спадзяёмся, што ў дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе выгадуюць нямала перспектыўных футбалістаў, якія ў далейшым будуць выступаць за розныя клубы Беларусі і, канешне ж, праславяць ФСК «Паставы».
Алена Шапавалава