«У нас – новы МАЗ!» — радуюцца ў Пастаўскім філіяле Віцебскага аблспажыўтаварыства.
Прычым ключы ад аўтамагазіна пастаўчанам у ліку іншых кааператараў Віцебшчыны ўручылі старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін і старшыня праўлення Белкаапсаюза Інэса Караткевіч.
Урачыстая перадача транспарту адбылася ў Віцебску 17 верасня — у Дзень народнага адзінства. У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №309, тэхніка закуплена па дагаворах фінансавай арэнды ў ААТ «Прамагралізінг».
Гэты здымак я зрабіла на наступны дзень, калі «МАЗ-Купава» ўжо знаходзіўся на тэрыторыі аўтабазы філіяла. Вадзіцель Аляксандр Бароўка, якому даручылі новую тэхніку, расказваў:
— Аўталаўцы, на якой працаваў да гэтага, 17 гадоў. Часта здараліся паломкі, у тым ліку на маршруце. Лічы, усю перабраў сваімі рукамі. Безумоўна, МАЗ не ідзе ні ў якое параўнанне са старой машынай.
З мэтай стварэння ўмоў для павышэння якасці абслугоўвання сельскага насельніцтва 5 жніўня бягучага года Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь падпісаў Указ №309 «Аб падтрымцы арганізацый спажывецкай кааперацыі». Адным з пунктаў у ім значыцца набыццё ў 2024–2026 гадах 240 спецыяльных аўтамабіляў з гандлёвымі фургонамі за сродкі мясцовых інавацыйных фондаў.
Яшчэ большае задавальненне выказала прадавец Людміла Касарэўская, у якой 20-гадовы стаж работы ў магазіне на колах:
— Вы толькі паглядзіце, як абсталявана «Купава»: дзве маразільныя скрыні, вялікі двухстворкавы халадзільнік, вітрыны, паліцы, умывальнік з падагрэвам, зручная лесвіца. Ёсць усе ўмовы для размяшчэння, захоўвання і продажу тавару. Уяўляю, як будуць радавацца гэтаму і пакупнікі. А абслугоўваем мы 436 чалавек у 33 вёсках. Такіх, як Міхнічы, Шурпікі, Савічы, Цешалава, Сяргеевічы, Карпавічы, Дашкі, Гліншчына, Гаўрылавічы. У залежнасці ад маршруту кожны дзень праязджаем ад 90 да 120 кіламетраў.
— Да канца бягучага года мы атрымаем яшчэ чатыры такія ж аўтамагазіны, — паведаміла выконваючая абавязкі дырэктара Пастаўскага філіяла Віцебскага аблспажыўтаварыства Алёна Дзеравянка. — Такім чынам праблема з імі вырашыцца. Аднак нас вельмі непакоіць тое, што многія дарогі ў сельскай мясцовасці зараслі кустамі і па іх цяжка праязджаць высокагабарытным машынам. Шкада, калі наша новая тэхніка будзе пашкоджана. Хочацца спадзявацца, што сельскія Саветы, дарожныя службы прымуць меры да належнага ўтрымання дарог.
Фаіна Касаткіна