В центре коррекционно-развивающего обучения и реабилитации Поставского района появились детская площадка и школьный автобус

Общество

Праходзячы каля цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Пастаўскага раёна, немагчыма не звярнуць увагу на яркую дзіцячую пляцоўку і новенькі школьны аўтобус у двары ўстановы. І гэта далёка не ўсё, што змянілася тут напярэдадні новага навучальнага года.

Школьны аўтобус мы атрымалі яшчэ ў снежні мінулага года, — расказвала дырэктар цэнтра Іна Краўчук. — І ўжо са студзеня пачалі падвозіць на ім дзяцей спецкласа. Усяго такіх восем чалавек. Дастаўляем іх на заняткі, а потым назад, дадому. Шасцёра з іх пражываюць у Паставах, двое — у Юньках і Шырках. Што да дзіцячай пляцоўкі, то яе абсталявалі ў ліпені за сродкі, якія ўжо другі год запар выдзяляюцца нам з бюджэту. Гэта 15 тысяч рублёў. На іх, акрамя таго, набылі інтэрактыўны стол для заняткаў дзяцей з настаўнікам-дэфектолагам і збіраемся купіць камп’ютар для работы спецыялістаў.

В центре коррекционно-развивающего обучения и реабилитации Поставского района появились детская площадка и школьный автобус

Па словах Іны Іванаўны, рознакаляровая пясочніца пад парасонам, такая ж яркая лавачка са спінкай у выглядзе машынкі і яшчэ адна машынка, у якой можна пасядзець і пакруціць руль, уявіўшы сябе вадзіцелем, выклікалі буру эмоцый у дзяцей. Цяпер навучэнцы спецкласа з нецярпеннем чакаюць прагулкі, каб пагуляць на пляцоўцы.

Зразумела, трох аб’ектаў на ёй малавата, — працягвала кіраўнік установы. — Нам хацелася б і альтанку паставіць, і, магчыма, нейкія бяспечныя для нашых дзетак арэлі… Вельмі спадзяёмся, што пляцоўка будзе прырастаць. Таксама хочацца зрабіць у адным з памяшканняў цэнтра сэнсарны куток. Гэта будзе магчыма, калі ў наступным годзе нам зноў вы­дзеляць грошы з бюджэту.

В центре коррекционно-развивающего обучения и реабилитации Поставского района появились детская площадка и школьный автобус

Сёння рознымі відамі дапамогі ў ЦКРНіР ахоплены 42 дзіцяці. 14 з іх з’яўляюцца навучэнцамі спецкласа, у тым ліку 5 навучаюцца дома. Адно дзіця знаходзіцца на надомнай дашкольнай адукацыі, яшчэ аднаму ва ўзросце да 3 гадоў спецыялісты цэнтра аказваюць раннюю дапамогу. Астатнія наведвальнікі ўстановы – навучэнцы школ і выхаванцы дзіцячых садоў раёна, якія прыходзяць на заняткі да настаўніка-дэфектолага.

Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі — адна з устаноў адукацыі раёна, якой рэгулярна аказваюць дапамогу нераўнадушныя. Такімі пастаяннымі спонсарамі з’яўляюцца Пастаўскі мэблевы цэнтр, малаказавод, ААТ «Паставымэбля» і завод «Проміс». Сёлета яны пералічылі на рахунак ЦКРНіР 4 200 рублёў на правядзенне бягучага рамонту. За гэтыя грошы тут змаглі завяршыць устаноўку новых пластыкавых вокнаў (замянілі апошнія 5 аконных блокаў) і капітальна адрамантаваць кабінет настаўніка-дэфектолага, а таксама паслалі новы лінолеум у дзіцячай гардэробнай.

Варта сказаць і пра тое, што сёння ў карэкцыйным цэнтры на сто працэнтаў створана даступнае асяроддзе для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Зроблены металічныя поручні і пандус на ганку, унутры будынка ўстаноўлены моўныя інфарматары і мнемасхемы са шрыфтам Брайля, на падлозе пакладзены тактыльная плітка і накіравальныя элементы. Належным чынам абсталяваны санвузел.

З 1 верасня ў штаце цэнтра з’явіўся яшчэ адзін выхавальнік — індывідуальнага суправаджэння дзіцяці з расстройствамі аўтыстычнага спектра. Зараз ён вучыцца на алігафрэнапедагога і ў далейшым, атрымаўшы дыплом, зможа працаваць з дзецьмі з разумовай адсталасцю.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.