Учеба для третьекурсников Поставского государственного колледжа началась с производственной практики

Образование

Вучоба для трэцякурснікаў Пастаўскага дзяржаўнага каледжа, якія атрымліваюць спецыяльнасці трактарыста-машыніста сельскагаспадарчай вытворчасці катэгорый «С», «D», «F», слесара па рамонце сельгастэхнікі, пачалася з вытворчай практыкі.

Хлопцы раз’ехаліся на сельгаспрадпрыемствы раёна, боль­шасць з іх — па месцы жыхарства. Аляксей Масцяніца і Кірыл Камлягін у гэтыя дні займаюцца рамонтам тэхнікі ў ААТ «Сцяг Перамогі-агра». Калі я прыехала на машынны двор у Шыркі, практыканты дапамагалі ў рамонце корманарыхтоўчага камбайна Віктару Чыпко. З гэтым вопытным механізатарам за час сваёй работы ў рэдакцыі мне даводзілася сустракацца на розных участках. Цяпер Віктар убірае кукурузу на сілас.

Учеба для третьекурсников Поставского государственного колледжа началась с производственной практики

Гэта мой айчым, — прадставіў Віктара Аляксей. — Выхоўвае мяне на працягу 11 гадоў. З ім магу параіцца па любым пытанні.

Мама Аляксея працуе галоўным заатэхнікам ААТ «Сцяг Перамогі-агра». Завочна вучыцца ў Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны. Цяпер знаходзіцца на экзаменацыйнай сесіі. Мужчыны самі спраўляюцца па гаспадарцы і доме.

У мяне ў Шырках жыве дзед, — расказваў Кірыл Камлягін. — І ён, і мой бацька — механізатары. І я пайшоў па іх слядах.

Дзед Кірыла — Уладзімір Цюль­панаў — у пашавы перыяд абслугоўвае перасоўную дойку. Вечарам з унукам любіць абмерка­ваць рабочыя пытанні.

Учеба для третьекурсников Поставского государственного колледжа началась с производственной практики

Аляксей і Кірыл старанныя, — хваліў практыкантаў загадчык майстэрняў гаспадаркі Віктар Граблеўскі. — Яно і не дзіўна. Ім ёсць у каго вучыцца, з каго браць прыклад і на каго раўняцца.

Калі гутарыла з дырэктарам каледжа Сяргеем Шамовічам, той прапанаваў напісаць пра яшчэ двух навучэнцаў: Аляксандра Сакалова і Елісея Варахова. Першага не раз фатаграфавала разам з бацькам Андрэем Сакаловым падчас жніва на сучасным камбайне New Holland  малочнага завода. Саша з дзяцінства цягнуўся да тэхнікі, для яго не было праблемай рана прачнуцца і адправіцца ў поле.

З бацькам на камбайне 7 сезонаў адпрацаваў, — гаварыў Саша. — На якіх работах ён быў задзейнічаны, тыя і я вучыўся выконваць. Умею араць, культываваць. А сеяць вучыў дзядзь­ка Артурас Чапскас, які, як і мой бацька, працуе на малочным заводзе. Нескладана даецца тэорыя. Экзамен на права кіраваць трактарам здаў з першага разу.

Учеба для третьекурсников Поставского государственного колледжа началась с производственной практики

Саша вытворчую практыку праходзіць у каледжы, дзе ёсць свая падсобная гаспадарка, шмат сельскагаспадарчай тэхнікі. Разам з аднагрупнікамі Андрэем Дзілем, Андрэем Груздом і Максімам Кянько спачатку рамантавалі трактары, навясное абсталяванне. Цяпер Саша Сакалоў перасеў на трактар і падвозіць зерне ў поле, дзе вядзецца сяўба азімых.

Наступную практыку буду праходзіць на малочным заводзе, — апавядаў хлопец. — У мяне з прадпрыемствам заключаны дагавор на мэтавае навучанне. Там мне гарантавана першае рабочае месца.

Елісей Варахоў на працягу апошніх гадоў падчас зімовых і летніх канікул уладкоўваецца на льнозавод, дзе працуюць мама і айчым. Зімой яго рукі былі запатрабаваныя ў цэху, летам дапамагаў на ўборцы льну. Сёлета на церабленні працаваў памочнікам у Ігара Аношкі. На гэта прадпрыемства папрасіўся і на вытворчую практыку. Хлопца прынялі з радасцю і замацавалі за ім трактар з прэсам.

Рулоніць лён не зусім проста, — гаварыў Елісей. — Гэта не ў прычэпе грузы перавозіць. Асвойваць новую работу дапамагаюць вопытныя механізатары. Цяпер працую на адным полі з Сяргеем Студзянковым.

Елісей — малайчына! — уключаецца ў размову Сяргей. — Ён і трактарам кіруе не горш за прафесіяналаў, і з рамонтам, калі трэба, дапамагае. Разбіраецца ва ўсім. Для яго нескладана замяніць рэмень, ланцуг. Будзе толк з хлопца!

Вытворчая практыка — адзін з важных этапаў прафесійнай падрыхтоўкі. Яна дазваляе навучэнцам замацаваць тэарэтычныя веды і атрымаць каштоўны вопыт работы па абранай спецыяльнасці. Спадзяюся, што з многімі сённяшнімі практыкантамі яшчэ не раз сустрэнуся не толькі ў полі, але і на мерапрыемствах па ўшанаванні найлепшых хлебаробаў.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.