Людзям, занятым якой-небудзь карыснай працай, у народзе жадаюць: «Бог у дапамогу!» А хлебаробам ААТ «Навасёлкі-Лучай» дапамагаюць на ўборцы бульбы навучэнцы Пастаўскага дзяржаўнага каледжа.
Гэта адзіная ў раёне гаспадарка, дзе вырошчваюць бульбу. Яна займае 35 гектараў. Вясной другі хлеб садзіў механізатар Сяргей Гіль, даглядаў яго Аляксандр Муляронак. Прыйшоў час капаць — вывеў у поле бульбаўборачны камбайн Аляксандр Федаронак. Казімір Віннік і Сяргей Гіль падчапілі да трактароў капалкі. А каб падбіраць клубні, патрэбны рабочыя рукі. Як і ў мінулыя гады, выручаюць юныя памочнікі.
— Сфарміравана пяць студатрадаў, якія аб’ядноўваюць 123 чалавек, — расказвала першы сакратар райкама БРСМ Анастасія Пятрова. — Тры атрады працуюць да абеду, два — пасля. Такая занятасць спрыяе згуртаванню першакурснікаў. Яны бліжэй знаёмяцца паміж сабой, вучацца падстаўляць адзін аднаму плячо. Куратары кантралююць працэс уборкі, запісваюць у сшытак колькасць набраных навучэнцамі вёдзер.
— Дапамога юных памочнікаў вельмі дарэчы, — з удзячнасцю гаварыў начальнік навасёлкаўскага аддзялення Дзмітрый Лібоза. — Працуюць, як умеюць. Асабліва хочацца адзначыць групу, куратарам у якой Марына Хухрына. Хлопцы — будучыя тэхнікі-механікі. Большасць з іх працавітыя. Разумеюць: пакуль стаіць сонечнае надвор’е, марнаваць час нельга, трэба ўбраць як мага больш. За змену набіраюць да 10 тон клубняў.
У панядзелак на бульбяным палетку каля Навасёлак работа сапраўды кіпела. Прайшоўшы адны барозны, хлопцы перайшлі на наступныя. Тыя аказаліся больш ураджайнымі. Вялікія клубні хутка напаўнялі вёдры, куратар толькі паспявала адзначаць, хто колькі высыпаў у прычэп. Настрой у юных памочнікаў палепшыўся.
— Абавязкова адзначце бясспрэчных лідараў, — прасіла Марына Хухрына і назвала Ілью Крыніцкага, Арсенія Урбана, Дзмітрыя Мамая, Ілью Янучкоўскага, Альберта Лукашэвіча, Вадзіма Шамовіча, Рамана Карасіка, Ілью Зарэцкага. — Хлопцы стараюцца. Амаль кожны за змену набірае па 80-90 вёдзер. Вядома, нялёгка, стамляюцца. Бывае, прысядуць адпачыць, але хутка ўстаюць — і з новымі сіламі на баразну.
Сельскагаспадарчыя работы нібыта лакмусавая паперка: адразу бачна, хто на што здольны. Упэўненая: тыя навучэнцы, якія праяўляюць сябе на бульбяным полі, будуць сярод найлепшых і падчас вучобы, і атрымаўшы прафесію.
Многія лічаць «бульбяны семестр» своеасаблівым працягам канікулаў і радуюцца гэтаму. Ёсць і незадаволеныя, бо да фізічнай працы не прывучаныя, але цягнуцца за перадавікамі. Праз гады ўсе яны будуць успамінаць час, праведзены на сельгасработах, як самы вясёлы.
Анна Анішкевіч