61 шахматыст прыняў удзел у 115-м Віцебскім міжнародным адкрытым асабіста-камандным шахматным тэмпа-турніры, прысвечаным Дню народнага адзінства. Арганізатарам і галоўным спонсарам спаборніцтваў выступіў Віцебскі абласны савет ветэранаў. Па добрай традыцыі гульні прайшлі ў гасцінным ДФСК «Віцебск». Турнір меў даволі высокі шахматны рэйтынг — 1 750 балаў, бо ў 15 шахматыстаў ён быў вышэйшы за 2 000.
Што да турнірнай барацьбы, то перамогу ў галоўным турніры даволі сенсацыйна святкаваў кандыдат у майстры спорту РФ Аляксандр Валодзін са Смаленска, які набраў 8,5 ачка з 9 магчымых. Па 7 ачкоў набралі ветэран шахмат Аляксандр Камека (Віцебск) і наваполацкі школьнік Раман Дасюк. Прыйшлося падлічваць дадатковыя шахматныя паказчыкі. Лепшымі яны аказаліся ў Р. Дасюка.
У намінацыі «Сельскія шахматысты» было заяўлена 11 спартсменаў, сярод якіх 2 прадстаўнікі Пастаўшчыны — Станіслаў Цыбульскі (Пастаўскі малочны завод) і найвопытнейшы ветэран шахмат Авенір Чырванец. З прычыны адсутнасці пастаўскага лідара Віталія Дзямідава, слаба верылася, што нашы землякі змогуць прэтэндаваць на прызавыя месцы.
Але ўжо са стартавых тураў песімізм развеяў Станіслаў Цыбульскі, які атрымаў дзве перамогі, а пасля экватара спаборніцтваў — і перамогу над асноўным канкурэнтам Віталіем Дзеравяшкіным з Бешанковіч. Набраўшы 5 ачкоў, Станіслаў Цыбульскі заняў 1-е месца. Віншуем!
Авенір Чырванец стартаваў няўдала. Бязлітаснае жэрабя ў двух першых турах звяло яго з вельмі моцнымі сапернікамі, і нашаму земляку прыйшлося капітуляваць. Не прынёс радасці і наступны тур. У выйгрышнай партыі давялося прыпыніць гадзіннік і павіншаваць з перамогай віцебскага школьніка Арсенія Лукоўнікава. Але наш 74-гадовы ветэран знайшоў у сабе сілы і лішні раз даказаў, што спісваць яго з рахункаў яшчэ рана. На фінішы ён атрымаў 4 перамогі і ў адной згуляў унічыю. Гэтага хапіла, каб заняць 2-е месца. Віншуем! Тройку прызёраў замкнуў Пётр Галыня з Бешанковіч.
У камандным заліку пастаўчане не былі заяўлены з-за адсутнасці трэцяга спартсмена. А прызавыя месцы тут наступныя. Каманда «Смаленск-1» набрала 21 бал і за тур да заканчэння стала недасягаемай. Віцебскія ветэраны ў 9-м туры недалічыліся ачкоў (у іх 18 балаў) і сталі трэцімі, прапусціўшы наперад дружыну са «Смаленска-2», якая набрала 18,5 ачка.
Юрый Катовіч
Фота Наталлі Грынько