— Мне заўсёды падабалася работа афіцыянта, — прызнаецца дзяўчына. — Таму і вырашыла набыць такую прафесію. У «Світанак» прыйшла 6 гадоў назад. Нічога не ўмела, усяму на месцы вучылі адміністратары Ірына Дзехцяронак і Марына Бурак, афіцыянтка Таццяна Сцяпанава.
Сервіраваць стол, дакладна ведаць меню, прымаць заказы, разносіць стравы і напіткі — далёка не ўсё, што павінен умець афіцыянт. Немалаважна і камунікаванне з наведвальнікамі. А яны бываюць розныя. Трапляюцца і такія, асабліва нападпітку, каму цяжка дагадзіць, хто можа беспадстаўна пакрыўдзіць словам.
— На шчасце, такое здараецца рэдка, — гаварыла Алеся. — У такой сітуацыі стараюся заставацца спакойнай, усміхнуся ў адказ — і чалавек паступова супакойваецца.
А як прыемна, калі наведвальнікі рэстарана шчыра дзякуюць, пакідаюць запісы ў кнізе водзываў, прыходзяць зноў і зноў! Алесю Шаколу летась нават Ганаровай граматай райвыканкама адзначылі.
Варта сказаць пра тое, што пастаўскія работнікі грамадскага харчавання выдатна зарэкамендавалі сябе не толькі ў раёне. У Паставах і на спартыўна-турыстычным комплексе ў «Азёрках» часта праводзяцца калегіі, семінары, турыстычныя злёты і іншыя мерапрыемствы абласнога і рэспубліканскага значэнняў. Іх удзельнікі заўсёды застаюцца задаволенымі высокай якасцю сталавання і культурай абслугоўвання. Пастаўчане прыгожа накрываюць сталы для гасцей міжнароднага фестывалю «Звіняць цымбалы і гармонік», на выездзе ў іншыя гарады на абласныя «Дажынкі» і іншыя мерапрыемствы. Адным словам, усюды паказваюць сябе з найлепшага боку.
— Нашы повары Ірына Горбуль і Ліза Гінько гатуюць смачныя стравы, перавагу аддаюць беларускім,— адзначыла Алеся. — Цэны таксама даступныя, таму і наведвальнікаў у нас нямала.
Калі людзі адзначаюць у рэстаране якую-небудзь важную падзею, то ўстанова працуе да 2 гадзін ночы і весялосць тут ліецца ракой. А для работнікаў «Світанка» гэта каласальнае напружанне. Вось і Алеся стамляецца так, што ажно гудуць ногі. Але яна ніколі не паказвае выгляду, як і не думае пра тое, каб змяніць работу на лягчэйшую.
— Наша маладая гаспадынька, апора і падтрымка ва ўсім, — гаварылі пра Алесю старэйшыя калегі. А яшчэ адзначылі, што яна адказна ставіцца да ўсяго, што адбываецца ў жыцці.
Мяне ўразіла яшчэ адна акалічнасць: дзяўчына вельмі любіць чытаць. Прычым не белетрыстыку, а сур’ёзную літаратуру, у тым ліку навуковую. Для яе самы дарагі падарунак — добрая кніга. Верыцца, што і ў кнізе жыцця Алесі Шаколы з’явяцца новыя цікавыя старонкі.
Фаіна Касаткіна