19 верасня ў прэс-цэнтры Дома прэсы адбыўся круглы стол, прымеркаваны да Дня народнага адзінства. У ліку прадстаўнікоў дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі ўдзел у ім прынялі журналісты тэлеканала «Паставы ТБ».
На круглым стале ішла размова пра нацыянальныя традыцыі і каштоўнасці як аснову духоўна-маральнага развіцця беларускага грамадства. Як было адзначана адным з выступоўцаў, перад сродкамі масавай інфармацыі зараз стаіць вельмі складаная задача — не проста адказваць інтарэсам сваіх чытачоў, гледачоў і слухачоў, але і адукоўваць іх, павышаць культурны ўзровень людзей, прывіваць ім маральныя і духоўныя ідэалы, на якіх пабудавана наша грамадства і ў цэлым уся цывілізацыя. З гэтым пастаўскія тэлевізіёншчыкі паспяхова спраўляюцца.
У рамках круглага стала адбылося падвядзенне вынікаў і ўзнагароджанне пераможцаў і лаўрэатаў рэспубліканскага конкурсу сярод журналістаў і сродкаў масавай інфармацыі на найлепшае асвятленне пытанняў міжнацыянальных і міжканфесійных адносін, міжкультурнага дыялогу ў Рэспубліцы Беларусь і супрацоўніцтва з суайчыннікамі за мяжой. У намінацыі «Тэлевізійныя і радыёвяшчальныя СМІ» рэдакцыя праграмы тэлебачання «Паставы ТБ» адзначана дыпломам ІІІ ступені Міністэрства інфармацыі краіны.
Віншуем калег з высокай узнагародай!
Алена Шапавалава