Без Цімафеевіча не абысціся — так у Варапаеўскім сельвыканкаме гавораць пра рабочага па абслугоўванні будынка Уладзіміра Андрэйчыка.
І хоць працуе ён тут на паўстаўкі, кожны дзень паспявае многае.
— Адказны, працавіты, памяркоўны, — характарызуе рабочага старшыня сельскага Савета Іна Касарэўская. — Дзе патрабуецца дапамога Цімафеевіча, туды ён і ідзе.
А ўмее Уладзімір Андрэйчык шмат. У той час, калі ў Варапаеве размяшчаўся філіял пастаўскай аўтакалоны, ён працаваў вадзіцелем ЗІЛа. Потым слясарыў на мясцовым ДАКу, там жа авалодаў і кавальскай справай. Пасля закрыцця камбіната прапанавалі пайсці рабочым па абслугоўванні будынка сельвыканкама. І ён згадзіўся.
Умелыя, працавітыя рукі патрабуюцца не толькі ў будынку. Пафарбаваць агароджу, абнавіць помнік, абрэзаць дэкаратыўныя кусты, спілаваць старое дрэва, абкасіць тэрыторыю і вывезці траву — усюды паспявае Цімафеевіч і ўсю работу выконвае якасна.
Хапае чалавеку клопатаў і дома. Яго сын Дзмітрый — фермер, гаспадарыць на некалькіх гектарах зямлі, трымае скаціну. Бацькі, Уладзімір Цімафеевіч і Глафіра Фёдараўна, ва ўсім дапамагаюць сыну. Адным словам, працавітыя, адданыя роднай зямлі людзі.
Фаіна Касаткіна