«Газавік» (Віцебск) – ФСК «Паставы» – 4:0
У чарговым выязным матчы пастаўчанам разлічваць на станоўчы вынік было нерэальна. Сапернік — а гэта фактычна наймацнейшая зборная вобласці — сёлета праводзіць проста феерычны сезон. Дагэтуль віцябчане пераканаўча перамаглі ўсіх у Прыдзвінні, толькі ў кубкавым турніры іх на сваім полі абыгралі асноўныя канкурэнты з Міёр. Аднак за пару гадзін да стартавага свістка міёрцы на выездзе саступілі з лікам 2:4 у Полацку, хоць там першымі адкрылі лік. У «Газавіка» з’явілася дадатковая матывацыя гуляць на перамогу, бо яна датэрмінова прыносіла лідару першынства чэмпіёнскі тытул.
У нашых, наадварот, узніклі кадравыя цяжкасці: адсутнічалі з розных прычын чатыры ігракі асноўнага складу. Акрамя таго, у апошні момант прастудзіўся бамбардзір і цэнтрфорвард Герман Чалей. Яго на адказнай пазіцыі замяніў тэхнічны апорнік Кірыл Каралёнак. Паядынак ФСК «Паставы» пачаў актыўна: нашы шэсць разоў прабіваліся на ўдарныя пазіцыі. Аднак стрэлы Кірыла і яго таварыша па амплуа Аляксандра Звяругі атрымаліся па пазіцыі варатара, а два ўдары паспелі заблакіраваць абаронцы. Паступова гульнявая ініцыятыва перайшла да віцябчан, і на 19-й хвіліне пасля фланговай атакі найлепшы бамбардзір вобласці Арцём Ганчарэнка адкрыў лік.
Неўзабаве «Газавік» ледзь не павялічыў сваю перавагу, але мяч адбіла штанга варот. У другім тайме сапернік яшчэ прыбавіў, а нашы адказвалі рэдкімі контратакамі. Некалькі перспектыўных камбінацый, на жаль, сарвалася з-за недакладных заключных перадач. Лёс паядынку быў вырашаны пасля гадзіны барацьбы. Праўда, другі і заключны галы ў матчы ў выкананні Юрыя Луцэнкі былі праведзены са спрэчных становішчаў «па-за гульнёй». Вось толькі мясцовыя суддзі не адрэагавалі на апеляцыі нашых ігракоў і галоўнага трэнера.
Чарговая, 10-я па ліку, перамога прынесла «Газавіку» ў другі раз запар званне чэмпіёна вобласці, а «золата» ён заваяваў ў чацвёрты раз і цяпер можа спакойна рыхтавацца да рэспубліканскага фінальнага этапа.
У абласным цэнтры моцнаму саперніку саступілі Бяляўцаў (к, Мацкевіч), Касенка, Хараў, Рогач, Маршын (Зелянкевіч), Пучынскі (Цыўнель), Звяруга (Кундра), Ясюковіч (Курыловіч), Жылевіч (Абалевіч), Камісарчук, Каралёнак. Сітуацыя ў турнірнай табліцы для пастаўчан абвастрылася.
Галоўная судзейская калегія прысудзіла «Гарадоцкім ільвам» тэхнічнае паражэнне (0:3) у матчы з «Ураджаем» (Віцебскі раён) за выхад на поле дыскваліфікаваных ігракоў. Паўторны паядынак гэтых клубаў у Ноўцы ў мінулую нядзелю прынёс гарадокцам валявую перамогу з лікам 4:1.
Наступную важную сустрэчу з ФК «Сянно» наша каманда правядзе дома. Матч пройдзе ў суботу, 7 верасня, на стадыёне ПМЦ і пачнецца ў 17 гадзін.
Уладзімір Шык