Вольга Танана загадвае Дунілавіцкай сельскай бібліятэкай 12 гадоў. Да гэтага была страхавым агентам і думала: каб працаваць у бібліятэцы, трэба быць апантанай кнігамі. З цягам часу зразумела, што найперш трэба любіць людзей.
З гэтым у Вольгі праблем няма. Яшчэ на папярэдняй рабоце многаму навучылася ў зносінах са сваімі кліентамі, стала для іх блізкім чалавекам. І цяпер яны пры сустрэчы дзеляцца з ёй сваімі радасцямі і засмучэннямі, тэлефануюць, каб параіцца па тым ці іншым пытанні. Большасць з іх сталі пастаяннымі чытачамі.
У зоне абслугоўвання Вольгі 15 населеных пунктаў і амаль 900 чалавек. Тыя, хто жыве ў Дунілавічах ці суседніх вёсках, прыходзяць у бібліятэку самі, многім бібліятэкар дастаўляе па заяўках кнігі дамоў.
— У мяне шмат актыўных чытачоў, прычым розных узростаў, — расказвала Вольга Танана. — Канешне, найбольшая цяга да кніг у людзей старэйшых. Напрыклад, Тэрэзе Марціновіч, Марыі Германовіч з Дунілавіч — за 80. У Сяргеевічы рэгулярна дастаўляю кнігі Таісе Казак, Жанне Квяткоўскай. Асаблівую ўвагу стараюся надаваць юным чытачам. Важна прывіць ім любоў да кнігі, бо без гэтага складана развівацца. І школьнікі ахвотна ідуць у бібліятэку.
Разам з бібліятэкарам яны абмяркоўваюць творы. Вольга ведае, чаму юныя чытачы аддаюць перавагу, што ім найбольш падабаецца, прапануе ім літаратурныя навінкі. Альтэрнатыўныя формы работы дапамагаюць прывабліваць дзяцей у бібліятэку. Яны не толькі цікавяцца літаратурай школьнай праграмы, але і з задавальненнем удзельнічаюць у майстар-класах, якія праводзіць загадчыца, вырабляюць сувеніры, падарункі да Новага года, Дня Маці.
— На жаль, моладзь стала чытаць менш, — з сумам гаварыла суразмоўца. — І на гэта паўплывалі сучасныя тэхналогіі. Але я лічу: толькі калі мы чытаем мастацкі твор і прапускаем яго праз сваё сэрца, тады ён пакідае глыбокі след у душы. Аўдыякнігі вельмі зручныя для людзей з абмежаванымі магчымасцямі.
Бібліятэкар з радасцю адзначыла, што попытам у чытачоў карыстаецца беларуская класіка — творы Уладзіміра Караткевіча, Максіма Багдановіча, Івана Мележа. Адны знаходзяць аддушыну ў лірычных і гістарычных творах Івана Шамякіна, Максіма Багдановіча, іншыя нераўнадушныя да псіхалагічных раманаў. Ахвотна чытаюць кнігі ваеннай тэматыкі Васіля Быкава.
— Некалі Францыск Скарына сказаў: «Любіце кнігу, бо яна — крыніца мудрасці, ведаў і навукі, лекі для душы». І гэта сапраўды так. Даўно заўважыла, што аматары кніг — цікавыя суразмоўцы, у іх найбагацейшы слоўнікавы запас, яны ўмеюць правільна фармуляваць свае думкі, — зрабіла заключэнне бібліятэкар.
Вольга Танана — старанны, адказны, захоплены сваёй справай работнік. У бібліятэцы акуратна і ўтульна, па-мастацку і з густам аформлены кніжныя выставы. Яны прыцягваюць да сябе ўвагу наведвальнікаў сваёй разнапланавасцю і змястоўнасцю. Пачэснае месца на іх займаюць літаратурныя навінкі. Шмат увагі бібліятэкар удзяляе прапагандзе здаровага ладу жыцця, патрыятычнаму выхаванню, пытанням экалогіі і іншым немалаважным аспектам жыцця. Асобны кірунак — краязнаўства. Вольга імкнецца развіваць цікавасць чытачоў да традыцый продкаў, іх звычаяў, рамёстваў. Усё гэта садзейнічае таму, што наведвальнікі прыходзяць сюды зноў і зноў. Тут кожны незалежна ад узросту знаходзіць нешта для душы.
Анна Анішкевіч
Фота даслала Вольга Танана