Целякі карэспандэнта не чакалі: не да размоў, калі самая пара ўбіраць бульбу і так спрыяе гэтаму надвор’е. Таму я сустрэлася толькі з невялікай часткай вяскоўцаў. Але і гэтага хапіла, каб зразумець, што яны любяць сваю вёску, настальгуюць па яе квітнеючым мінулым, даражаць сённяшнім мірным днём і спадзяюцца, што мілы сэрцу куток будзе жыць і ў далейшым.
Некалі тут у 30 дамах жылі людзі па прозвішчы Цяляк, сёння — толькі ў 5-ці. Але ёсць Галубоўскія, Шаколы, Кавалеўскія, Лешчыкі, Стрэльскія, Сечкары, Пяткоўскія, Машары, Валодзькі, Голуб і іншыя. У вёсцы 97 жыхароў, з іх 58 — працаздольнага ўзросту. Найстарэйшай жыхарцы, былому вязню фашызму, Праскоўі Гіль 97 гадоў. Некалькі дамоў выкупілі пад дачы ў асноўным жыхары райцэнтра. Ёсць і незаселеныя. Месца прывабнае тым, што ўсяго за 12 кіламетраў ад райцэнтра і знаходзіцца на землях моцнага ААТ «Хацілы-агра». Праз вёску працякае рэчка, непадалёк — лес. Працуй, адпачывай, наталяйся блізкасцю прыроды!
У бацькоўскім доме
Знаёмлюся са старэйшынам вёскі — Юрыем Целяком. Прасторны двор, дыхтоўны дом, па-сучаснаму абстаўленыя пакоі.
— Вашаму жыллю могуць пазайздросціць многія гараджане, — адзначаю ўслых.
Гаспадар расказвае, што некалькі гадоў назад у доме ўстанавілі электрычнае ацяпленне і зараз з абагрэвам няма ніякіх праблем. Плата за электрычнасць невысокая. Адным словам, выгадна. Такое ж ацяпленне прыйшло і яшчэ ў некалькі дамоў целякоўцаў, яшчэ больш іх стаяць на чарзе. Пакуль не хапае магутнасці падстанцыі, але на наступны год запланавана будаўніцтва новай.
Юрый і яго жонка Тамара працуюць у жывёлагадоўлі — даглядаюць цялят на дарошчванні. У свой час ААТ «Хацілы-агра» выдзеліла ім кватэру. Пражыўшы ў ёй некалькі гадоў, сям’я вярнулася ў дом бацькоў Юрыя, якіх ужо няма на гэтым свеце, і ўдыхнула ў яго другое жыццё. А вось іх дарослыя дачка і сын не засталіся ў родных мясцінах. Яны жывуць і працуюць у Літве.
Далей ад Чарнобыля
Іван Новак сёлета пахаваў жонку і вельмі маркоціцца:
— Жэні не стала раптоўна, — расказваў са слязамі на вачах. — Пайшла ў магазін — і не вярнулася. Добра, што дочкі Света і Аня блізка — у Паставах. Яны наведваюцца да мяне, дапамагаюць. А трэцюю, Галю, лёс закінуў ажно ў Амерыку.
Радзіма Івана Паўлавіча — Століншчына. Там і жыў бы, калі б не адбылася аварыя на Чарнобыльскай АЭС. Праз год пасля яе сям’я выехала ў Латвію. Але з распадам СССР вырашыла перабрацца ў Беларусь.
— Бясконца ўдзячны старшыні калгаса імя Мічурына Пятру Міхайлавічу Розынку. У гаспадарцы нас прынялі вельмі добра: выдзелілі жыллё, далі работу ў жывёлагадоўлі, добра плацілі за працу, — узгадваў Іван Паўлавіч.
Ужо шмат гадоў ён на пенсіі. Па-ранейшаму жыве ў калгаснай кватэры, але прыватызаваў яе. У добрых зносінах з людзьмі, побач з якімі аказаўся 32 гады назад.
А прыжыліся ў Беларусі
Святлана Кузняцова размаўляе на чысцюткай рускай мове, і адразу становіцца зразумела, што яна не беларуска.
— 39 гадоў жыву ў Беларусі, а мову так і не засвоіла, — прызнаецца. — І ўсе трое дзяцей рускамоўныя.
Яна нарадзілася ў Туле, вырасла ў дзіцячым доме. І замуж выйшла таксама за дзетдомаўца.
— Ні муж, ні я не мелі ніякай радні. Дапамагчы не было каму, — дзялілася Святлана Ціханаўна. — Жылі, як умелі. Нішто нас не затрымлівала на адным месцы. Дзе толькі не працавалі — на Урале, ва Узбекістане, у Падмаскоўі! Пакуль адна знаёмая з Пастаў не прапанавала перабрацца ў Беларусь. Я прыехала ў раён паглядзець — і ўсё спадабалася: прыгожая прырода, добрыя людзі, моцны калгас імя Мічурына, куды паабяцалі прыняць нас на работу. Тут мы нарэшце і аселі на пастаянна, тут выраслі нашы дзеці. Я працавала даяркай, муж — трактарыстам.
Толькі адна дачка Кузняцовых жыве з сям’ёй у Расіі — на Стаўрапольшчыне. Двое іншых выбралі Беларусь. На жаль, сын Аляксандр дачасна, у 54 гады, памёр. Дзмітрый з сям’ёй жыве ў Паставах. 13 гадоў таму не стала Святланінага мужа. Але іх род працягваюць 8 унукаў і 10 праўнукаў.
Смачнейшы за «Адыгейскі»
Мікалай Яльчык прапанаваў мне пакаштаваць скрылёк сыру і вызначыць, які ён.
—Напэўна, «Адыгейскі», — кажу. Праўда, крыху сушэйшы і смачнейшы.
— Не губляйцеся ў здагадках, — спыніў маё замяшанне гаспадар. — Гэты сыр зрабіў я сам з казінага малака.
Тое, што былы падпалкоўнік Мікалай Яльчык аддае перавагу вясковаму, а не гарадскому быту, я ведала і нават пісала пра гэта раней. Трымае каня, пчол, з задавальненнем працуе на агародзе, збірае грыбы і ягады, ловіць рыбу. І вось на падвор’і з’явіліся дзве дойныя казы — Ліза і Люся — і дзве малыя, якія яшчэ не маюць мянушак. Прырастае гаспадарка!
Аднак не падумайце, што толькі сялянскімі клопатамі жыве Мікалай Мікалаевіч — кола яго інтарэсаў намнога шырэйшае. А зусім нядаўна з жонкай Зояй яны ездзілі ў Берлін на вяселле сына, дзе той жыве і працуе. Магчыма, у наступным годзе пабываюць у Пекіне, куды іх гасцінна запрашаюць сваты.
З-за дзяцей
У Целякі сям’я Тамары Курсевіч пераехала з Должы 25 гадоў назад.
— Месца жыхарства змянілі з-за таго, што з Должы нашым дзецям было далёка дабірацца ў школу ў Споры Вялікія. А тут яна была на месцы, — дзялілася Тамара Міхайлаўна.
25 гадоў, у тым ліку 9 пасля дасягнення пенсійнага ўзросту, жанчына адпрацавала даяркай. Зараз займаецца толькі домам, а ў жывёлагадоўлі працуе сын Аляксандр, які жыве разам з бацькамі. Дочкі Лена і Таня — у Паставах.
— Я ўжо не толькі ўнукаў, але і праўнука маю! — не без гонару гаварыла бабуля і здзівіла высновай: — А той, хто прычакае праўнукаў, пасля смерці абавязкова трапляе ў рай.
Сфатаграфавацца жанчына згадзілася толькі з той прычыны, каб дочкі ўбачылі яе ў газеце.
На падмогу!
Абапіраючыся на два кіёчкі, Іосіф Яцына выйшаў на вуліцу і зацікавіўся, што за незнаёмка з’явілася паблізу. Чым я адразу ж і скарысталася:
— Фатаграфую вяскоўцаў. Хачу, каб і вы трапілі ў кадр.
— Ай, навошта старых фатаграфаваць? Ды і спяшаюся я.
І сапраўды, у тую ж хвіліну хтосьці пазваніў мужчыну на мабільны і папрасіў, каб ён хутчэй прыязджаў на трактарку звозіць з поля бульбу, якую выкапалі талакой. А потым абавязкова трэба з’ездзіць на русакоўскія могілкі паглядзець, як зрэзалі дрэвы. Справа для мужчынскіх рук знаходзіцца, а вось здароўя ў былога калгаснага электрыка малавата.
Іосіф і Алена Яцыны выхавалі трох дачок. Дзве з іх жывуць у Нарачы, трэцяя — у Хацілах.
Пашанцавала на суседзяў
На будынку шыльда «Дом образцового порядка». Перад ім — прыгожыя кветкавыя клумбы і акуратныя газоны са скошанай травой. Тут жывуць дзве сям’і: Людміла і Лёнгін Маслюкі, маці Людмілы Ганна Талайка і Зоя і Алег Целякі.
Не памылюся, калі скажу, што ўсе яны — самыя паважаныя людзі не толькі ў Целяках, але і ў навакольных вёсках. Лёнгін Браніслававіч працаваў у калгасе інжынерам, Алег Мікалаевіч — заатэхнікам, намеснікам старшыні, начальнікам аддзялення. Зараз абодва на пенсіі. У Зоі Уладзіміраўны 45 гадоў педагагічнага стажу, з іх 18 яна была дырэктарам мясцовай школы. Маміну прафесію выбралі і дочкі Наталля і Вольга. Абедзве настаўнічаюць у Паставах. Людміла Яўгеньеўна загадвае ФАПам, і яе праца асабліва запатрабаваная, паколькі тычыцца здароўя вяскоўцаў. Ну а Ганна Уладзіміраўна — сама жыццёвая мудрасць і адмысловая рукадзельніца. Нягледзячы на свае 86 гадоў, яшчэ шые, вяжа, да яе звяртаюцца па парады іншыя.
Добра, што ёсць ФАП
Ганну Цяляк я сустрэла ля мясцовага фельчарска-акушэрскага пункта. Зразумела, што і размова пайшла пра здароўе.
— Хваліцца няма чым, — прызналася жанчына. — Часта павышаецца ціск, баліць галава, вось і звяртаюся па дапамогу да нашага фельчара Людмілы Маслюк. Яна вопытны медык, заўсёды ўважлівая. У Целяках і навакольных вёсках у асноўным пажылыя людзі, і вельмі добра, што ў нас ёсць ФАП. А як прыгожа яго сёлета адрамантавалі! Прыемна зайсці.
Ганна Мікалаеўна жыве разам з дарослай дачкой. Мела і сына, але ў 45-гадовым узросце ён памёр. Цяжкая страта не магла не падарваць здароўя маці.
— ФАП ёсць, перасоўная пошта прывозіць газеты і пенсію, два разы на тыдзень прыязджае аўталаўка. А больш нічога нам, старым, і не трэба, — заключыла мая суразмоўца.
Найпрыгажэй і найбагацей
Абавязкова загляніце да Ірыны і Міхаіла Буракоў, — параілі мне вяскоўцы. — У іх столькі кветак ля дома! І падвор’е трымаюць вялікае.
А ў Буракоў якраз «высадзіўся дэсант» з Бабруйска — прыехаў сын Уладзіслаў з жонкай Веранікай і яе мамай дапамагчы ва ўборцы бульбы. Дома мы іх засталі толькі таму, што набліжаўся час абеду. А гаспадара сустрэлі крыху пазней, калі на трактары вяртаўся з фермы дадому.
Ірына і Міхаіл — жывёлаводы. Праца цяжкая і адказная. Але гэта не перашкаджае ім трымаць вялікую падсобную гаспадарку: трох кароў, некалькі свіней, шмат курэй. Шмат працы патрабуюць агароды. Аднак Ірына знаходзіць час і на догляд кветак, якія вельмі любіць і штогод шмат садзіць.
Сыны Буракоў — Уладзіслаў і Яўгеній — афіцэры. Адзін служыць у Бабруйску, другі — у Мінску. А самае дарагое месца для абодвух — бацькоўскі дом у Целяках.
Фаіна Касаткіна