Дзякуй нераўнадушным сябрам «Пастаўскага краю»! Яшчэ адна чытачка праз «ВКонтакте» даслала здымкі і напісала нам: «Буду вельмі ўдзячная, калі размесціце інфармацыю пра чалавека, які любіць свой горад і дом. Гэта Тэрэза Нікіпяровіч з дома №3 па вуліцы Заводскай у Паставах».
І вось я прыехала па названым адрасе. З гаспадыняй дома знаёмая: некалі пісала пра Тэрэзу Іосіфаўну як пра страхавога агента. Потым неаднойчы бачыла жанчыну на сцэне ў складзе хора ветэранаў. Зараз даведалася пра яшчэ адзін бок творчай натуры, бо стварэнне кветкавага дызайна інакш, як творчасцю, не назавеш.
— Кветкі любіла заўсёды, — расказвала Тэрэза. — Але калі працавала, не мела дастаткова часу на іх. Дзяржстраху аддала 36 гадоў, у тым ліку 6 — пасля дасягнення пенсійнага ўзросту. Абслугоўвала аддалены Казлоўшчынскі сельсавет, потым — груздаўскую зону. Работы хапала, ды яшчэ 8 гадоў даглядала паралізаваную маці.
У 2014-м яна пакінула працу. Цалкам прысвяціла сябе дзецям і ўнукам, дому, агароду, кветкам. На жаль, 9 гадоў таму аўдавела. Абедзве дачкі замужам. Адна жыве з сям’ёй у Мядзеле, другая — у Мінску. Прыязджаюць, дапамагаюць і два дарослыя ўнукі. Але галоўная гаспадыня, безумоўна, яна.
—З раніцы да вечара магу працаваць у агародчыку, — гаварыла. — Іншы раз так захаплюся, што нават паабедаць забуду. Толькі ў вялікую спёку іду адпачываць. Работы з кветкамі многа, але яна мне падабаецца. Падыходжу да іх — і душа спявае. Ну як не любіць такую прыгажосць?!
Гаспадыня вядзе мяне ад клумбы да клумбы, дзеліцца сакрэтамі догляду ружаў, лілей, цыній, вяргіняў, хрызантэм, ірысаў, аксамітак… Кветкі тут не толькі ў агародчыку і на газоне, вазонамі — у асноўным з геранню — застаўлены ўсе падаконнікі. Калі пахаладнее, Іосіфаўна перанясе іх у дом і будзе песціць да вясны, каб выйшлі моцнымі і квітнеючымі. А тыя, што застануцца зімаваць на клумбах пад сцяной дома, апране ў цёплыя «футры».
Нягледзячы на кветкавую прыгажосць, сярод якой праходзіла наша размова, не абышлося і без сумных нот. Як і іншыя ўдзельнікі народнага хору ветэранаў, Тэрэза Іосіфаўна глыбока смуткуе з прычыны смерці яго таленавітага кіраўніка Паўла Пятровіча Рагіні і перажывае, ці адновіцца калі калектыў, ці выйдуць зноў на сцэну яны, ветэраны. Душы хочацца спяваць не толькі ля кветак…
Фаіна Касаткіна