Молодой провизор Роман Сенько обеспечивает медицинскими препаратами 1-й военный госпиталь

Здравоохранение

Паўтара года назад аптэку 1-га ваеннага шпіталя ўзначаліў малады правізар Раман Сянько. Цяпер ён выконвае важную задачу — забяспечвае медыцынскімі прэпаратамі ўсю медустанову.

Раман — наш зямляк. З залатым медалём скончыў СШ №4 Пастаў, затым — фармацэўтычны факультэт Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Хлопцу з дзяцінства былі цікавыя хімія і біялогія. Таму, калі прыйшоў час вызначацца з будучай прафесіяй, разглядаў два варыянты — стаць урачом або правізарам. Выбраў другі, бо, як і многія мужчыны, пабойваўся выгляду крыві. Паступаючы ва ўніверсітэт, для надзейнасці ўзяў мэтавае накіраванне Віцебскага УП «Фармацыя», а пасля заканчэння ВНУ ў 2022 годзе вярнуўся ў родны горад.

Першым рабочым месцам маладога спецыяліста стала цэнтральная аптэка №87. На працягу 5 месяцаў праходзіў там інтэрнатуру і 3 месяцы паўнавартасна працаваў за першым сталом — абслугоўваў наведвальнікаў, адпускаючы ім лякарствы. Пасля чаго прызваўся на ваенную службу.

Молодой провизор Роман Сенько обеспечивает медицинскими препаратами 1-й военный госпиталь

Яшчэ падчас вучобы ва ўніверсітэце, калі я праходзіў у Паставах медкамісію на ваенную кафедру, былы начальнік медыцынскай часткі шпіталя Міхаіл Рабіза, які тады ўжо працаваў у паліклініцы цэнтральнай райбальніцы, узяў мой нумар тэлефона, — расказваў Раман. — Ведаючы, што неўзабаве вызваліцца пасада начальніка аптэкі і трэба будзе кагосьці шу­каць на гэта месца, ён перадаў кантакты ў аддзяленне кадраў і ўліку асабовага складу шпіталя. І вось паўтара года назад мне патэлефанавалі адтуль з прапановай узначаліць структурнае падраздзяленне. Падумаўшы, згадзіўся. Атрымаў воінскае званне — зараз я старшы лейтэнант медыцынскай службы.

Па словах Рамана, яго цяперашняя работа карэнным чынам адрозніваецца ад таго, што рабіў у гарадской аптэцы. Там пастаянна кантактаваў з людзьмі: рэкамендацыі, парады, рэцэпты… Тут у асноўным мае справу з паперамі: займаецца закупкай лякарстваў, дэзынфікуючых сродкаў і вырабаў медыцынскага прызначэння, вядзе ўлік усёй медыцынскай маёмасці шпіталя, сочыць за тым, каб у аптэцы не было недахопу і лішкаў лякарстваў і медвырабаў, яны своечасова і правільна спісваліся. У падпарадкаванні маладога начальніка два фармацэўты і санітарка. Унікнуць ва ўсё яму дапамог урач-эпідэміёлаг санітарна-эпідэміялагічнага атрада Аляксей Храпавіцкі, якому часта даводзілася выконваць абавязкі начальніка аптэкі.

Ёсць у Рамана Сянько і грамадская нагрузка — кіраўніцтва пярвічнай арганізацыяй БРСМ. Моладь шпіталя актыўна ўдзель­нічае ва ўсіх мерапрыемствах, якія праводзіць раённы камітэт маладзёжнага саюза.

Летась у жыцці хлопца адбылася важная падзея: ён ажаніўся. З будучай жонкай, ураджэнкай Магілёўскай вобласці, пазнаёміўся ва ўніверсітэце. Гэтым летам яна скончыла лячэбны факультэт ВДМУ па спецыяльнасці «Урач агульнай практыкі», зараз праходзіць інтэрнатуру ў Віцебску, а праз год прыедзе на работу ў Паставы. Так што медыцынскую сям’ю раёна чакае папаўненне.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.