Сярод мноства задач, якія вырашаюць органы ўнутраных спраў, адной з самых важных з’яўляецца папярэджанне паўторных злачынстваў з боку асоб, якія раней прыцягваліся да крымінальнай адказнасці. А гэта напрамую залежыць ад іх сацыяльнай адаптацыі да новых умоў жыцця, своечасовасці і эфектыўнасці мер прэвентыўнага характару. Прыярытэтны напрамак прафілактыкі — аказанне садзейнічання ў працаўладкаванні тым, хто знаходзіцца на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі. Гэта асобы, якія вярнуліся з месцаў зняволення або асуджаныя да пакаранняў, не звязаных з ізаляцыяй ад грамадства. Працаўладкаванне дае ім магчымасць задавальняць свае матэрыяльныя патрэбы законным шляхам, не прыбягаючы да супрацьпраўнай дзейнасці.
У краіне дзейнічае сістэма дадатковых мер, накіраваных на забеспячэнне занятасці такой катэгорыі грамадзян. Устанаўліваецца бронь наймальнікам, даецца магчымасць атрымаць прафесію, перасяліцца на іншае месца жыхарства, удзельнічаць у грамадскіх работах, якія аплачваюцца. Гэтыя і іншыя меры выкарыстоўваюцца і ў нашым раёне. А каардынуе іх назіральная камісія райвыканкама. Напрыканцы мінулага тыдня адбылося яе чарговае пасяджэнне. На парадак дня выносілася пытанне садзейнічання ў працаўладкаванні грамадзянам, якія знаходзяцца на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі раённага аддзела ўнутраных спраў. На сёння такіх асоб у раёне 300, з іх 40 не працуюць. Многіх выклікалі на пасяджэнне.
Для ўліковых крымінальна-выканаўчай інспекцыі была арганізавана карысная сустрэча з прадстаўнікамі розных службаў. У ёй прынялі ўдзел супрацоўнікі пракуратуры, упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, псіхолаг ТЦСАН, нарколаг ЦРБ, начальнікі аддзелаў кадраў прадпрыемстваў, якія маюць найбольшую патрэбу ў кадрах. Яны растлумачылі прысутным, як аднавіць страчаныя дакументы, атрымаць рэгістрацыю або прапіску, уладкавацца на работу, куды звяртацца па псіхалагічную і медыцынскую дапамогу. У той жа дзень падуліковыя атрымалі канкрэтную дапамогу ў працаўладкаванні.
Вакансій у раёне дастаткова, і той з падуліковых інспекцыі, хто хоча, працуе. Але ёсць і такія, хто не затрымліваецца ні на адным месцы работы або ўвогуле пазбягае яе, парушае грамадскі парадак. Галоўная прычына гэтага — злоўжыванне спіртнымі напіткамі. Таму зусім невыпадкова да выкліканых на пасяджэнне камісіі звярнуўся ксёндз Чэслаў і расказаў пра дзейнасць у Паставах групы ананімных алкаголікаў, заклікаў да цвярозасці.
Фаіна Касаткіна