Сёлета заключная гульня сезона для пастаўчан значнага турнірнага значэння не мела: нават пры паспяховым выніку яны выходзілі на 4-е месца. Бронзавы прызёр вызначыўся яшчэ ў папярэднія выхадныя ў Сянно. Ім стаў «Полацк-2019», які перамог з лікам 3:2 сенненцаў. Пастаўчане вялі з імі барацьбу завочна (хто з іх фінішуе чацвёртым) і сутыкнуліся з пэўнымі цяжкасцямі. Па-першае, адсутнічала палова ігракоў асноўнага складу. Па-другое, гуляць выпала на няроўным полі, што ўскладніла камбінацыйныя дзеянні. Але нашы юныя рэзервісты не падвялі. Многія згулялі на няпрофільных пазіцыях. Напрыклад, атакуючы паўабаронца Дзмітрый Кундра выконваў абавязкі капітана і фланговага абаронцы.
Сапернік паспрабаваў завалодаць ініцыятывай, але да перапынку галявых момантаў не стварыў. Варатар «Ураджаю» гуляў з павышанай нагрузкай, а аднойчы пасля ўдару Андрэя Вілейты мяч адбіла перакладзіна. На 40-й хвіліне нашы падалі небяспечны вуглавы, а першым на дабіванні аказаўся Дзмітрый Кундра — 0:1.
У другім тайме перавага пастаўчан над віцябчанамі стала яшчэ больш адчувальнай. Бесперапынны націск на вароты саперніка зноў прывёў да поспеху: на 53-й хвіліне нашы правялі імклівую атаку. Малады фланговы паўабаронца Ігнат Курыловіч аддаў нацэленую перадачу Андрэю Вілейту, які з ходу прыгожа стрэліў у верхні вугал — 0:2. Пастаўчане давялі гульню да перамогі. Яны маглі зрабіць лік на табло разгромным, але прамахваліся са зручных пазіцый.
Поспеху на выездзе дабіліся Бяляўцаў, Кундра (к), Камісарчук, Рогач, Маршын, Іваноў (Тумашэвіч), Каралёнак, Зелянкевіч, Цыўнель, Курыловіч (Абалевіч), Вілейта.
Іншыя сустрэчы групы «А» завяршыліся так: ФК «Міёры-1»—«Полацк-2019» — 5:3, ФК «Сянно»—«Газавік» (Віцебск) — 0:3. Папярэдні раўнд першынства на Віцебшчыне выявіў двух найлепшых — імі сталі «Газавік» (33 ачкі) і міёрцы (27), якія далей выступяць у рэспубліканскім фінале. Услед за імі фінішавалі палачане (17 ачкоў), пастаўчане (15), сенненцы (13). На 6-м месцы размясціліся «Гарадоцкія львы» з 10 ачкамі і згуляюць у пераходных матчах. Віцебскі «Ураджай» (6 ачкоў) заняў апошняе месца і апусціўся ў групу «В», а яго месца ў эліце зойме «Ніва» (Талачын).
Уладзімір Шык
Фота Антона Чаляя