Чэмпіянат Беларусі па футболе. Найлепшы матч сезона. ФСК «Паставы»–ФК «Сянно» – 5:1

Спорт и туризм

Чэмпіянат Беларусі па футболе

Найлепшы матч сезона

ФСК «Паставы»–ФК «Сянно» – 5:1

Год назад пастаўчане і ФК «Сянно» вялі паміж сабой вострую барацьбу за «бронзу» ажно да заключнага тура. Тады на гарадскім стадыёне зафіксавалі нічыйны вынік — 0:0, а на фінішы пастаўчане сталі бронзавымі прызёрамі.

У чарговым супрацьстаянні ішоў адкрыты для абедзвюх каманд футбол на вялікіх хуткасцях да самага фінальнага свістка. Заўзятары актыўна падтрымлівалі нашу каманду, якая сёлета правяла найлепшы матч з моцным сапернікам. Праўда, спачатку наперад пайшлі сенненцы. На 5-й хвіліне наш варатар Андрэй Чашун справіўся з небяспечным ударам і ў далейшым гуляў упэўнена. На сваёй палове поля ў абароне пастаўчане дзейнічалі надзейна, падстрахоўваючы партнёраў, і паступова завалодалі гульнявой перавагай. У канцоўцы першага тайма яны двойчы дабіліся поспеху.

Чэмпіянат Беларусі па футболе. Найлепшы матч сезона. ФСК «Паставы»–ФК «Сянно» – 5:1

Спачатку апорнік Кірыл Каралёнак на 41-й хвіліне тэхнічна адправіў мяч у сетку над варатаром. Перад свістком на перапынак Кірыл па-майстэрску ўварваўся ў штрафную, абыграў абаронцу і аддаў пас капітану Андрэю Вілейту — 2:0. У другім тайме сенненцы актывізаваліся, каб адыграцца. Гульня абвастрылася, пайшла на сустрэчных курсах. Пасля гадзіны барацьбы матч у спакойнае рэчышча мог перавесці Кірыл Каралёнак. Ён зарабіў пенальці, сам стандарт прабіў, але побач са штангай. Акрылены сапернік пайшоў на штурм, а нашы адказалі двума стрэламі ў штангу.

Канцоўка матча аказалася багатай на яркія моманты. Наш цэнтрфорвард Андрэй Вілейта на 75-й хвіліне забіў гол — 3:0. Сапернік тут жа атрымаў права на пенальці, але паўабаронца Арцём Канаплёў не трапіў у вароты. Пастаўчане адказалі імклівай контр­атакай, якую прыгожым ударам завяршыў Уладзімір Камісарчук — 4:0. За 3 хвіліны да заканчэння гульні сапернік ударыў у перакладзіну, а на дабіванні розніцу ў ліку скараціў Яўген Кулік. У дадатковы час канчатковую кропку ў матчы паставіў Кірыл Каралёнак.

Буйную прыгожую перамогу дома атрымалі Чашун (Бяляўцаў), Маршын, Голубеў, Хараў, Камісарчук, Ясюковіч (Курыловіч), Пучынскі (Цыўнель), Жылевіч, Кундра (Мядз­ведзеў), Каралёнак, Вілейта (к).

14 верасня на стадыёне ПМЦ пастаўчане правядуць перанесены матч з «Гарадоцкімі львамі», затым іх чакае выезд у Віцебскі раён.

Уладзімір Шык



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.