Чэмпіянат Беларусі па футболе. Без права на асечку. ФСК «Паставы»–«Гарадоцкія львы» – 2:1

Спорт и туризм

Чэмпіянат Беларусі па футболе

Без права на асечку

ФСК «Паставы»–«Гарадоцкія львы» – 2:1

Гэты матч стаў захапляльным і напружаным. Пастаўчане і гарадокцы змагаліся выключна за перамогу: у выпадку паражэння каманда трапляе ў стыкавыя пераходныя гульні з другой камандай групы «С». Падтрымаць нашых сабралася шмат гледачоў, сярод якіх быў і кіраўнік раёна Сяргей Чэпік.

У пачатку сустрэчы сапернік пачаў дзейнічаць актыўна. Але пастаўчане былі гатовыя да націску і на 2-й хвіліне вывелі ў штрафную на ўдарную пазіцыю паўабаронцу Яўгена Ясюковіча — 1:0. На гэтым непрыемнасці для гарадокцаў не скончыліся, бо з-за двух папярэджанняў суддзя выдаліў іх апорніка Ілью Мяліка. Але сапернік не зламаўся і працягваў самаадданую барацьбу, пры страце нашымі мяча стараўся востра атакаваць і біць па варотах.

Чэмпіянат Беларусі па футболе. Без права на асечку. ФСК «Паставы»–«Гарадоцкія львы» – 2:1

У першым тайме гарадокцы стрэлілі ў штангу, а потым — у перакладзіну. Не заўсёды шчасціла і пастаўчанам: Яўген Ясюковіч ударыў у каркас варот, а Кірыл Цыўнель з некалькіх метраў — над перакла­дзінай. Другая палова сустрэчы стала яшчэ больш напружанай. Па ходзе гульні віцебскі арбітр вынес ігракам 10 папярэджанняў, а незадоўга перад фінальным свістком выдаліў нашага капітана Паўла Пучынскага за паўторны зрыў атакі.

Ішоў адкрыты футбол. Абе­дз­ве каманды ўпусцілі шэраг зручных момантаў. Хапала працы варатарам. На 86-й хвіліне гарадокцы адыграліся, калі ў штрафную ўварваўся Даніла Пушкоў і трапна ўдарыў у далёкі вугал — 1:1. Акрылены сапернік хацеў вырваць перамогу, але яму не пашчасціла. Юны паўабаронца пастаўчан Ігнат Курыловіч, які выйшаў на замену, праз хвіліну адкрыўся ў свабоднай зоне, на высокай хуткасці выйшаў на варатара «ільвоў» і тэхнічна правёў самы важны гол сезона — 2:1.

Найважнейшай сёлета перамогі дабіліся Чашун, Маршын, Голубеў (Курыловіч), Рогач, Камісарчук, Ясюковіч, Пучынскі (к), Цыўнель (Пурлан), Кундра, Каралёнак (Звяруга), Вілейта. Гэты поспех падняў нашу каманду на 5-е месца, але яна можа падняцца на прыступку вышэй у выніковай турнірнай табліцы. Для гэтага трэба ў заключным туры на выездзе перамагчы «Ураджай» (Віцебскі раён), які пакідае групу «А».

Уладзімір Шык
Фото Антона Чалея



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.