Больш за 30 тысяч тон асфальту вырабіў з пачатку сезона асфальтабетонны завод ДРБУ-132.
Як толькі сышоў снег, работнікі філіяла «Пастаўскае ДРБУ-132» прыступілі да рамонтных работ на замацаваных дарогах і навядзення парадку на прыдарожных палосах. Акрамя гэтага, яны добраўпарадкоўваюць тэрыторыю каля новай малочнатаварнай фермы ў Бакавічах, асфальтуюць вуліцы ў гарадскім пасёлку Варапаева, задзейнічаны на іншых аб’ектах. І ўсюды выкарыстоўваюць асфальт. Нядаўна я заглянула на «кухню», дзе варыцца прадукт для дарожнага палатна.
Аб’ёмная ўстаноўка вышынёй з трохпавярховы дом у мяне асацыіруецца з вялікай мультываркай. Яна моцна гудзіць і выкідвае ў паветра пах гарачага асфальту. На тэрыторыі завода горы шчэбеню, гравію, пяску.
Майстар Дзмітрый Дзевялтоўскі расказвае пра работу завода і дзеліцца «рэцэптам прыгатавання» асфальту: «Асноўныя інгрэдыенты — шчэбень розных фракцый, пясок, бітум і мінеральныя дабаўкі. Галоўныя «повары» — аператары Аляксандр Асяненка і Руслан Казакевіч. Яны працуюць за пультам. Дзядзька з пляменнікам Арнольд і Дзмітрый Навумчыкі вараць бітум, Уладзімір Панкоў і Віктар Рагіня адказныя за работу грохата і драбілкі».
Гравійна-пясчаную сумесь на завод дастаўляюць з уласных кар’ераў і прапускаюць праз спецыяльную ўстаноўку, якая называецца грохат. Затым пясок і шчэбень засыпаюць у бункер, дзе пачынаецца вытворчасць асфальту, туды дабаўляецца бітум. Усё адмяраецца строга па норме і добра перамешваецца. Праз пэўны час чорная маса гарачага асфальту паступае ў бункер-накапляльнік. А адтуль загружаецца ў машыны, якія адпраўляюцца да месца ўкладкі. За змену завод выпускае 300 тон асфальту.
Па словах аператараў, стаж работы якіх больш за 15 гадоў, нічога складанага ў іх абавязках няма. Яны ажыццяўляюць кантроль за тэхналагічным працэсам прыгатавання асфальтабетоннай сумесі: падачай зыходных матэрыялаў, тэмпературай, якасцю. Састаў асфальту залежыць ад таго, як ён будзе выкарыстоўвацца (для ніжняга, верхняга слаёў, тратуара). Галоўнае — вытрымаць прапорцыі і зрабіць усё строга па тэхналогіі. Сочаць аператары і за тэхнічным станам абсталявання. У сваёй рабоце ім трэба быць уважлівымі, адказнымі.
Кантроль за эксплуатацыяй асфальтабетоннага завода ажыццяўляюць прараб Віктар Нікіпяровіч і майстар Дзмітрый Дзевялтоўскі. Дзмітрый па адукацыі горны інжынер. Пасля заканчэння ўніверсітэта 5 гадоў адпрацаваў у мінскай кампаніі «Нерудпром» і вярнуўся ў родны горад. Прызнаўся, што вельмі любіць Паставы, а ў ДРБУ-132 знайшоў сваё прызванне.
Асфальтазмяшальная ўстаноўка ў Боцьвінах эксплуатуецца больш за 20 гадоў. Абсталяванне састарэла і знасілася. Але дзякуючы прафесіяналізму тых, хто яго абслугоўвае, забяспечвае патрэбы дарожнікаў. Вытворчасць асфальту — работа сезонная. Калі выкарыстанне гарачага асфальту спыняецца, тут выпускаюць халодны, які прызначаны для ямачнага рамонту дарог пры мінусавой тэмпературы. Пры неабходнасці яго разаграваюць і латаюць ім выбоіны.
Едучы па дарогах з новым асфальтам, заўсёды ўзгадваю добрым словам не толькі тых, хто яго ўкладваў, але і тых, хто варыў.
Анна Анішкевіч