Багаты ўраджай ярка-аранжавых прыгажуноў вырасціла на градках пастаўчанка Алена Урбель.
— Агарод саджу ў Гаўрылавічах: там ад бабулі з дзядулем застаўся дом, — расказвала Алена. — Хоць мая мама жыве ў Лучаі, а я — у Паставах, на яе малой радзіме бываем часта, бо гэты куточак нам вельмі дарагі, там адпачываем душой… Сёлета гарбузы ўрадзілі на славу — нарасло звыш 300 штук!
Убіралі гарбузы талакой. А двухгадовы Цімафей забаўляўся з імі, як на атракцыёне з мячамі.
— На думку батанікаў, гарбуз — гэта ягада, а большасць аматараў такіх пладоў лічаць яго гароднінай, — працягвала суразмоўца. — Радзіма гэтай культуры — Мексіка. Спачатку гарбузы вырошчвалі выключна на корм скаціне. Пазней людзі адкрылі для сябе, што гэтыя плады вельмі карысныя для чалавечага арганізма: яны багатыя вітамінамі А і Е. Дарэчы, з іх можна прыгатаваць разнастайныя смачныя стравы: аладкі, кашы, супы, салату… Вараць з гарбуза і варэнне, ставяць кампоты, робяць цукаты. Да мяне па іх ахвотна прыязджаюць людзі, асабліва тыя, у каго ёсць малыя дзеці.
Анна Анішкевіч
Фота даслала Алена Урбель