Мёд — галоўны прадукт працы пчол і дзейнасці пчаляра. І жнівень — найбольш адказны для іх месяц. У гэты час пчаляры выбіраюць мёд, ацэньваюць расплод пчалінай сям’і, падкормліваюць яе і рыхтуюць вуллі да зімы.
5 верасня каталіцкі Касцёл адзначае ўспамін святых Бярнарда і Лаўрэнція, якія лічацца апекунамі пчол і пчаляроў. З гэтай нагоды ксёндз-канонік Павел Самсонаў, дэкан пастаўскага дэканату і пробашч парафіі Езуса Міласэрнага ў Паставах, у другі раз зладзіў свята.
Напачатку адбылася Імша, падчас якой маліліся за тых, хто займаецца пчалярствам, аб мудрасці для іх у зносінах з такой цудоўнай Божай істотай, як пчала. Святар засяродзіў увагу на ўкладзе жыцця пчол, якія жывуць толькі калектыўна — сям’ёй. Кожная пчала стараецца прынесці як мага больш карысці для свайго вулея. Адзін вулей змяшчае да 50 000 асобін! Людзям ёсць чаму ў іх павучыцца, найперш — нястомнай працавітасці. Так важна, каб чалавек чуў іншага чалавека. Гэтая размова можа быць без слоў, як у пчол. Ксёндз Павел пажадаў, каб і мы, людзі, як тыя пчолы, прыносілі «нектар» у «соты» свайго жыцця. Таксама заклікаў азірнуцца наўкола і ўбачыць прыгажосць, створаную Усявышнім, менш наракаць на жыццё, а заўважаць дробязі, якія, як праменьчыкі сонца, асвятляюць наш шлях.
Пасля Імшы парафіяне сабраліся ля шчодра накрытага стала. Галоўным пачастункам на ім быў мёд. Гэтым каштоўным прадуктам частаваў прысутных не толькі заўзяты пчаляр ксёндз Павел, але і іншыя аматары-пчаляры. Сярод іх Уладзімір Каравацкі, Багдан Буйко. Парафіянка Ірына Лемянкова традыцыйна напякла смачных булачак. Шмат выпечкі прынеслі іншыя жанчыны. Чаго тут толькі не было! Печаныя яблыкі, начыненыя тварагом, пончыкі, торт-мядовік, пірагі з яблыкамі… Я ўсяго і не пакаштавала.
Прысутным была прапанавана віктарына пра пчол і мёд. З яе даведаліся шмат цікавых фактаў. Засыпалі пытаннямі і пчаляроў. Яны ахвотна дзяліліся сваім вопытам і ведамі. Прызналіся, што даглядаць пчол нялёгка, але захапляльна. Калі любіць іх сэрцам, то атрымаеш вялікае задавальненне ад гэтай работы.
У ксяндза Паўла ўзнікла ідэя на наступны год запрасіць на свята пчаляроў з іншых парафій, каб разам памаліцца і цікава правесці час.
Анна Анішкевіч