Аднойчы я прачытала легенду пра тое, як Дракон украў Сонца. Але пры гэтым ён моцна апёкся і, раззлаваўшыся, стаў ірваць яго на кавалкі. На Зямлю ляцелі іскры і ператвараліся ў цудоўныя кветкі — хрызантэмы.
Легенда міжволі ўспамінаецца, калі кожную восень любуюся іх раскошай у агародчыках пастаўчан. Шмат хрызантэм і ля дома Святланы Мядзельскай па вуліцы Ленінскай у райцэнтры. Дарэчы, ён усяго за некалькі крокаў ад рэдакцыі.
Калі я завітала да гаспадыні, Святлана Мікалаеўна толькі што вярнулася з рынку, дзе яна як індывідуальны прадпрымальнік гандлюе рознай драбязой. І сама набыла тавар — куст хрызантэмы. Збіралася высаджваць у грунт і ніяк не магла вызначыцца з месцам, бо яго катастрафічна не хапае.
— Прысядзібны ўчастак невялікі, — расказвала жанчына. — Ніякай агародніны на ім не вырошчваю. Усю плошчу заняла дэкаратыўнымі кустарнікамі, малінамі, буякамі, трускалкамі, кветкамі. Мы з мужам мелі дачу ў Шырках, уклалі шмат працы ў дом і зямлю. Збіраліся вырошчваць садавіну і агародніну не толькі сабе, але і на продаж. Аднак дзевяць гадоў назад жыццё Віці раптоўна абарвалася. Яму было ўсяго 53. Усе нашы планы абрынуліся — што я адна магла там зрабіць? Наша дарослая дачка ўжо жыла ў Мінску. Як ні шкада было, а давялося дачу прадаць.
Але і на невялікім участку ля дома ў горадзе Святлане ўдаецца вырошчваць многае. З ранняй вясны да позняй восені тут цвітуць цюльпаны, аксаміткі, флёксы, ружы, хрызантэмы. А якая прыгажосць квітнеючых кустарнікаў: вяйгелы, спірэі, дэйцыі, жасміну, гартэнзіі, якіх па некалькі гатункаў!
Што да хрызантэм, то іх у Святланы Мядзельскай 36 відаў — белыя, ружовыя, аранжавыя, жоўтыя, бардовыя… Яны не толькі сёння цудоўна выглядаюць на сонцы, але і будуць радаваць сваімі фарбамі нават тады, калі прыйдзе непагадзь, пачнецца завяданне прыроды. Такія кветкі — сімвал восені.
Фаіна Касаткіна