Нялёгкая праца хлебаробаў. Многае ў ёй залежыць ад умоў надвор’я. А яны не заўсёды спрыяюць атрыманню высокага ўраджаю. Не парадавала надвор’е гаспадароў зямлі і сёлета. Працяглая засуха перашкодзіла атрымаць запланаваную ўраджайнасць. Але папрацавалі аграрыі не менш, чым у папярэднія гады.
Найлепшыя з іх заслугоўваюць ушаноўвання.
У нашай краіне, як ні ў адной іншай на прасторах СНД, захавалася традыцыя правядзення дажынак. Сёлета іх сталіцамі ў абласцях вызначаны Бешанковічы, Валожын, Масты, Карма, Мікашэвічы, Клімавічы.
На падрыхтоўку да свята з абласных і раённых бюджэтаў выдзелены фінансы. Дзякуючы гэтаму ў названых гарадах выканана вялікая работа па будаўніцтве, рамонце, добраўпарадкаванні. Непазнавальна змяніліся і Бешанковічы, дзе сёння праходзіць першы этап абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі. Тут абнавілася больш за сотню аб’ектаў. Мерапрыемства завершыцца, а пераўтварэнні застануцца і будуць радаваць жыхароў горада.
Што да самога святкавання, то яго праграма насычаная. Цэнтральнай падзеяй, безумоўна, стане цырымонія ўзнагароджання пераможцаў спаборніцтва. Ад Пастаўшчыны ў ёй прыме ўдзел старшыня райвыканкама Сяргей Чэпік. (Дэлегацыя раёна будзе запрошана на другі этап дажынак, які пройдзе ў Віцебску пазней.)
Прыцягнуць увагу прысутных у Бешанковічах розныя конкурсы, тэматычныя пляцоўкі, выставы, дададуць настрою выступленні прафесійных і самадзейных артыстаў. Дарэчы, у абласным конкурсе гульнёвых праграм будуць удзельнічаць Цэнтр культуры і народнай творчасці Пастаўскага раёна і Юнькаўскі сельскі Дом культуры. А дзяржкаледж прапануе на продаж прадукцыю, вырабленую навучэнцамі ў вучэбных майстэрнях, прадэманструе тэматычную пляцоўку «Мая прафесія — мая будучыня» і выставу тэхнікі «Ад рэтра да інавацый».
Фаіна Касаткіна