2 сентября в районном центре детей и молодежи прошёл День открытых дверей

Образование

У мінулы панядзелак у школах Пастаўшчыны, як і па ўсёй краіне, адбыліся ўрачыстыя лінейкі з нагоды пачатку новага навучальнага года. У той жа дзень раённы цэнтр дзяцей і моладзі правёў дзень адчыненых дзвярэй. І гэта мерапрыемства таксама стала святочным. Абноўленыя пакоі, мноства кветак, гірлянды з шароў, прыбраныя педагогі, дзеці і іх бацькі…

Цэнтр паказваў усё, чым тут зможа заняцца падрастаючае пакаленне. А паказаць ёсць што.

У РЦДМ працуе больш за 80 аб’яднанняў па інтарэсах, — расказвала дырэктар установы Валянціна Ромель. — Летась у нас займалася больш за тысячу дзяцей. Заняткі праводзілі не толькі на месцы, але і ў школах горада і раёна. Спадзяёмся, не меншым будзе набор і зараз. Тым больш што мы адкрылі два новыя напрамкі: адзін — камп’ютарная графіка і камп’ютарны дызайн, другі — керамічная майстэрня. Гэта стала магчымым дзякуючы прыходу ў калектыў двух маладых педагогаў — Кацярыны Жук і Віялеты Граблеўскай. А ўсяго ў нас у штаце 22 педагогі. Большасць — вопытныя. Радуе і маладое папаўненне.

Найлепшыя словы прагучалі з вуснаў дырэктара РЦДМ пра ўсіх супрацоўнікаў цэнтра. Яны творчыя, актыўныя, нераўнадушныя, цалкам аддаюць сябе абранай справе. Але мяне найбольш цікавіла, чым установа прыцягвае наведвальнікаў. Найперш — разнастайнасцю заняткаў, якія тут прапануюць. Калі агульнаадукацыйную школу дзеці абавязаны наведваць, то РЦДМ яны выбіраюць добраахвотна і вучацца тут таму, што ім найбольш падабаецца. Задача педагогаў — спачатку зацікавіць наведвальнікаў, а ў працэсе вучобы — захапіць. І гэта ў іх атрымліваецца.

У дзяцей рознага ўзросту папулярныя і розныя гурткі. Напрыклад, у школе ранняга развіцця летась найбольш жадаючых было займацца мастацкай творчасцю, англійскай мовай і танцамі. Сёлета замест англійскай мовы будуць матэматыка і лагічнае мысленне. Прыцягвае дэкаратыўна-прыкладная творчасць. Нават назвы гурткоў гавораць самі за сябе: «Саламяныя фантазіі», «Чароўны кручок», «Зрабі сам», «Юныя дызайнеры» і іншыя. Няма адбою ад тых, хто жадае займацца ў студыях сучаснай харэаграфіі і эстраднай песні. Цікава ў фальклорным клубе «Лянок», студыі выяўленчага мастацтва «Сяміцвецік», турыстычным клубе «Магелан», шахматным клубе «Віцязь», аматараў ігры на гітары вабіць «Акорд». Ды хіба магчыма пералічыць усе гурткі, студыі, клубы, што працуюць у цэнтры? Назаву яшчэ толькі медыястудыю, якая дзейнічае з мінулага года і ў якой выкладае тэлежурналіст Андрэй Мацур. Яе ўдзельнікі ўжо заяўляюць пра сябе ў інфармацыйнай прасторы.

Адметнасць РЦДМ у тым, што тут няма выхадных — ён працуе сем дзён на тыдні. І кожны з іх адкрывае перад наведвальнікамі штосьці новае. Суму і бяздзейнасці ў гэтай установе не бывае. А вось творчасць прапісалася на пастаянна.

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.