17 сентября бывшему директору второй поставской школы Виктору Григорьевичу Крескияну исполнилось 90 лет

Общество

Я глядзела на падцягнутага, энергічнага, з пранізлівымі вачыма мужчыну ў элегантным касцюме і не магла паверыць у тое, што на яго жыццёвым календары 90-я восень.

Але гэта так — 17 верасня былому дырэктару другой пастаўскай школы Віктару Рыгоравічу Крэскіяну споўнілася 90 гадоў. У той дзень дзверы яго кватэры, бадай, не зачыняліся: было мноства ахвотных павіншаваць шаноўнага юбіляра. Першымі завіталі намеснік старшыні райвыканкама Станіслаў Чымбург і старшыня раённага савета ветэранаў Ганна Літвіновіч. Яны ўручылі Падзяку старшыні райвыканкама, паднеслі кветкі і саладосці. Пажадалі моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту, далейшага актыўнага даўгалецця. Толькі развіталіся, як на парозе — старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Людміла Грачанік, дырэктар пастаўскай СШ №2 імя Н. М. Асяненкі Наталля Кісялёва і яе намеснік па выхаваўчай рабоце Вольга Мацкевіч. Крыху пазней наведалася кіраўнік школьнага музея Рэгіна Ластоўская з навучэнцамі, карэспандэнт «Настаўніцкай газеты» і іншыя. Вечарам за святочным сталом сабраліся родныя і блізкія юбіляра.

17 сентября бывшему директору второй поставской школы Виктору Григорьевичу Крескияну исполнилось 90 лет

На наступны дзень я пацікавілася ў Віктара Рыгоравіча, ці не стаміўся ён ад такой колькасці гасцей.

Ніколькі! — адказаў ба­дзёра. — Мне было вельмі прыемна бачыць кожнага, хто прыйшоў, а таксама чытаць віншаванні ў газеце, прымаць па тэлефоне. Шчыра ўдзячны ўсім за ўвагу і добрыя пажаданні.

Шмат успамінаў было ў той дзень як з роднымі, так і з калегамі па прафесіі. У Віктара Рыгоравіча выключная памяць, але расказваў ён найбольш пра школьныя справы, узгадваў шматлікія падзеі і эпізоды. Пра сябе ж гаварыў: «Жыццё такое, як сёння кашуля на мне — у чорна-белую палоску. Рознае здаралася, і ўсё ж белых палосак было больш, чым чорных, і яны шырэйшыя».

17 сентября бывшему директору второй поставской школы Виктору Григорьевичу Крескияну исполнилось 90 лет

Уся яго біяграфія звязана з Пастаўшчынай. Нарадзіўся і вырас у вёсцы Казічы Юнькаўскага сельсавета. Скончыў Пастаўскае педагагічнае вучылішча і стаў выкладаць матэматыку ў Заўліцкай васьмігадовай школе. Затым была служба ў арміі. Пасля яе настаўнічаў у камайскай, цёплаўскай, ярэўскай школах. У Цёплых сустрэў сваю суджаную: выпускніца Мінскага інстытута імя М. Горкага Ганна Адамаўна прыехала ў мясцовую школу выкладаць фізіку.

Яны і сёння разам. Выхавалі дваіх годных дзяцей. Дачка Галіна выбрала такую ж прафесію, як і бацькі. Скончыла Віцебскі педінстытут, выкладала матэматыку ў Целякоўскай васьмігадовай школе, пасля стала выхавальнікам у пастаўскай СШ №3. Сын Сяргей на выдатна скончыў Даўгаўпілскае ваеннае вучылішча, пазней — ад’юнктуру. Служыў спачатку ў Германіі, потым — у Стаўраполлі. Выйшаўшы на пенсію, працаваў у Мінскім авіяцыйным вучылішчы. Радуюць дзядулю з бабуляй унучка і два ўнукі: усе атрымалі вышэйшую адукацыю, маюць сем’і і добрыя прафесіі. Саша жыве ў Мінску, Рыта — у Маскве, Арцём — у Швейцарыі. А дачка і сын юбіляра ўжо на пенсіі, жывуць у Паставах, часта наведваюцца да бацькоў.

17 сентября бывшему директору второй поставской школы Виктору Григорьевичу Крескияну исполнилось 90 лет

Агульны стаж яго работы – 44 гады. З іх 20 з’яўляўся завучам другой пастаўскай школы і 10 гадоў – дырэктарам. Адзначаны ордэнам «Знак Пашаны».

Тата для мяне — ідэал мужчыны, — дзялілася Галіна. — Ён не толькі нястомны працаўнік, але і вялікі аптыміст і дыпламат. У нашай сям’і ніколі не разгараліся сваркі. Калі ўзнікалі якія-небудзь непаразуменні, тата садзіў усіх за стол перамоў, і мы сумесна вырашалі любую праблему. Дарэчы, і мой брат Сяргей па характары такі ж, як бацька: гаспадарлівы, працавіты, памяркоўны.

А Віктар Рыгоравіч жартам скардзіўся мне на дачку і сына: «Сёлета пазбавілі мяне любімага транспарту — веласіпеда. Я ж так ахвотна ездзіў на ім у Казічы на дачу! Колькі той дарогі — кіламетры тры. А яны баяцца, што магу трапіць у ДТЗ. Таму возяць на машыне. Люблю бываць на дачы, дзе гаспада­рыць сын, асабліва папарыцца ў лазні». Акрамя таго, дзеці, якія ўжо самі пенсіянеры, даўно настойвалі на тым, каб бацька перастаў працаваць на зямлі. Абяцаў ім, што так і зробіць, калі дасягне 75 гадоў. І вось ужо 90, а ён працягвае садзіць і даглядаць агарод, а зараз убірае добры ўраджай. Ну як уседзець дома, калі яшчэ ёсць сілы?

17 сентября бывшему директору второй поставской школы Виктору Григорьевичу Крескияну исполнилось 90 лет

Аднак вернемся да настаўніцкага мінулага юбіляра. Агульны стаж яго работы — 44 гады. З іх 20 з’яўляўся завучам другой пастаўскай школы і 10 гадоў — дырэктарам.

У 1982 годзе Віктар Рыгоравіч адзначаны ордэнам «Знак Пашаны», — расказвала Людміла Грачанік. — Такая высокая ўзнагарода гаворыць сама за сябе. Ён быў мудрым кіраўніком, згуртаваў моцны педагагічны калектыў. Па яго ініцыятыве ствараўся школьны музей. Працаваць і вучыцца ў СШ №2 было за гонар. Інтэлігентны, карэктны, вытрыманы — такім быў дырэктар. Ён і сёння цікавіцца школьнымі справамі, удзельнічае ў патрыятычным выхаванні моладзі.

Мне застаецца дадаць, што Віктар Крэскіян час ад часу прыносіць у нашу рэдакцыю цікавыя і глыбокія допісы, якія потым з’яўляюцца на старонках газеты і знаходзяць водзывы ў чытачоў. Вось і ў свой юбілей ён паабяцаў: «Збіраюся завітаць у рэдакцыю: ёсць тэма, варта было б асвятліць яе ў «Пастаўскім краі».

Чакаем з допісам, Віктар Рыгоравіч! І няхай ваш настрой застаецца такім жа сонечным, як сёлетняя восень.

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.