1 кастрычніка споўніцца 26 гадоў, як Ігар Якубоўскі звязаў сваё жыццё з лесам.
— Пасля школы працоўную дзейнасць пачынаў у калгасе, — расказваў Ігар Якубоўскі. — А калі ажаніўся, у лясную гаспадарку запрасіў цесць. Спачатку працаваў лесарубам у Дунілавіцкім лясніцтве. Праз два гады, калі было створана Валкоўскае, мяне назначылі лесніком. Вывучыўся на вальшчыка. З таго часу разам з Валерыем Лешчыкам пастаянна ўдзельнічаю ў спаборніцтвах вальшчыкаў лесу на раённым, абласным і нават рэспубліканскім узроўнях.
Але асноўны клопат лесніка — ахова і аднаўленне лесу. Вясной Ігар Якубоўскі актыўна займаецца пасадкай саджанцаў, пільна стаіць на варце лясных насаджэнняў ад пажару. У вясенне-летні перыяд ім пагражае выпальванне сухой расліннасці на палях, неасцярожна кінуты грыбніком ці ягаднікам акурак. У дапамогу работнікам Валкоўскага лясніцтва ў Драздах устаноўлена спецыяльная камера, якая на вялікай адлегласці фіксуе нават задымленне. Сігнал паступае на камп’ютар у лясніцтве, і дзве пажарныя каманды адразу выязджаюць на месца ўзгарання.
— Мы кожны год дасканала рыхтуемся да пажаранебяспечнага перыяду, — працягваў суразмоўца. — Найперш вядзём растлумачальную работу з насельніцтвам, абнаўляем сродкі пажаратушэння. У нас ёсць усё неабходнае для ліквідацыі пажараў. Змагаемся таксама з несанкцыянаванымі звалкамі, і іх колькасць з кожным годам змяншаецца. Наводзім парадак у месцах адпачынку, прыродаахоўных зонах.
Восенню з’яўляюцца новыя клопаты: ляснік робіць кантрольную праверку сваіх уладанняў, разам з калегамі дапаўняе пасадкі там, дзе з якой-небудзь прычыны дрэўцы вясной не прыжыліся, адным з першых ідзе з бензапілой і сякерай туды, куды не даходзіць тэхніка. А яшчэ рэгулярна праводзіць санітарныя высечкі і высечкі догляду, ачышчае лес ад захламленасці. Прыходзіцца ліквідоўваць бураломы, аднаўляць пашкоджаныя ўчасткі. На шчасце, сёлета ўраганныя вятры Валкоўскае лясніцтва абмінулі, а ў мінулыя гады наносілі вялікі ўрон.
Уладанні Ігара Якубоўскага ў Валкоўскім лясніцтве перавышаюць тысячу гектараў. Ляснік добра ведае кожны куточак. У асноўным аб’язджае іх на матацыкле, а ў цяжкадаступныя месцы дабіраецца пешшу.
Пагутарыўшы з Ігарам, зразумела, што сумаваць лесніку не прыходзіцца. Трэба быць вынослівым, каб спякотным днём абкошваць участкі з маладымі дрэўцамі, спілоўваць галіны і выразаць сухастой. Летам дакучае машкара. Але Ігар лес любіць, таму і затрымаўся ў прафесіі, хоць рамантыкі ў ёй мала. Гэта цяжкая праца, якая патрабуе вопыту і прафесіяналізму.
— Лес для мяне не проста рабочае месца, — гаварыў Ігар. — Гэта як другі дом. У ім адчуваеш спакой. І хоць часам стамляюся, на душы лёгка, калі тут парадак.
За добрасумленнае выкананне службовых абавязкаў, працавітасць ляснік быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Пастаўшчыны». Сёлета напярэдадні прафесійнага свята яго старанне адзначана Падзякай міністра лясной гаспадаркі Беларусі.
Ганарыцца Ігарам яго сям’я: жонка, дзве дарослыя дачкі, 17-гадовы сын і маленькая ўнучачка. Дзеля іх хочацца жыць і старацца.
Анна Анішкевіч