12 верасня 1-ы ваенны шпіталь органаў пагранічнай службы наведаў начальнік аддзела па наглядзе за выкананнем заканадаўства ў войсках пракуратуры Віцебскай вобласці саветнік юстыцыі Антон Зыкаў. Мэтай яго візіту было правесці асабісты прыём грамадзян і сустрэчу з працоўным калектывам медустановы.
Выслухаў і растлумачыў
На прыём да работніка абласной пракуратуры прыйшлі два чалавекі. Адзін з іх — памочнік начальніка шпіталя — начальнік аддзела ідэалагічнай работы і кадравага забеспячэння Ілья Аксенцьеў.
— Па службовым абавязку мне даводзілася шмат разоў мяняць месца жыхарства, — гаварыў ён. — Служыў у Полацкім і Мазырскім пагранічных атрадах, Гродзенскай пагранічнай групе, зараз — у шпіталі ў Паставах. У сувязі з гэтым ёсць праблемы з атрыманнем пашпарта і розных даведак з арганізацый. Па некаторыя дакументы прыходзіцца ехаць туды, дзе зарэгістраваны. Хачу ведаць, як прынцып тэрытарыяльнай даступнасці адміністрацыйнай працэдуры распаўсюджваецца на выдачу дакументаў.
Урача-хірурга падпалкоўніка медыцынскай службы ў запасе Антона Гулікава непакоіць жыллёвае пытанне. Маючы 20 гадоў выслугі, 15 верасня 2023 года мужчына быў звольнены з ваеннай службы па стане здароўя. За год да гэтага вырашыў выкупіць кватэру ў Паставах, дзе пражывае з сям’ёй. Кватэра службовая, належыць Дзяржпагранкамітэту, куды і звярнуўся з просьбай. Атрымаўшы адказ аб адсутнасці магчымасці выкупу, пасля падпісання Прэзідэнтам Указа №12 звярнуўся ў райвыканкам. Але там з вырашэннем пытання яму не дапамаглі. А пасля таго, як прыйшлося пакінуць службу, далейшыя звароты па гэтым пытанні Антон Леанідавіч палічыў бессэнсоўнымі. Цяпер жа вырашыў высветліць, ці ёсць у яго магчымасць скарыстацца правам на выкуп жылля, у якім пражывае.
Абодвух наведвальнікаў Антон Зыкаў уважліва выслухаў, даў растлумачэнні і параіў, як дзейнічаць у канкрэтнай сітуацыі. Пры гэтым заўважыў: калі ўзнікнуць складанасці, можна звярнуцца ў абласную і раённую пракуратуру.
Пра злачыннасць і генацыд
З кабінета, у якім праводзіўся прыём, усе перамясціліся ў актавую залу шпіталя, дзе сабраліся работнікі медустановы. На сустрэчы з калектывам пайшла гаворка пра злачыннасць у войсках і ў цэлым на тэрыторыі Віцебскай вобласці, рэалізацыю паўнамоцтваў пракурора ў ходзе нагляднай дзейнасці і расследаванне крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і ў пасляваенны перыяд.
Расказваючы пра злачынствы, Антон Зыкаў акцэнтаваў увагу на карупцыйных, сярод якіх пераважаюць хабарніцтва і крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі. Летась іх было здзейснена адпаведна 49 і 36. За 6 месяцаў бягучага года зарэгістравана 37 злачынстваў карупцыйнай накіраванасці. Ваеннаслужачымі ў першым паўгоддзі здзейснена 10 злачынстваў. Гэта не толькі крадзяжы паліва, унясенне заведама несапраўдных звестак у афіцыйныя дакументы, парушэнне тэхнікі бяспекі пры эксплуатацыі транспартных сродкаў, але і няўстаўныя ўзаемаадносіны, хуліганствы і нават згвалтаванні. Пракуратурай Віцебскай вобласці ў адносінах да ваеннаслужачых ужо ўзбуджаны 4 крымінальныя справы, 2 павінны ўзбудзіць у найбліжэйшы час. Таксама пракурорскімі работнікамі ў першым паўгоддзі праведзена 214 праверак, па выніках якіх да розных відаў адказнасці прыцягнута 307 ваеннаслужачых. Таму, на думку Антона Зыкава, кіраўніцтву вайсковых часцей неабходна праводзіць належную прафілактычную работу з падначаленымі.
Што да расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа ў гады вайны, то выступоўца не толькі прывёў лічбы, колькі было спалена на тэрыторыі Беларусі вёсак, устаноўлена месцаў масавага знішчэння мірных жыхароў, апытана сведкаў і відавочцаў тых жудасных падзей і вывучана архіўных дакументаў. Ён гаварыў пра важнасць работы, пачатай Генеральнай пракуратурай рэспублікі, неабходнасць яе правядзення зараз, калі ў многіх заходніх краінах спрабуюць перапісаць нашу гісторыю і гераізаваць памагатых нямецкіх акупантаў. Падсумоўваючы сказанае, Антон Міхайлавіч заўважыў: «Генацыд не мае тэрміну даўніны, і расследаванне па ім працягваецца».
Алена Шапавалава