Кожны дзень прыносіць свежыя навіны з хлебных палёў раёна: у многіх гаспадарках жніво набліжаецца да завяршэння, папаўняецца і атрад тысячнікаў. У іх лік нарэшце трапілі мінулагоднія пераможцы — вадзіцелі ААТ «Камайскі-агра» Павел Кеўліч і ААТ «Навасёлкі-Лучай» Сяргей Варашкевіч.
Каб ушанаваць Паўла, «перахапілі» яго па дарозе з поля каля Каралінова на зернесушыльны комплекс у Камаях. Віншаванні з перавезенай тысячай тон збожжа вадзіцель прымаў ад кіраўніка гаспадаркі Аляксандра Даніленкі, старшыні пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Іны Пяткевіч і прафсаюзнага лідара аграрыяў раёна Васілія Катовіча.
— Ураджайнасць сёлета слабейшая, чым у папярэднія гады, таму так доўга не набіралася тысяча, — расказваў Павел. — Ды і машыне ўжо 15 гадоў. Асаблівая нагрузка на яе была ў першыя гады: і гравій вазіў на будаўніцтва новага жывёлагадоўчага комплексу, і ў камандзіроўкі часта ездзіў. Нягледзячы на «ўзрост», яна мяне не падводзіць, бо рамантую заўсёды дасканала, ведаю ў ёй кожны вінцік.
Ва ўраджайныя гады Павел перавозіў і адну, і дзве тысячы тон збожжа. Звычайна, як толькі пачынаецца сяўба азімых, ён пераабсталёўвае машыну пад загрузку зерня і дастаўляе яго да сеялак. Так будзе і сёлета. Падчас корманарыхтоўкі заняты на адвозцы зялёнай масы ў сянажныя траншэі.
Аляксандр Даніленка, уручаючы падарунак, дзякаваў Паўлу Кеўлічу не толькі за руплівасць на жніве, але і за яго залатыя рукі, якімі дапамагае рамантаваць іншую тэхніку, за добрае яе веданне, кемлівасць.
Загрузіўшы чарговы прычэп збожжа, Павел на гэты раз крыху адхіліўся ад маршруту і завёз жонцы шыкоўныя белыя хрызантэмы, якія ўручыла яму старшыня пярвічкі. Мужчына лічыць, што ў яго поспехах шмат значыць надзейны тыл, калі можна шчыра працаваць, не турбуючыся пра дзяцей, хатні быт.
Ёсць стымул старацца і ў вадзіцеля ААТ «Навасёлкі-Лучай» Сяргея Варашкевіча. Ён пэўны час працаваў на пасажырскай «ГАЗелі», а тры гады таму кіраўніцтва даверыла новы ГАЗ-САЗ. На ім часта даводзіцца ездзіць у камандзіроўкі. А падчас жніва Сяргей рупіцца на стандартным маршруце: поле — зернясклад. Трэці год у ліку тысячнікаў. У гаспадарцы цэняць маладога работніка і мнагадзетнага бацьку (у сям’і выхоўваюцца тры сыны: Кірыл, Раман і Арцём). У перыяд жніва яны і жонка сумуюць па Сяргеі і адначасова радуюцца яго дасягненням. Летась сельгаспрадпрыемства выдзеліла Варашкевічам прасторны дом (да гэтага яны жылі з мамай Сяргея). Маладыя гаспадары абжываюць яго.
Анна Анішкевіч