Неаднойчы гаварыла пра тое, што вельмі люблю збіраць грыбы. У якіх толькі лясах не пабывала не толькі ў нашым раёне, але і на Мядзельшчыне, Браслаўшчыне, Глыбоччыне! Безумоўна, найбліжэйшыя для мяне пастаўскія, і не толькі па кіламетрах.
У прыгарадныя лясы накіроўваюся на «ціхае паляванне», як правіла, адна. Не таму, каб пазбегнуць канкурэнтаў, а каб пабыць сам-насам з думкамі і прыродай. Сонечным днём у знаёмым лесе арыентуюся лёгка. А вось у пахмурны мне лепш туды не хадзіць. Як ні трымаюся сцяжынак, па якіх кожны сезон ходжана-пераходжана, усё роўна заблуджуся. Куды ні накіруюся з паўнюткім кошыкам, а то яшчэ і з вялікім пакетам грыбоў у прыдачу, не магу выйсці на ўскраіну лесу. І тады апаноўвае страх… Здаралася і такое, што пасля доўгіх блуканняў нарэшце выбіралася на лясную дарогу, застывала ў роздуме, у які бок падацца па ёй, і ішла… у супрацьлеглы ад патрэбнага. А сіл заставалася ўсё менш і менш.
Думаю, паніка ахоплівала кожнага, хто аказваўся ў такіх стрэсавых сітуацыях. А па інфармацыі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Беларусі, у лясах краіны штогод летам і восенню губляецца ад 350 да 500 чалавек. Адбываліся такія непрыемныя прыгоды і з жыхарамі нашага раёна.
А ўзгадалася ўсё гэта мне падчас нядаўняга «ціхага палявання» ў лесе каля вёскі Вароны, калі ўбачыла на лясной дарозе прымацаваныя да дрэў таблічкі «Внимание! Если вы заблудились!». На іх указаны нумары тэлефонаў, па якіх трэба прасіць дапамогі, а таксама змешчаны парады, як паводзіць сябе ў экстрэмальнай сітуацыі. Над таблічкамі — яркі ўказальнік з лічбавым абазначэннем ляснога квадрата. Выдатны навігатар для тых, хто сумняваецца ў напрамку руху! І гэта радуе многіх аматараў лесу.
У намесніка дырэктара Пастаўскага лясгаса Аляксандра Іванькова цікаўлюся, чыя гэта ініцыятыва.
— Раённага аддзела Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, — адказаў Аляксандр Мікалаевіч. — Сёлета адтуль звярнуліся ў лясгас з просьбай вырабіць таблічкі і ўказальнікі. Потым ратаўнікі сумесна з нашымі работнікамі прымацавалі іх да дрэў. Пакуль такая інфармацыя з’явілася толькі ў Груздаўскім лясніцтве. Справа ў тым, што ў папярэднія гады на яго тэрыторыі найчасцей губляліся людзі і даводзілася іх шукаць.
Хочацца спадзявацца, што такія патрэбныя аматарам збору ягад і грыбоў падказкі з цягам часу з’явяцца і ў іншых лясах.
Фаіна Касаткіна