Сцяпан і Інэса Янушы сёлета скончылі Віцебскую дзяржаўную акадэмію ветэрынарнай медыцыны і прыступілі да работы заатэхнікамі ў ААТ «Камайскі-агра».
Яны пазнаёміліся адразу пасля паступлення. Інэса з Магілёўскай вобласці, Сцяпан — з Пастаўшчыны. Сяброўства доўжылася чатыры гады. У сакавіку бягучага года ажаніліся. Але яшчэ на трэцім курсе дзяўчына вырашыла, што стане надзейнай спадарожніцай для свайго каханага і, параіўшыся з ім, заключыла мэтавы дагавор з ААТ «Камайскі-агра». Па накіраванні менавіта гэтага сельгаспрадпрыемства вучыўся Сцяпан.
Перавагі вучобы па мэтавым накіраванні адчувальныя: калі стыпендыя 130—160 рублёў у месяц, то да яе гаспадарка даплачвала 5 базавых велічынь. На час праходжання практыкі выдзялялася жыллё. Немалаважна гарантаванае першае рабочае месца.
— Чаму выбралі сельскую гаспадарку? — у чарговы раз задаюць сабе пытанне маладыя спецыялісты і самі на яго адказваюць: — З аграрнай адукацыяй ніколі не застанешся без работы, у гэтай галіне нядрэнная заработная плата, выдзяляецца жыллё, ёсць іншыя льготы. Пры жаданні магчымы кар’ерны рост. Абраная прафесія нялёгкая. Але не па сілах яна будзе тады, калі яе не любіць.
Інэса пакуль унікае ў работу пад кіраўніцтвам галоўнага заатэхніка ААТ «Камайскі-агра» Алены Дубінай. Месца работы Сцяпана — малочнатаварны комплекс. Ён сочыць за тым, каб рацыён кармлення жывёлы быў якасным і збалансаваным, вядзе адпаведную дакументацыю. Як прызнаюцца муж і жонка, штосьці новае пачынаць заўсёды няпроста. Абое хвалююцца, баяцца дзесьці памыліцца, але стараюцца ва ўсё ўнікаць. Адна справа — вывучаць жывёлагадоўлю па падручніках і іншая — сутыкнуцца з рознымі сітуацыямі, часам непрадбачанымі, на практыцы. Важна, што дапамагаюць вопытныя калегі, не адмаўляе ў парадзе кіраўніцтва гаспадаркі.
— Сучасныя студэнты баяцца размеркавацца на сельгаспрадпрыемствы, — гаварылі Сцяпан і Інэса. — Ім хочацца застацца ў вялікім горадзе. Але ў сельскай мясцовасці жыццё мае свае плюсы. Маладыя кадры, асабліва ў жывёлагадоўлі, тут вельмі запатрабаваныя.
У гаспадарцы Янушаў прынялі цёпла: выдзелілі арэндную 2-пакаёвую добраўпарадкаваную кватэру, выплацілі пад’ёмныя — амаль па тысячы рублёў кожнаму. Іх маладая сям’я плануе патраціць на абуладкаванне жылля. Паколькі кантракт заключаны на 5 гадоў, то і абжывацца будуць грунтоўна.
Паглядзець на быт маладых прыязджалі Інэсіны бацькі з Магілёўскай вобласці. Ім спадабаліся Камаі. Пабываўшы на Пастаўшчыне, яны загарэліся жаданнем у будучым сюды перабрацца.
Інэса і Сцяпан пакуль не атрымалі першую зарплату, але ведаюць, што да службовага акладу ім будуць даплачваць па 1 000 рублёў. Гэта прадугледжана рашэннем Віцебскага аблвыканкама маладым спецыялістам зоатэхнічнай сферы. Янушы добра разумеюць, што наперадзе будуць і цяжкасці. Але галоўнае — ва ўсім знаходзіць пазітыў, арыентавацца на тое, што ўпрыгожвае жыццё, а на праблемах не засяроджвацца, а вырашаць іх.
Анна Анішкевіч
Фота з сямейнага архіва сям’і Януш