У шлюбе была ўсяго паўгода. Муж збіваў, таму, цяжарная, уцякла ад яго з Мінска, дзе жылі, у Паставы. Нарадзіла дзіця і туліцца з ім у нядобраўпарадкаванай, запушчанай кватэры. Не мае паліва, расце доўг па камунальных плацяжах і за электрычнасць. Сродкаў для існавання няма, дапамогі ні ад кога не атрымлівае. Органы апекі адабралі дзіця. Адным словам, бяда бядой…
Пастаўчанка Аксана Л. такімі драматычнымі гісторыямі, якія размяшчала ў «Цік-Току» і на «Анлайнеры», разжаліла многіх. Разгарнулася цэлая кампанія ў яе падтрымку. Дабрачынныя грамадскія арганізацыі, асобныя людзі не толькі з Беларусі, але і з Расіі кінуліся на дапамогу жанчыне. Вядомы расійскі блогер прыязджаў у наш горад, здымаў відэа, размяшчаў іх у інтэрнэце. Дапамаглі Аксане істотна: памянялі ў кватэры вокны, устанавілі металічныя дзверы, дарагую кухню, купілі іншую сучасную мэблю, пыласос, дзіцячую каляску, мікрахвалевую печ, завезлі машыну брыкету, пагасілі доўг за электрычнасць і камунальныя паслугі, стварылі запас прадуктаў харчавання.
Дзіця жанчыне вярнулі, але хэпі-энду не атрымалася. На мінулым тыдні мне давялося прысутнічаць на пасяджэнні суда Пастаўскага раёна, у якім разглядалася грамадзянская справа аб пазбаўленні той самай «няшчаснай» Аксаны і яе мужа бацькоўскіх правоў на іх пяцігадовага сына. Маці — 36 гадоў, бацьку — 47. Яна па адукацыі таваразнавец-прадавец, ён — інжынер-механік, але абое не працуюць па спецыяльнасці. Сын — іх адзінае дзіця, аднак з мая бягучага года ён знаходзіцца не ў роднай сям’і, а ў прыёмнай з той прычыны, што бацька самаўхіліўся ад яго выхавання, а маці не спраўляецца са сваімі абавязкамі.
Гэта сям’я трапіла ў поле зроку органаў апекі адразу пасля з’яўлення дзіцяці на свет. Цяжарная жанчына вярнулася ў Паставы з Мінска, дзе жыла з мужам на прыватнай кватэры. Сям’я распалася. Па словах Аксаны, яна ўцякла ад мужа-тырана, а ў Паставах у яе мелася камунальная кватэра. Пасля нараджэння дзіцяці дапамаглі маці аформіць дакументы на атрыманне дзяржаўнай дапамогі, узялі сям’ю пад свой кантроль. Пакуль жанчына знаходзілася ў дэкрэтным водпуску і атрымлівала дзяржаўную дапамогу, становішча ў сям’і было цярпімым. Водпуск скончыўся, у ліпені 2022 года яна павінна была аформіць дзіця ў садок, а сама — выйсці на работу. Аднак ні таго, ні другога не зрабіла. Зразумела, узніклі матэрыяльныя цяжкасці.
Асабліва крытычная сітуацыя стварылася восенню мінулага года. Адным кастрычніцкім вечарам маці з трохгадовым сыночкам пайшла да знаёмых па прадукты. І так «начаставалася» там, што па дарозе дадому згубіла малога. А ўжо ішла 23-я гадзіна. Прахожыя ўбачылі пакінутае дзіця і пазванілі ў міліцыю. Маці тым часам моцна спала.
Сям’я ўжо знаходзілася на ўліку як сацыяльна небяспечная. Безумоўна, пасля такога выпадку камісія па справах непаўналетніх прыняла рашэнне аб адабранні дзіцяці і змяшчэнні яго ў сацыяльны прытулак. Маці ўладкавалі на працу на мясакамбінат, на прадпрыемстве зрабілі для яе зручны графік работы. Падключыліся спагадныя, нераўнадушныя людзі, шмат чым дапамаглі жанчыне рэчамі, фінансамі, прадуктамі, бацька дзіцяці пагасіў даўгі за электрычнасць і камунальныя паслугі, быў наведзены парадак у доме. Камісія па справах непаўналетніх палічыла магчымым вярнуць Аксане дзіця, даць ёй шанс рэалізаваць сябе як маці.
На жаль, гэтага не адбылося. Не прайшло і паўгода, як зноў прызнаецца сацыяльна небяспечнае становішча сям’і. Як толькі Аксане вярнулі сына, яна звольнілася з мясакамбіната. Як вынік, не хапала сродкаў на пражыццё. Праз нейкі час жанчына ўладкавалася ў кафэ «Лагуна», але затрымалася там толькі на два месяцы. У снежні мінулага года камісія па справах непаўналетніх прызнала, што дзіця мае патрэбу ў дзяржаўнай абароне, і Ромка ў другі раз на 6 месяцаў быў змешчаны ў прытулак. За гэты час маці магла прыняць усе меры да таго, каб вярнуць дзіця, тым больш што і афіцыйныя органы, і грамадскасць ішлі ёй насустрач. Але гэтага не зрабіла. Не наладзіла нармальны быт, не пазбавілася ад шкодных звычак.
Мяркуйце самі: як абавязаную асобу Аксану па броні, устаноўленай райвыканкамам, прынялі на работу на льнозавод, дык яна там неаднаразова парушала працоўную дысцыпліну, і яе адхілялі ад работы. Тройчы, у студзені, красавіку і чэрвені, змяшчалася ў ізалятар часовага ўтрымання РАУС, злоўжывала алкаголем у кампаніі з асацыяльнымі асобамі.
Судовае разбіральніцтва доўжылася некалькі гадзін. Адзін за другім выступалі сведкі, расказвалі пра становішча спраў у нядобранадзейнай сям’і, меры ўздзеяння на маці і дапамогу, якую ёй аказвалі. Сама жанчына была нешматслоўнай. Згаджалася, што патрабаванні, якія прад’яўляюцца ёй, абгрунтаваныя. І ў той жа час спасылалася на тое, што да яе несправядліва ставіліся на рабоце, у органах апекі. І вось суддзя задае грамадзянцы самае цяжкае пытанне: «Ці згаджаецеся на пазбаўленне вас мацярынскіх правоў?» У зале судовых пасяджэнняў на хвіліну павісае гнятлівая цішыня, а потым гучыць адказ: «На дадзены момант згаджаюся». І ні адной слязінкі!
Пасля судовага пасяджэння я зайшла на Аксаніну старонку ў «Цік-Току» і прачытала такія радкі: «Уже дома, навожу уборку за те 3 дня, что меня не было. Никому Рому не отдам, пусть они хоть на ушах пляшут». Ёсць там і відэа, як хлопчык весела танцуе дома, як яна наведалася ў прытулак і частуе яго сокам. А колькі крыкаў душы «клапатлівай» мамы! Ну што ж, віртуальную прастору можна падмануць, рэальную — не!
14 ліпеня Рому споўнілася пяць гадоў. З днём нараджэння хлопчыка павіншавалі ў прыёмнай сям’і, дзіцячым садку, прыйшла цётка Аксаны, нават бацька з Мінска прыехаў. А маці — не. І ўвогуле з 7 мая бягучага года, калі дзіця забралі з сацыяльнага прытулку ў сям’ю, яна ні разу не наведалася да яго, не пазваніла прыёмнай маці. І перад судовым пасяджэннем, а таксама пасля яго заканчэння не падышла да жанчыны, не пацікавілася, як жывецца яе крывінцы.
Прыёмная маці расказвала ў судзе, як складана было ёй навучыць некіруемага хлопчыка элементарным бытавым навыкам. Уцякаў з ванны, не даваўся падстрыгацца, не ўмеў есці лыжкай, раскідваў рэчы і не ўмеў прыбіраць за сабой. Маму інакш як Аксанай не называў. На першым часе ўспамінаў, а зараз — не, з воклічам «мама!» радасна бяжыць з садка насустрач ёй, прыёмнай маці.
У практыцы работы органаў апекі нямала такіх фактаў, калі пры неналежных паводзінах маці адказнасць за дзіця бярэ на сябе бацька. Мог бы так паступіць і тата Ромы, Уладзімір Л. Ён хоць і не жыў разам з сынам, але плаціў аліменты, купляў для яго пачастункі, наведваў у прыёмнай сям’і. Праўда, на гэтым яго клопат і завяршаўся. Мужчына спасылаўся на тое, што жыве ў чужой кватэры ў Мінску, не мае афіцыйнай работы і не можа забраць да сябе сына. А мне здаецца, калі б чалавек быў адказным па жыцці, ставіў лёс сына вышэй за свае інтарэсы, сітуацыя была б іншай.
Рашэннем суда жанчына і мужчына, якія далі Ромку жыццё, пазбаўлены бацькоўскіх правоў. У адпаведнасці з заканадаўствам, яны маюць права праз паўгода хадайнічаць аб аднаўленні сваіх правоў. Аднак зыходзячы з усяго ўбачанага і пачутага ў судовым працэсе і ад прадстаўнікоў органаў апекі я вельмі сумняваюся, што яны зробяць гэта. Хутчэй за ўсё, чужыя людзі будуць выхоўваць іх дзіця, а яны — жыць сваімі інтарэсамі. І наракаць у віртуальнай прасторы на цяжкі лёс, несправядлівыя адносіны да іх, пераконваць у бязмежнай любові да дзіцяці , якое «несправядліва» адабралі, прасіць дапамогі…
Марына Танона, галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі райвыканкама:
— Зараз у нашым раёне ў сацыяльным прытулку знаходзіцца 12 непаўналетніх, у доме сямейнага тыпу — 9, у прыёмных сем’ях — 45. Сёлета пазбаўлены бацькоўскіх правоў 7 сем’яў у адносінах да 13 дзяцей. 38 дзяцей належаць усынаўленню. Звесткі пра іх размешчаны ў адпаведным рэспубліканскім банку даных. Практыка паказвае: чым раней дзіця будзе адабрана з нядобранадзейнай сям’і, тым большы шанс у яго на ўсынаўленне і паўнавартаснае жыццё.
Фаіна Касаткіна