Кубак рэгіёнаў беларусі па футболе. ФСК «Паставы» – ФК «Міёры» – 2:5

Спорт и туризм

Кубак рэгіёнаў беларусі па футболе

Трафей зноў у фаварыта

ФСК «Паставы» – ФК «Міёры» – 2:5

Рашаючы матч абласнога кубкавага турніру стаў галоўным у мінулыя выхадныя, калі ў Прыдзвінні праходзіла шмат іншых сустрэч. Цікавая гульня з мноствам галявых момантаў трансліравалася ў прамым эфіры. З абодвух гарадоў у Полацк прыехалі вялікія групы прыхільнікаў, каб падтрымаць сваіх футбалістаў. Добра арганізаваны паядынак пераўтаварыўся ў прыгожае спартыўнае свята, якое парадавала многіх. Сапернікі выставілі самыя баяздольныя склады, нашы адразу пасля стартавага свістка смела пайшлі наперад. Перад гэтым на выездзе ў Міёрах яны на роўных згулялі з вельмі моцным калектывам, а часам і пераўзыходзілі яго.

Аднак фінал ёсць фінал. Міёрцы — а фактычна гэта зборная вобласці з былых прафесіяналаў і расійскіх легіянераў — у патрэбны момант паказалі сваё майстэрства. Сапернік змог адчувальна прыбавіць, згуляць на класе. Ён справіўся з націскам нашых, які завяршыўся небяспечным стрэ­лам Віталя Жылевіча над перакладзінай. На 10-й хвіліне міёрцы ўзорна падалі вуглавы, і іх капітан — цэнтральны абаронца Ігар Чарняўскі — ударам галавой адкрыў лік. Пакуль нашы прыходзілі ў сябе, апаненты правялі прарыў на іншым флангу. Форвард Яўген Лебедзеў абыграў апекуна і з блізкай адлегласці адправіў мяч ў сетку — 0:2.

Кубак рэгіёнаў беларусі па футболе. ФСК «Паставы» – ФК «Міёры» – 2:5

Тут жа наша каманда ледзь не адыгралася. На жаль, убойны стрэл са штрафнога ў выкананні Кірыла Каралёнка адбіла штанга, а з паўторным ударам Аляксандра Звяругі на дабіванні справіўся шматвопытны варатар саперніка. Барацьба на полі ўспыхнула з новай сілай. На 21-й хвіліне чарговая атака міёрцаў завяршылася трэцім узяццем нашых варот. Да гонару пастаўчан, яны ў крытычнай сітуацыі не здаліся, змагаліся да канца. Перад перапынкам розніцу ў ліку ледзь не скараціў Герман Чалей, але пасля яго стрэлу мяч праляцеў побач са штангай. У другім тайме сапернік крыху супакоіўся, а нашы паспрабавалі адыграцца.

Пасля гадзіны барацьбы з трэцяй спробы запасны атакуючы паўабаронца пастаўчан Андрэй Вілейта з ювелірнай перадачы Германа Чаляя дабіўся свайго — 1:3. Аднак у той дзень спартыўнае шчасце было на баку больш моцнай каманды. Былы распасоўшчык БАТЭ Філіп Рудзік з невідавочнага пенальці зноў павялічыў лік на табло. У канцоўцы каманды абмяняліся ўзяццем варот: спачатку вызначыўся рэзервіст міёрцаў Віталь Смалякоў, а ўжо ў дадатковы час — паўторна Андрэй Вілейта. Нашы саступілі ў фінале. Пад апладысменты стадыёна гульню завяршылі Чашун (к, Мацкевіч), Касенка (Вілейта), Голубеў, Рогач (Хараў), Маршын, Звяруга (Пучынскі), Ясюковіч (Кундра), Каралёнак, Жылевіч (Пурлан), Камісарчук, Чалей.

Кубак рэгіёнаў беларусі па футболе. ФСК «Паставы» – ФК «Міёры» – 2:5

Восенню міёрцы прадоўжаць барацьбу ўжо за адпаведны рэспубліканскі трафей. Аднак для пастаўскай маладой каманды выхад у абласны фінал — значны поспех. У мінулую нядзелю аднавілася барацьба ў нашай групе «А». Вынікі двух сустрэч наступныя: «Ураджай» (Віцебскі раён) — ФК «Сянно» — 2:5, «Газавік» (Віцебск) — «Гарадоцкія львы» — 3:1. У чэмпіянаце краіны ў 2-й лізе пастаўчан чакаюць у жніўні яшчэ выязныя матчы ў Полацку і Віцебску.

Уладзімір Шык



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.