Кубак рэгіёнаў Беларусі па футболе. 1/2 фіналу. «Дарожнік» (Орша)–ФСК «Паставы» – 1:1 (па пенальці – 3:4)

Спорт и туризм

Кубак рэгіёнаў Беларусі па футболе

Нашы – у фінале!

1/2 фіналу. «Дарожнік» (Орша)–ФСК «Паставы» – 1:1 (па пенальці – 3:4)

Паўфінальная серыя абласнога кубкавага турніру расцягнулася на два дні. Першы фіналіст выявіўся ў мінулую суботу ў Міёрах. Там мясцовая каманда — дзеючы ўладальнік Кубка вобласці — без праблем з лікам 4:2 выйграла ў «Гарадоцкіх ільвоў».

Лёс другой пуцёўкі вырашыўся на наступны дзень на аршанскім стадыёне «Лакаматыў». Кубкавая сустрэча пастаўчан з аршанцамі атрымалася напружанай і складанай для абедзвюх каманд, бо праходзіла пад дажджом. У такіх умовах кошт памылкі альбо абрэзкі мяча пры перадачы рэзка ўзрастаў. Першымі на 10-й хвіліне маглі вызначыцца нашы, але пасля стрэла Германа Чаляя мяч трапіў у штангу. Да перапынку сапернік таксама не рэалізаваў востры момант.

Кубак рэгіёнаў Беларусі па футболе. 1/2 фіналу. «Дарожнік» (Орша)–ФСК «Паставы» – 1:1 (па пенальці – 3:4)

У другім тайме пастаўчане прыбавілі, сталі часцей валодаць мячом. Аднак на 52-й хвіліне бамбардзір аршанцаў Данііл Сянчыла трапным ударам з-за межаў штрафной пляцоўкі адкрыў лік — 1:0. Няўдача не збіла нашых з гульнявога рытму. Яны «заперлі» саперніка на яго палове поля, абрушылі град атак, падалі некалькі небяспечных вуглавых. У выніку на 72-й хвіліне пасля выверанага паса Уладзіміра Камісарчука цэнтральны нападаючы Герман Чалей стрэлам з развароту аднавіў раўнавагу — 1:1.

Па рэгламенце сёлета дадатковы час не прызначаўся і наймацнейшага вызначыла серыя пенальці. Сапраўдным героем у ёй стаў наш запасны варатар Андрэй Чашун, які адбіў першы ўдар саперніка. Перад гэтым пастаўчане стрэлілі ў перакладзіну. На шчасце, далей Раман Мядзведзеў, Герман Чалей, Аляксандр Звяруга і Максім Голубеў з 11-метровай кропкі прабілі бездакорна. Заключны ўдар аршанца зноў парыраваў А. Чашун і вывеў ФСК «Паставы» ў фінал Кубка Віцебскай вобласці. Дзе і калі наша каманда пазмагаецца з міёрцамі за трафей, хутка даведаемся, а ў Оршы поспеху дабіліся Бяляўцаў (Чашун), Касенка (Мядзведзеў), Рогач, Голубеў (к), Маршын, Ясюковіч (Зелянкевіч), Звяруга, Каралёнак, Жылевіч (Вілейта), Камісарчук, Чалей.

Уладзімір Шык
Фота Антона Чаляя



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.